Скандалы
Мікола Бугай, «Наша нiва»

«Наша Ніва» з інфармацыяй пра «Хроснага бацьку» два дні не паступае ў продаж (абноўлена)

Ад самага ранку «Нашу Ніву» бамбардуюць чытачы. Газеты няма ў продажы: у чым прычына? № 25 «НН» расказваў пра сітуацыю з Мытным саюзам, фільм НТВ і рэакцыю на яго беларускіх уладаў.

Трансляцыю стужкі ў Беларусі перакрылі. Аднак весткі пра яго выклікала вялікую цікавасць сярод насельніцтва. На інтэрнэт-сайтах, у тым ліку і NN.By, якія далі інфу пра гэта, артыкулы сталі самымі чытанымі матэрыяламі за апошнія 30 дзён. Ролік фільма на Ю-Т’юбе сабраў 118 000 праглядаў па стане на 18.30 чацвярга.

Звычайна «НН» паступае ў продаж у Мінску ў сераду ў абед, у рэгіёнах — у чацвер ад ранку. Ані ў сераду, ані ў чацвер газета ў кіёсках не паявілася. Хоць у сераду газета выйшла з друкарні звычайным парадкам, а 8.00. І падпісчыкам прыйшла, як звыкла.

У «Белсаюздруку» нам адказалі: «Нічога не ведаем, на наш аптовы склад газета паступіла».

Мы прачакалі да вечара. Аднак і пасля абеду газета так і не паявілася ў продажы. Для праверкі мы самі аб’ехалі кіёскі ў розных раёнах Мінска: на Юбілейнай плошчы, у раёне метро «Пушкінская», на плошчы Якуба Коласа, вуліцы Казлова, насупраць Акадэміі міліцыі, у раёне БНТУ. «Усе астатнія газеты прыйшлі, як звычайна, а «Нашай Нівы» чагосьці няма», — разводзілі рукамі кіяскёркі.

У адным з кіёскаў у Кунцаўшчыне кіяскёрка адказала, што «вы не першы пытаецеся. Не, няма. Нам кіраўніцтва сказала, што гэты нумар не выйдзе».

У аддзеле рознічных продажаў «Белсаюздрук» а 17.00 адказвалі ранейшае: «Нумар паступіў у сетку». Ніякіх больш тлумачэнняў мы не атрымалі. Па стане на вечар чацвярга газета не з’явілася ў продажы і ў Гомелі, Брэсце (апытаныя 6 кіёскаў, дзе газета бывае заўжды), Лідзе, Салігорску, Барысаве, Белаазерску. Цікавая дэталь: у Магілёве нашы кар. знайшлі газету толькі ў адным кіёску. У астатніх ім адказвалі, што «не паступіла, хоць і павінна была». Тое самае ў Гродне: нашы кар. выявілі, што газета паступала толькі ў адзін шапік на Касманаўтаў і цалкам прадалася, але яе не было ў шасці іншых апытаных шапіках, дзе яна звычайна прадаецца.

Па стане на 19.30 вечара ў Мінску мы таксама знайшлі два шапікі ў раёне Нямігі, дзе газета пабывала ў продажы і як быццам бы цалкам прадалася. У іншых 32-х апытаных кіёсках газета не паступала.

Калі б адбыўся тэхнічны збой, у працэсе дастаўкі, газета мела б з’явіцца ў продажы са спазненнем максімум на паўдня, з наступнай экспедыцыяй. Аднак на гэты момант прайшло ўжо паўтара сутак, а газеты ў продажы няма. Таксама немагчыма вытлумачыць паступленне газеты ў асобныя кіёскі і яе адсутнасць у абсалютнай большасці, пры тым што прадукцыю развозіць адзін экспедыцыйны аўтамабіль.

У Мінску газета звычайна прадаецца ва ўсіх кіёсках, без выключэння.

За мінулыя два гады быў толькі адзін выпадак, калі газета ў абласных цэнтрах з’явілася ў продажы ў пятніцу, а не ў чацвер. І не было ніводнага выпадку, калі газета не з’яўлялася ў продажу ў Мінску ў чацвер.

***

Аляксандар Старыкевіч

Раніцай 9 ліпеня “НН” звярнулася да чытачоў з просьбай: хто не знайшоў газету ў кіёсках, тэлефануйце ў «Белсаюздрук»

РУП «Белсаюздрук» (Мінск) 227-25-42

РУП «Мінаблсаюздрук» (Мінская вобласць) 237-33-67

РУП «Брэстаблсаюздрук» (0162) 21-98-38

ААТ «Магілёўаблсаюздрук» (0222) 25-73-24

РУП «Віцебскаблсаюздрук» (0212) 36-53-01

РУП «Гомельаблсаюздрук» (0232) 74-35-88

РУП «Гроднааблсаюздрук» (0152) 76-83-00

Патэлефанаваў у “Белсаюздрук”. Жанчына адказала: "Газета пошла в сеть" -- "Як пайшла? Я 5 кіёскаў абышоў на Паўднёвым Захадзе -- нідзе няма" -- "Значит, уже распродана" -- "Кіяскёры кажуць, што свежага нумару "Нашай нівы" на гэтым тыдні не было" -- "Я не могу знать, что говорят киоскеры. Газета пошла в сеть" -- "Але па дарозе згубілася. У продаж яна не трапіла." -- "Я вам говорю информацию, которая у меня есть: газета пошла в сеть..."

Размова атрымалася нібы з робатам-аўтаадказчыкам. Але тэлефанаваць ўсё адно варта.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)