Скандалы
Марыя Малевiч, «Народная воля»

Міхаіл Цыган браў хабар... каўбасою і памперсамі?

У Мінскім абласным судзе вядуцца слуханні па крымінальнай справе ў дачыненні да былога кіраўніка адміністрацыі Кастрычніцкага раёна сталіцы Міхаіла Цыгана.

У зале чыноўнік трымаўся спакойна, заявіў, што не прызнае сябе вінаватым і будзе даваць паказанні толькі пасля таго, як будуць дапытаны пацярпелыя.

Абвінавачваюць Цыгана па некалькіх артыкулах Крымінальнага кодэкса: атрыманне хабару, крадзеж шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі, перавышэнне ўлады і службовых паўнамоцтваў, а таксама незаконныя дзеянні ў дачыненні агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў.

Як прагучала ў судзе, Міхаіл Цыган пагаджаўся на любую «падзяку» за сваю дапамогу. Ён не грэбаваў нават самымі простымі і таннымі рэчамі. Цыган атрымліваў хабар каўбасою, памперсамі і бензінам. У якасці падарункаў ён прымаў алкаголь і магчымасць наведваць саўну.

Акрамя гэтага, Цыган не мог перажыць, калі ў яго падначаленых большая прэмія, чым у яго. Для таго, каб завалодаць грашыма, ён перыядычна збіраў з чыноўнікаў выдаткі на розныя мэты, а насамрэч — для сябе.

Для таго, каб агучыць усе абвінавачванні, спатрэбілася каля гадзіны, дзяржабвінаваўца нават папрасіў дзесяціхвілінны перапынак.

Пасля гэтага Цыган даволі рэзка выказаўся ў дачыненні да суда. Справа ў тым, што некалькі разоў у яго прозвішчы пераблыталі націск і назвалі яго ЦыгАнам. Рэакцыя з боку падсуднага была нехарактэрнай для чалавека, які выслухвае абвінавачванні супраць сябе на лаве падсудных.

«Мянушку мне далі?! — абурыўся былы кіраўнік Кастрычніцкага раёна. — Ці ў судзе так прынята?!»

Разам з Цыганам па справе праходзіць 73-гадовая пенсіянерка, якую абвінавачваюць у тым, што яна давала хабар Цыгану. Пры гэтым пенсіянерка адмаўляецца ад гэтага і кажа, што бутэлька каньяку і 100 долараў — падарунак чыноўніку на дзень нараджэння...

«Народная Воля» будзе сачыць за развіццём падзей у судзе па справе М.Цыгана.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)