Филин

Сяргей Васілеўскі

Мілінкевіч: «Нам трэба больш аптымізму і веры, не енчыць і не скардзіцца»

Экс-кандыдат у прэзідэнты Аляксандр Мілінкевіч у інтэрв’ю Филину разважае пра чарговага беларускага Нобеля і пра шанец Беларусі вярнуцца ў еўрапейскую сям’ю.

— Нобелеўскую прэмію міру атрымаў беларускі праваабаронца Алесь Бяляцкі. Наколькі важна сёння нам, беларусам, прэмія міру ў момант, калі Беларусь фактычна балансуе на мяжы вайны?

— Шчыра скажу, калі гэтую навіну пачуў, то так усцешыўся, такая радасць была, што слёзы цяклі. Перш за ўсё — Алесь Бяляцкі даўно заслугоўвае гэтую прэмію персанальна. Ён бясспрэчны лідар беларускіх праваабаронцаў. Абсалютны маральны аўтарытэт. Алесь столькі зрабіў, каб у Беларусі была свабода, незалежнасць, выконваліся правы чалавека.

Высокая ўзнагарода — яго асабістае, вялізнае дасягненне. Разам з тым, гэта прэмія ўсім праваабаронцам Беларусі — супольнасці цудоўных і годных людзей. Многія з іх зараз сядзяць у турме за тое, што дапамагалі людзям, якіх незаконна пераследаваў рэжым, баранілі ў судах, дапамагалі іх сем’ям.

Гэта ўзнагарода ўсёй дэмакратычнай Беларусі. Не дзяржаве, якая праводзіць палітыку татальнага пераследу іншадумства і з’яўляецца саюзнікам Пуціна ў яго агрэсіі супраць Украіны.

Алесь Бяляцкі выбітны прадстаўнік вольнай Беларусі, якая не скарылася і адстойвае наша права жыць у праўдзе і свабодзе, нягледзячы на фактычна падвойную акупацыю краіны.

Гэта прэмія з надзеяй на будучыню. Сігнал беларусам — цывілізаваны свет верыць у тое, што мы далучымся, а лепей сказаць, вернемся ў еўрапейскую сям’ю і будзем дэмакратычнай, незалежнай, еўрапейскай і беларускай Беларуссю.

Для мяне — гэта так. Я цёпла віншую Алеся і ўсіх нас.

Гэта сапраўды гістарычная падзея. 

— Цяпер да сумных падзеяў. Скандал вакол Чырвонага касцёла ў Мінску выглядае працягам антыпольскай кампаніі, што разгарнулася ў апошнія месяцы. Прыгадаем і разбурэнне магілаў жаўнераў Арміі Краёвай, і закрыццё польскіх школаў, і атаку на апальны Саюз палякаў.

Ёсць меркаванне, што гэтая кампанія грунтуецца на асабістай непрыязнасці Лукашэнкі да Польшчы. Адкуль гэтая нелюбоў і што можна сказаць пра беларусаў агулам — ці ўласцівыя нам антыпольскія настроі? Ксенафобія агулам?

— Карані Мілінкевічаў з Берштаў, што ў пушчы на мяжы з Літвой. Хоць я нарадзіўся ў Гародні, але менавіта там, у дзеда з бабуляй праводзіў значны час свайго дзяцінства. Дык вось, калі б хтосьці ў нашай вёсцы нават нешта скраў з могілак, я ўжо не кажу пра тое, каб разбурыў, гэтаму чалавеку ўжо не было б жыцця сярод тутэйшых. І гэта не адныя мае Бершты такія, так было здаўна па ўсёй Беларусі.

Калі людзі кажуць «вечны супакой» — гэта ж не проста словы. Яны нясуць у сабе глыбокі, надзвычай сімвалічныя сэнс. Лічыцца, калі чалавека не стала, не істотна — гэта ваш блізкі ці далёкі чалавек, сваяк ці чужы, нават вораг — магілу кранаць нельга. Гэта свяшчэннае права нябожчыка на супакой, бо такі запавет у нас ад продкаў.

І тое, што ўлада сёння вырабляе, гаворыць адно — яна не нашага роду, яна чужынская. Так робяць прышлыя людзі, якія помсцяць гісторыі, якая ім не да спадобы, бо не імперская. Яны хочуць знішчыць нашу памяць, нашу культуру і традыцыю. Гэтым ужо займаліся бальшавікі і нічога не выйшла.

Армія ідэолагаў Лукашэнкі гадамі распрацоўвала ідэалогію яго аўтарытарнага праўлення, вынік — нулявы. Як няма свайго, пазычаем у «старэйшага брата» яго шавіністычную, імперскую ідэю з нянавісцю і мілітарызмам. Ізноў не пройдзе, бо беларусы, на шчасце, не хварэюць на імперскасць, у адрозненні ад усходніх суседзяў, і заваёўваць іншыя народы аніяк не хочуць.

А Пуціну і Лукашэнку, як дыктатарам, натуральна стала патрэбны вораг. Вораг вонкавы, вораг унутраны. Каб пераключыць увагу з жыццёвых праблем, аб’яднаць «народзец». І хто мае быць гэтым ворагам як не Польшча і мясцовыя палякі-каталікі? Гэта цягнецца з даўніх часоў, ужо гадоў так з пяцьсот таму, калі ворагамі для Крамля было то Вялікае Княства Літоўскае, то Рэч Паспалітая.

Антыпольская палітыка рэалізоўвалася і ў царскія часы, і на пачатку савецкай эпохі. Трохі прыціхла варожасць у пасляваенны час, бо заходняя суседка наша была фактычна акупаваная савецкай арміяй.

Чаму Польшча такая ненавісная Лукашэнку? Бо яна сёння галоўны абаронца нашай незалежнасці, нашай дэмакратыі, правоў чалавека. Польшча мае мноства праграмаў для таго, каб беларусы мелі шанец стаць вольнымі. І Праграма Каліноўскага, і «Белс*т», і мноства беларускіх журналістаў, якія вымушаны адсюль працаваць.

Ненавісная і таму, што як і ў даўнія часы гатовая адствойваць нашыя правы, змагацца за нашу і вашу свабоду.

Гэта і даўнія традыцыі супольнага змагання за годнае жыццё, і разуменне таго, што без незалежнай і вольнай Беларусі не будзе спакою і бяспекі Польшчы. Салідарнасць вельмі натуральная для палякаў, яна — прынцып іх сучаснай гісторыі.

Канечне, вельмі баліць ад навінаў пра чарговую разбураную магілу. Людзі змагаліся з нацызмам, загінулі ад рук акупантаў і вось сёння, у нашы дні, іхнія магілы раўняюць з зямлёй. Але адплата за гэта будзе, і суворая.

— Ці ёсць маральнае права ў беларусаў крытыкаваць, асуджаць расейцаў, якія бягуць ад мабілізацыі? Тым больш, што многія з нас вымушана апынуліся за межамі радзімы.

— Калі я ацэньваю мігрантаў, і беларусаў, і расейцаў, у першую чаргу хацеў бы пачуць ад іх, ці насамрэч яны падзяляюць каштоўнасці краінаў, у якія яны прыязджаюць. Зараз я кажу перш за ўсё пра заходнія краіны.

Нямала ёсць і беларусаў, і расейцаў, якія пераязджаюць на Захад і пачынаюць хаіць тамтэйшую сістэму, падтрымліваць Пуціна. Вось такім людзям, я лічу, не месца на Захадзе. Калі не падзяляеш мясцовыя каштоўнасці, вяртайся ў сваю краіну, дзе табе падабаецца, і жыві там.

Калі чалавек не падзяляе нялюдскую філасофію Пуціна, якая сёння ўсё бліжэй да фашысцкай, калі ён адстойвае права на свабоду, то, канечне, яму трэба даць такую магчымасць. Вельмі важна памятаць, што ёсць і іншая антыпуцінаўская Расія, сёння нешматлікая, але ёсць.

Ёсць людзі, якія дзесяцігоддзямі змагаліся за права Расіі абраць еўрапейскі шлях. Сёння яны асабліва патрабуюць падтрымкі. Таму я лічу, што мы не мусім ацэньваць усіх агулам, патрэбны дыферэнцыяваны падыход.

Чалавек, які падзяляе дэмакратычныя каштоўнасці, натуральна, мае права выехаць у дэмакратычную краіну, каб не трапіць пад рэпрэссіі.

— Ёсць адчуванне, што сённяшняя Беларусь імкліва вяртаецца ў савецкае мінулае. Школьнікаў і студэнтаў «мабілізуюць» у палі збіраць ураджай, рост цэнаў у крамах спыняюць загадам.

Гісторыя даказала нежыццяздольнасць падобных практык, але мы да іх усё адно вяртаемся. Як вы лічыце, гэта рух па коле, ці мы набліжаемся да тупіка і далей нас чакае ўсё ж новая гісторыя?

— Беларусь таксама розная. Ёсць прыхільнікі Лукашэнкі, іх значная меншасць. Ёсць тыя, хто хоча, каб Беларусь была вольнай, незалежнай. А ёсць людзі абыякавыя, якія дагэтуль не вызначыліся.

Але большасць беларусаў, напэўна, супраць таго, каб адбывалася мілітарызацыя школы, яе татальная ідэалагізацыя, дык яшчэ і чужынскімі ідэямі. Імперскай ідэалогіі не месца у нашай краіне.

Я прыгадваю мае савецкія часы, калі было гэтулькі прапаганды, ідэалогія была магутная, КДБ, войска з міліцыяй, і магчымасць выехаць за мяжу была вельмі абмежаваная.

Маладым цяжка паверыць — Інтэрнэту не было, хто хацеў ведаць праўду, слухаў па радыё «варожыя галасы». Але ўсё роўна людзі ў большасці сваёй, асабліва ў Заходняй Беларусі, не верылі афіцыёзу. Столькі было анекдотаў, асабліва ў часы Хрушчова, Брэжнева. Смех паказваў, што людзі не жывуць тым, што ім убіваюць у галовы.

Я веру, што і сёння беларусы не паддадуцца. Бо ўжо іншае, лічбавае пакаленне прыйшло — пакаленне сацыяльных сетак. Яно ўжо бачыла свет і нават зараз працягвае ездзіць і цікавіцца, чым ёсць цывілізаваная краіна, якой павінна быць і наша Беларусь.

Пры гэтым, я б так рэзка не асуджаў усіх агулам, хто працуе ў школах і ва ўніверсытэтах, каго сёння рэжым хоча пераўтварыць у алавяных салдацікаў. Я ведаю выкладчыкаў, якія нават зараз, ва ўмовах канвеерных рэпрэсій, працягваюць прышчапляць дзецям любоў да гісторыі, да нашых герояў, да трагічных і гераічных падзеяў, да мовы і культуры.

І сёння нямала настаўнікаў працягваюць фармаваць ідэнтычнасць беларусаў, казаць праўду. Дзякуй ім за грамадзянскую пазіцыю.

Думаю, мы цяпер назіраем агонію двух дыктатарскіх рэжымаў.

Многім страшна і баліць, але гэта часова. Сёняшняе пакаленне беларусаў не прыме нацысцкую, імперскую ідэалогію, бо тое не адпавядае нашаму менталітэту.

— Сёння ўсё часцей даводзіцца чуць пра тое, што Расія відавочна прайграе ў вайне з Украінай. І не проста прайграе, але губляе свой колішні статус, уплыў. Ці ўтрымаецца рэжым Лукашэнкі пасля вайны, калі яна скончыцца паразай для Пуціна? Бо ёсць меркаванні, што ён можа скарыстацца новай сітуацыяй на сваю карысць.

— Я не веру, што зло надоўга затрымаецца. Не ведаю, ці ён сыйдзе адразу ў след за Пуціным, якому нядоўга засталося, ці яшчэ на нейкі час затрымаецца пры новым Пуціне.

Але з такім састарэлым рэжымам, з такім безнадзейным тэрарыстычным спосабам кіравання, без мадэлі будучыні, без ідэі, беларускасці, без нашай гісторыі і культуры ў Лукашэнкі і ягоных адэптаў няма заўтрашняга дня. Ужо сёння ва ўладзе страх большы, чым у простых беларусаў. А што пабудуеш у абдымку са страхам?

Новае адукаванае, праеўрапейскае пакаленне шмат ведае і разумее, яго не падманеш. Я перакананы, што гэтаму рэжыму проста наканавана адыйсці ў нябыт. Хаця б з той нагоды, што Расія будзе мець усё менш шансаў утрымліваць Беларусь, у якой эканоміка будзе ўсё больш дэградаваць.

Мяне больш турбуе нават не сам адыход Лукашэнкі, бо яму, паўтаруся, наканавана сыйсці, прычым ганебна. Я думаю пра тое, як няпроста нам будзе будаваць новую Беларусь, з якога стану краіна будзе стартаваць у чарговую Перабудову.

Мусім думаць кожны дзень, што мы запрапануем людзям, якія мадэлі перамен, якія праграмы. Чым пераканаем суайчыннікаў, што менавіта прабеларускія людзі і дэмакраты павінны перамагчы на першых вольных выбарах, а не папулісты.

Гэта наша галоўная мэта, мы сёння мусім будаваць вобраз будучыні і пераконваць маладзейшых, асвечаных людзей, што мы можам зрабіць рэформы, не горш за Эстонію і Польшчу, што ў нас каласальны патэнцыял. Самы розны — працавітыя людзі, геапалітычнае становішча, інфраструктура, традыцыі, адукаванасць.

І мы маем вялікія шансы правесці хуткія эфектыўныя, не занадта балючыя рэформы. І ёсць тыя, хто ведае, як гэта зрабіць, ёсць распрацаваныя праграмы па накірунках.

Нам вельмі важна дадаваць нашым людзям аптымізм. Каб наступіла дэмактарыя і прыйшоў дабрабыт, недастаткова аднаго сыходу рэжыму. Трэба яшчэ пайсці добрай дарогай, па прыкладзе суседзяў. Да гэтага мы павінны рыхтаваць людзей. І больш аптымізму і веры, не енчыць і не скардзіцца.

Бо людзей, якія не вылучаюць аптымізм, не падтрымліваюць. А падтрымліваюць тых, хто прапуе добры бізнэс-план уладкавання новай Беларусі, аптымістычных падтрымліваюць. І таму нам трэба набірацца веры ў сябе, не гледзячы ні на што. Ні на турмы, ні на эміграцыю.

Мы вартыя таго людзі. І прэмія Алесю Бяляцкаму — гэта яшчэ адна дэманстрацыя таго, што свет у нас верыць.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.7(18)