Общество

Гары Адамчук

Аліна Стэфановіч: «Гэтыя ўзнагароды ўсім праваабаронцам і ўсяму беларускаму народу, які зрабіў шмат чаго і працягвае гэтую барацьбу»

Жонка палітзняволенага праваабаронцы і віцэ-прэзідэнта Міжнароднай федерацыі за правы чалавека (FIDH) Валянціна Стэфановіча – пра міжнародную ўвагу і спадзевы на пазітыўныя змены.

Аліна Стэфановіч

– Ці ведае Валянцін пра Нобеля Алеся Беляцкага?

– Мы даслалі яму тэлеграму, таму, спадзяюся, што, калі яе перадалі, а можа, і не адну, тады ён ведае. Наколькі мне вядома, Алесю таксама дасылалі шмат тэлеграмаў, прынамсі, людзі, якія хадзілі на пошту і пачыналі дыктаваць, казалі, што пасля слова «віншуем» паштарка сама працягвала «з Нобелем!»

Таму, відавочна, што гэта была не першая тэлеграма. Хутчэй за ўсё, Алеся там зусім імі закідалі.

Сёння я таксама напішу Валянціну ліст і буду пра гэта ўсё пераказваць. То бок, праз тыдзень, калі ён мне адкажа, мы ўжо будзем ведаць ягоную рэакцыю. Толькі калі адвакат раней не сходзіць і не прынясе якія-небудзь навіны.

– Пасля свайго мінулага вызвалення Алесь Бяляцкі казаў  «Салідарнасці», што «прыцягненне ўвагі да чалавека, які знаходзіцца за кратамі, адназначна надае яму большую бяспеку».

Ці гэта так дагэтуль або зараз сітуацыя змянілася і рэжым на гэта не звяртае ўвагі?

Змянілася ў Беларусі, вядома, шмат чаго. Але ж у сярэднетэрміновай перспектыве гэта вельмі важна і гэта надае больш шанцаў выйсці з турмы раней, хаця, па гэтаму новаму абвінавачванню, ім і свеціць ад сямі да дванаццаці гадоў.

Тым не менш, у нас ёсць спадзевы, што такая міжнародная ўвага і такі міжнародны ціск, сапраўды, прывядуць да нейкіх пазітыўных зменаў у тым, што адбываецца.

– Літаральна тыдзень таму беларускіх праваабаронцаў узнагародзілі прэміяй, заснаванай фондам Джорджа і Амаль Клуні, – The Albie Awards 2022, а сёння Алесь Бяляцкі атрымаў Нобелеўскую прэмію міру. Пра што сведчыць такая ўвага да беларускіх праваабаронцаў?

– Я думаю, што, з аднаго боку, гэта і шматгадовая праца «Вясны» і, ў тым ліку, Алеся Бяляцкага, а з іншага боку, гэтыя ўзнагароды ўсім праваабаронцам і ўсяму беларускаму народу, які зрабіў шмат чаго і працягвае гэтую барацьбу.

Беларусы не сціхаюць у сваіх памкненнях змяніць сітуацыю і, напэўна, свет такім чынам паказвае ім, што ён іх бачыць і бачыць іхняе змаганне.

Цырымонія The Albie Awards 2022, Аліна Стэфановіч — у цэнтры. Фота: accessonline.com

– Ці адчувае гэтую падтрымку Валянцін? Наогул, як часта апошнім часам ён атрымлівае лісты?

– Наколькі я разумею, лісты ад сяброў і калегаў зараз праходзяць вельмі рэдка. Ад сям’і лісты ідуць больш-менш нармальна. Было некалькі выпадкаў, калі нейкі ліст не дайшоў, таму што там Валянцін апісваў усе паседжанні, дзе падаваліся скаргі на адвольнае затрыманне з усімі датамі і вынікамі.

Відаць, улады так моцна хочуць схаваць такую інфармацыю, што падобныя лісты таксама даходзяць вельмі цяжка. То бок я ўжо потым даведваюся, што Валянцін штосьці пісаў, але ліста не было.

Валянцін Стэфановіч

І яшчэ я хачу дадаць, што, з аднаго боку, новае абвінавачванне не дадае аптымізму, а, з іншага боку, ўсе апошнія лісты Валянціна прасякнуты гонарам за сваю працу і за свае дасягненні ў справе абароны правоў і дапамогі людзям.

Ён пісаў, што, можа быць, улады іх лічаць крымінальнікамі або кантрабандыстамі, але ён ганарыцца тым, што сядзіць за тое, што дапамагаў людзям.

Гэта тая самая справа, якой можна ганарыцца, і, сапраўды, ён ведае, што людзі цэняць яго працу менавіта за гэта.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(9)