Жизнь (не)обыкновенного белоруса
Таццяна Гусева

«Прыйдзе час, і на акцыі ў абарону нашых правоў выйдуць мільёны»

Кіраўнік праваабарончага цэнтра «Вясна», былы палітвязень Алесь Бяляцкі ў межах праекта «Жыццё (не)звычайнага беларуса»  распавёў пра тое, чаму скептычна ставіўся да сваіх шанцаў атрымаць Нобелеўскую прэмію, да чаго прывядзе распачатая кампанія супраць «дармаедаў», і які сцэнар можа быць разыграны ўладамі на прэзідэнцкіх выбарах.

Другая частка інтэрв'ю. Першую чытайце тут

— Спадар Алесь, на вашую думку, што дапамагло «Вясне» захавацца пасля таго, як вы апынуліся за кратамі?

— У «Вясне» дастаткова людзей, якія ўмеюць самастойна мысліць і дзейнічаць. У іх ёсць унутраная матывацыя займацца абаронай правоў чалавека. Таму «Вясна» працягвала актыўна працаваць і без мяне.

— Што вы лічыце галоўным дасягненнем «Вясны» за ўсе гады існавання арганізацыі?

— У 1999-м годзе па нашай ініцыятыве быў адменены смяротны прысуд, і чалавек, якога павінны былі расстраляць, застаўся жывы. Гэта, на маю думку, адно з галоўных нашых дасягненняў. Мы ў прамым сэнсе выратавалі чалавеку жыццё.

— Ці змянілася стаўленне да вас адміністрацыі калоніі, калі з'явілася інфармацыя пра вашае вылучэнне на Нобелеўскую прэмію?

— Я думаю, што не толькі гэтая падзея паўплывала на маё жыццё там.Крымінальная справа супраць мяне мела шырокі розгалас і выклікала вялікую салідарнаць з боку грамадскасці ў Беларусі ды міжнародных арганізацый. Гэта ў пэўнай ступені адыграла абарончую ролю, можа быць, і галоўную. Прыцягненне ўвагі да чалавека, які знаходзіцца за кратамі, адназначна надае яму большую бяспеку.

Таму вельмі важна, каб сённяшнія палітычныя зняволеныя ўвесь час знаходзіліся ў фокусе ўвагі журналістаў, праваабарончых арганізацый, беларускай і міжнароднай грамадскасці.

На працягу апошніх месяцаў я шмат ездзіў за мяжу і заўсёды казаў: «Мяне выпусцілі, і гэта вельмі добра. Дзякуй вам! Але ў нас яшчэ сядзяць у турмах палітзняволеныя, і не трэба пра іх забываць. Трэба дабіцца, каб Беларусь стала краінай без палітычных зняволеных».

— Хто з беларусаў, на вашую думку, варты Нобелеўскай прэміі?

Нобелеўская прэмія не даецца аднаму чалавеку, яна даецца нейкай вялікай падзеі ці нейкаму вялікаму пытанню, праблеме ў якой чалавек заангажаваны.

Чаму я дастаткова скептычна ставіўся да сваіх шанцаў? Які б я ні быў цудоўны, што б я ні рабіў, я сам яе не атрымаю. Такую прэмію мусіць заслужыць увесь беларускі народ. А хто яе атрымае гэта ўжо не так важна.

Рэальныя шанцы мае Святлана Алексіевіч. Вельмі спадзяюся, што яна яе атрымае. Яе кнігі папулярныя ў Еўропе. І тое, пра што яна піша, сапраўды цікава ўсяму свету.

— Вашая кніга «Асвечаныя беларушчынай» дагэтуль забароненая да ўвозу ў краіну?

— Так. Але апроч тых асобнікаў, якія затрыманыя (40 экземпляраў), увесь наклад ужо даўно разышоўся ў Беларусі.

— А вы не думалі пра тое, каб сысці з праваабарончай дзейнасці ў ліітаратуру?

— Сітуацыя з правамі чалавека ў краіне кепская. Мы робім надзвычай  важную і патрэбную справу, і проста сыходзіць з абароны правоў, было б няправільна.

Адзінае, чаго мне хацелася, выйшаўшы з турмы (там я багата пісаў), не закінуць гэты занятак і працягваць пісаць. Трэба так скласці свойграфік, каб хапала часу на ўсё. Пакуль што не атрымліваецца. Ізноў праваабарона забірае амаль увесь час.

— Раней вы бегалі ў купалаўскім скверы. Ці знаходзіце час на прабежкі сёння?

— Цяпер буду па парку з палкамі хадзіць — палохаць качак. Вырашылі з жонкай заняцца скандынаўскай хадой.

— Калісьці вы прыводзілі словы Лукашэнкі пра тое, што ён разумее правы чалавека выключна як права на працу і права размаўляць на кухні з жонкай.  Нядаўна кіраўнік дзяржавы распачаў кампанію супраць «дармаедаў». Ці варта, на вашую думку, абараняць правы людзей, якія не працуюць?

— Мне гэтыя падзеі нагадваюць кампанейшчыну андропаўскіх часоў, калі ў сярэдзіне 80-х выйшла пастанова ЦК пра барацьбу з дармаедамі. Па Менску бегалі актывісты, якія спрабавалі вылаўліваць людзей у крамах, кінатэатрах, і тыя мусілі тлумачыць, чаму яны днём пайшлі у кіно, а не працуюць каля станка. Чым гэта скончылася, вядома. Эканоміка ляснулася.

Мне падаецца, што, распачаўшы кампанію па барацьбе з дармаедамі, улады імкнуцца адцягнуць увагу ад сапраўдных праблем у эканоміцы. Ці ж гэтая барацьба істотна палепшыць эканамічную сітуацыю ў краіне. Ды ніколі! Больш грошай і намаганняў патраціцца на гэтую кампанію, і вынік яе будзе мізэрны.

У беларускай Канстытуцыі запісана, што працаваць — гэта тваё права. Ты можаш жыць на тры капейкі, не працаваць і быць шчаслівым.  А можаш пахаць, як вол, быць багатым і забяспечаным і таксама шчаслівым, ці наадварот. Урэшце, у праве выбару ладу жыцця і заключаецца свабода чалавека. Галоўнае правіла, урэшце, як і ў турме: жыві сам і дай жыць іншым.

— Як змяніліся Беларусь і беларусы за той час, пакуль вы былі ў зняволенні?

На гэта час прыпалі дзве дэвальвацыі рубля, якія моцна страсянулі эканоміку і закранулі жыццё кожнага чалавека.  Падчас апошняга абясцэньвання ўлады наступілі на тыя самыя граблі,  якія стукнулі па ўсіх беларусах: ізноў залезлі ў кішэню кожнаму і дасталі адну траціну заробку. Проста так, без ніякай адказнасці перад людзьмі. Гэта прамы вынік геапалітычных пагадненняў, якія Лукашэнка ўпарта прабівае з Расіяй на працягу апошніх 20 гадоў. І за гэта сёння павінен заплаціць кожны.

Нашы людзі найбольш востра рэагуюць на эканамічную нестабільнасць. Хаця многія не задумваюцца, якім чынам грамадскае, палітычнае жыццё звязана з эканомікай. Уладам гэта заўсёды было выгадна, каб чалавек займаўся сваімі прыватнымі справамі і не лез у грамадскае жыццё ці ў палітыку. На жаль, беларусы з гэтым пагадзіліся. Будзем спадзявацца, людзі ўрэшце зразумеюць, што палітычнае жыццё ў краіне звязана звязана з дабрабытам кожнага чалавека.

— Як вы думаеце, які сцэнар можа быць разыграны ўладамі на прэзідэнцкіх выбарах?

— Я думаю, што яны будуць праводзіць выбары па старых лекалах. Не сумняюся, што выбары будуць сфальсіфікаваныя. Напішуць тыя ж 80 працэнтаў з давескам — і ўсё.

Гэта кампанія, якую праводзяць улады строга па іхнім сцэнары.

— Калі вы апошні раз адчувалі сябе шчаслівым?

— Гэта пытанне філасофскае. (Смяецца). Я чалавек пазітыўны. Мне падабаецца жыць. Хутчэй за ўсё, гэта і ёсць шчасце.

— Хачу задаць вам пытанне, якое задавала вашай жонцы Наталлі, калі вы былі ў зняволенні.  Вы пражылі з жонкай шмат гадоў разам. Як у вас атрымалася захаваць адносіны?

— У нас вялікае ўзаемаразуменне. Наталля разумее, чым я займаюся і падтрымлівае мяне. Не ўзнікае пытанняў, а чаму ты часта ў паездках, чаму ты ўвесь час думаеш пра працу. Ці чаму ты сеў у турму, а не з’ехаў за мяжу.Мы цікавыя адзін аднаму.

1987 год. Алесь Бяляцкі бярэ шлюб з Наталляй Пінчук

21 чэрвеня 2014-га Алеся Бяляцкага сустракалі ў Мінску пасля вызвалення з бабруйскай калоніі па амністыі. Жонка Бяляцкага Наталля Пінчук побач з мужам, трымае яго за руку). Фота Grigori Sapejinski/RFI

Мая жонка нераўнадушная да таго, што адбываецца ў нас у краіне. І калі б у кожнай сям'і было па адным актывісце, а іхнія блізкіяі ім дапамагалі...  Тады б у нас на акцыі, у падтрымку грамадскіх кампаніяў, у абарону нашых правоў выходзіла б не 2-3 тысячы чалавек, а мільён ці два. Я перакананы, што ўрэшце так і будзе. Усё залежыць ад нас.

«Салідарнасць» працягвае праект «Жыццё (не)звычайнага беларуса». Чакаем вашых прапаноў і запрашэнняў у госці на кухонныя пасядзелкі на gazettaby@gmail.com

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)