Скандалы

Міліцыя супраць вампіраў і мумій

Святкаваньне Хэлоўіна ў Менску скончылася затрыманьнямі. Міліцыя заявіла, што ўдзельнікі флэш-мобу нагадваюць злачынцаў.

Як паведаміла ”Наша нiва”, моладзь сабралася 31 кастрычніка а 19.00 у ЦУМе ля аддзелу канцтавараў, адкуль і мусіў пачацца флэш-моб. Акцыя ня мела палітычнай афарбоўкі. Яе ўдзельнікі плянавалі апрануцца ў сьвяточныя строі і павіншаваць менчукоў са сьвятам, як яны рабілі гэта ў мінулыя гады. Строі былі адпаведныя характару сьвята: моладзь плянавала апрануцца муміямі, дзеля чаго панабірала з сабою бінтоў.

Хвілінаў праз дваццаць, калі сьвяткавальнікі, чалавек 15—20, пачалі інтэнсіўна абмотваць сябе бінтамі і наносіць на іх “крывавыя” плямы, у ЦУМ зайшлі міліцыянты. Удзельнікам флэш-мобу было паведамлена, што яны “нагадваюць злачынцаў”.

Міліцыя затрымала пяць чалавек: Юрася Шаліна, Андрэя Кіма, Валянціна Сакалоўскага, Тацьцяну Лашкарову. І зь імі карэспандэнта “НН” — за тое, што “рабіў фотаздымкі міліцыянтаў без дазволу”.

Затрыманых адвезьлі ў Савецкі РАУС (вул.Якуба Коласа). На удзельнікаў маскараду склалі пратаколы за дробнае хуліганства: “у ЦУМе разматвалі бінты, перамазаныя чырвонай фарбай, і раскладалі іх на прылавак, на заўвагі прадаўцоў не рэагавалі”.

Затрыманыя катэгарычна аспрэчвалі пратаколы. Маўляў, падчас флэш-мобу яны наадварот, абмотваліся бінтамі і малявалі на сабе грым. Паводле іх словаў, прадаўцы ЦУМу далі ім дазвол падрыхтавацца да маскараду. Яны зьбіраюцца пісаць скаргу на імя начальніка РАУСу Сяргея Бясьсмертнага на неправамерныя дзеяньні міліцыі.

Ў РАУСе затрыманыя сядзелі ў маскарадных касьцюмах муміяў, і абмяркоўвалі пляны на сьвяточную ноч. Міліцыянты, якія заходзілі ў аддзяленьне, сьмяяліся і вадзілі адзін аднаго паглядзець на “монстраў”.

Затрыманыя хлопцы жартавалі: “У тым годзе ўсе апрануліся, як зомбі, і нікога ня ўзялі. А ў гэтым годзе апрануліся муміямі — і ўсіх арыштавалі. На наступны Хэлоўін лепш ізноўку быць зомбі, так спакайней”.

Праз некаторы час журналіста адпусьцілі. Затрыманыя ж “монстры”, відаць, так спадабаліся міліцыянтам, што іх пакінулі ў РАУСе на ноч. 1 лістапада адміністрацыйная справа будзе разгледжаная ў судзе Савецкага раёну.

У той жа вечар, паводле ”Радыё Свабода”, байцы спэцназу міліцыі выціснулі з Кастрычніцкага пляцу некалькі дзясяткаў чалавек, якія прыйшлі адзначыць Хэлоўін. Спэцназаўцам не спадабаўся зьнешні выгляд маладых людзей, апранутых ведзьмакамі, вампірамі і нячысьцікамі.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)