Скандалы
Сяргей Балай

Лявон Вольскі рыхтуе АНТ «пастыднае судзілішча»

Музыкант збіраецца падаваць іск на Агульнанацыянальнае тэлебачанне за парушэнне ягоных аўтарскіх правоў.

– Канал АНТ раптоўна скарыстаў музыку з маёй песні «Сонца нам дапаможа» (супольны альбом «Я нарадзіўся тут») саўндтрэкам у сюжэце агітацыйна-прапагандысцкай перадачы. Прычым, лейтматыў сюжэту: Бяляцкі не плаціў падаткаў, таму мусіць сядзець, бо парушыў закон, - піша музыкант на сваей старонцы ў Фэйсбуку. – Гэтая святая ўпэўненасць не перашкодзіла аўтарам незаконна пакарыстацца маёй аўтарскай музыкай. Зразумела, што не рэагаваць на гэткае паскудзтва нельга.

Лявон Вольскі кажа, што справа зварушылася, але дэталі пакідае ў таямніцы.

– Не хацелася б раскрываць карты, бо гэта можа дапамагчы маім апанентам, – адзначыў вядомы музыкант і выканаўца ў размове з карэспандэнтам «Салідарнасці». – Мне падаецца, што калі карыстацца паслугамі афіцыйнай арганізацыі, якая мусіць бараніць аўтарскія правы, яна можа не вельмі сур’езна паставіцца да прэтэнзіяў дзяржаўнаму тэлеканалу. Трэба шукаць іншыя шляхі.

Аўтар музыкі звярнуўся па дапамогу да інтэрнет-супольнасці, каб знайсці адвакатаў.

– Папросту каб не адсудзіць у канала звыклыя 350 000 рублеў за нелегітымнае выкарыстаньне музыкі (гэта атрымаецца без асаблівых намаганьняў, бо ўсё навідавоку), а пайсьці далей – шос, стрэк... Прабачце, памыліўся – шок, стрэс, маральныя страты і ўсё, зь імі зьвязанае, – піша Лявон Вольскі ў сваім звароце. – Ну, каб ня шэранькі, звыклы працэсік, а сапраўднае «пастыднае судзілішча»!

Музыкант адзначае, што спяшацца ў справе сатысфакцыі на варта, але дзейнічаць трэба, не зважаючы на вынік.

– Я мушу дзейнічаць, а не думаць пра перспектывы гэтай справы. У краіне есць такія праблемы, да якіх трэба прыцягваць увагу людзей, - адзначае суразмоўца «Салідарнасці». – Напрыклад, паскудныя паводзіны у аднаго з дзяржаўных тэлеканалаў, які каментуе арышт Алеся Бяляцкага як законны, і ў той жа момант яны самі парушаюць закон, карыстаючыся маей музыкай без дазволу.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)