Скандалы
Анастасія Зелянкова

Лявон Баршчэўскі абвінаваціў Управу БНФ у сабатажы

Скандал разгарэўся ў Партыі БНФ вакол загада старшыні адносна склікання агульнага сходу, на якім павінен быць вызначаны кандыдат у прэзідэнты ад партыі. Управа БНФ абвінаваціла свайго кіраўніка ва ўзурпацыі улады, Баршчэўскі Управу — у сабатажы.

Загад, які стаў яблыкам разладу, з’явіўся ў панядзелак 25 мая і адразу выклікаў абурэнне часткі прадстаўнікоў Управы. Справа ў тым, што нядаўні Сойм партыі адхіліў прапанаваную Баршчэўскім рэзалюцыю, адным з пунктаў якой было скліканне агульнага сходу з мэтай вылучэння кандыдата ад партыі на прэзідэнцкія выбары. Нягледзячы на адмову, рашэнне па сходзе неўзабаве было выдадзена ў выглядзе загада.

— Мы не маем іншага выхаду, акрамя як заклікаць старшыню партыі адмяніць гэты загад, — заявіў “Салідарнасці” сакратар Управы БНФ Уладзімір Лабковіч. — Фактычна мы назіраем, што такія легітымныя партыйныя органы, як Сойм і Управа абсалютна перастаюць кіраваць партыяй. Па сутнасці ў партыі ўводзіцца прамое кіраванне старшыні, які сам адкрытым тэкстам гаворыць, што ён не збіраецца зважаць ні на рашэнні Сойма, ні на рашэнні Управы.

Па словах Уладзіміра Лабковіча, прычына незадаволенасці абвешчаным сходам у яго кулуарнасці:

— І падрыхтоўкай сходу, і яго арганізацыяй займаюцца вызначаныя самім старшынёй людзі. Управа ад гэтага адхілена і не можа прымаць удзел у арганізацыі дадзенага мерапрыемства. Атрымліваецца, што кандыдаты, якія яшчэ ў мінулым годзе былі вылучаныя рэгіянальнымі сходамі і прэтэндуюць на пасаду кандыдата ў прэзідэнты ад БНФ, знаходзяцца ў невыгодным стане ў параўнанні з сённяшнім старшынёй. Яны абсалютна пазбаўлены магчымасці даносіць сваю пазіцыю, пераконваць у сваю падтрымку. Таму скліканне гэтага сходу, як мне падаецца, не мае нічога агульнага з партыйнай дэмакратыяй, а, наадварот, стварае сітуацыю маніпуляцыяў, пазбаўляе магчымасцяў іншых партыйцаў даводзіць сваю думку. Гэтую маю пазіцыю падзяліла большая частка Управы, акрамя тых асобаў, якія асабіста адданыя і падтрымліваюць Баршчэўскага.

Уладзімір Лабковіч выказаў спадзяванне, што ацэнку гэтай сітуацыі павінен даць бліжэйшы Сойм БНФ.

Між тым сам Лявон Баршчэўскі ўпэўнены, што не ў кампетэнцыі Управы абмяркоўваць яго загады і абвінаваціў шэраг партыйцаў у перавышэнні сваіх паўнамоцтваў.

— Управа БНФ не павінна абмяркоўваць загады старшыні -- яна павінна іх выконваць, бо гэта выканаўчы орган, — заявіў “Салідарнасці” палітык. — У нас няма працэдуры абмеркавання загадаў, таму ўсё гэта толькі прыватная думка часткі прадстаўнікоў Управы. Калі ўправа не будзе выконваць гэтае рашэнне, я знайду іншых людзей, якія будуць яго выконваць, у тым ліку і ў рэгіёнах. Для мяне гэтае пытанне відавочнае: яны перавышаюць свае паўнамоцтвы, калі спрабуюць сабатаваць рашэнне старшыні.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)