Скандалы
Алесь Пілецкі, Радыё Свабода

«Куды тэлефон падзела, с...а!» За што судзяць былое кіраўніцтва мядзельскага Сьледчага камітэту

На лаве падсудных пяць чалавек. Прычына — зьбіцьцё 21-гадовай дзяўчыны адным са сьледчых і спроба ўтаіць злачынства, паведамляе Радыё Свабода.

Усё пачалося са скрадзенага тэлефона

24 лютага 2018 году 21-гадовая Вольга Даўжук зь Мядзела вырашыла зьезьдзіць у суседнюю Нарач на дыскатэку. Зьняла там аднапакаёвую кватэру, пакінула бацькам гадавалае дзіця і паехала, папярэдне дамовіўшыся аб сустрэчы зь сяброўкамі.

Прачнуўшыся раніцай на здымнай кватэры, Вольга не знайшла пры сабе тэлефона, сумкі і грошай. Дзе яны маглі быць, жанчына не памятала. Адразу пазваніла маці Алене. Тая параіла зьвярнуцца ў міліцыю. Участковы, які прыехаў на выклік, знайшоў згубленую сумку з грашыма ў той жа здымнай кватэры. А вось тэлефона нідзе не было. Шукаць яго ў Нарач зь Мядзела прыехала цэлая сьледчая група на чале з супрацоўнікам СК Максімам Валеўкам.

Тое, што адбывалася далей, каштавала свабоды самаму Валеўку, а таксама яшчэ адной супрацоўніцы мядзельскага СК Ганьне Сакалдынскай, кіраўніку ўпраўленьня СК па Мядзеле Аляксандру Штуру, яго намесьніку Міхаілу Сакалдынскаму і судмэдэкспэрту Алене Кабіценцы.

«Раней толькі ў кіно бачыла, каб міліцыянт біў чалавека»

— Калі дачка мне пазваніла і расказала, што зьнік тэлефон, я параіла ёй званіць у міліцыю, — расказала на працэсе маці Вольгі Даўжук Алена Янукевіч. — А потым дачка мне зноў пазваніла і расказала, што супрацоўнік міліцыі, які прыехаў шукаць тэлефон, яе пабіў. Вольга казала, што ён пагражаў ёй. Гаварыў: „Расказвай, куды тэлефон падзела, с...ка!“ Пагражаў адвезьці ў лес, прыкаваць кайданкамі да дрэва і там біць. Я адразу званю ў 102, кажу: як такое можа быць? Мне сказалі, што разьбяруцца. Для мяне гэта была сэнсацыя. Раней толькі ў кіно бачыла, каб міліцыянт біў чалавека.

Згодна паказаньням сьведак, сьледчая група доўга не магла разабрацца, скралі тэлефон у Вольгі Даўжук, альбо яна яго згубіла сама. Сытуацыю ўскладняла тое, што дзяўчына зусім ня памятала, дзе ён мог быць, чым яна займалася ўначы і дзе была. У нейкі момант сьледчы Валеўка вырашыў настойліва дапытаць саму пацярпелую.

— Яны размаўлялі ў машыне на павышаных танах, — расказаў на паседжаньні 29 кастрычніка супрацоўнік СК, сьведка Іван Апанасевіч. — У руках у Валеўкі (абвінавачаны Максім Валеўка. — РС) быў ПР (гумовая дубінка. — РС). Бакавым зрокам я ўбачыў узмах ПР. Потым Даўжук спытала ў Валеўкі, чаму ён яе б’е. Я ня бачыў, куды апусьціўся ПР, на сядзеньне аўтамабіля альбо на нагу Даўжук.

Паводле пацярпелай, супрацоўнік СК ударыў яе дубінкай па назе, ад чаго ў яе зьявіліся гематомы. Празь некалькі хвілін пасьля гэтага сьледчыя вырашылі паехаць да знаёмай Вольгі Даўжук у Нарач і праверыць, ці ня можа там быць зьніклы тэлефон. Знайшлі яго ў выніку на кватэры ў іншай сяброўкі дзяўчыны.

— Як гэта так, каб дзяўчыну пабілі? — заявіла на судзе маці Вольгі. — Мне дачка сказала, каб я нікуды не хадзіла, ні з кім не размаўляла аб гэтым. Але я хацела ў начальніка СК запытаць, як так магло здарыцца. Сфатаграфавала яе сінякі на тэлефон.

Па словах жанчыны, кіраўнік мядзельскага СК Аляксандар Штура папрасіў прабачэньня за дзеяньні свайго падначаленага і паабяцаў разабрацца ў сытуацыі.

— Сам начальнік папрасіў мяне прыехаць, — расказала Алена Янукевіч. — Я расказала яму, як усё было. Ён папрасіў прабачэньня. Сказаў, што ўсіх пакарае. Ну і ўсё, я дадому паехала. Цішыня. Я як дарослы чалавек зразумела, што справа пайшла ўзад.

Вінавацяць у злачынствах супраць інтарэсаў службы

Праз два месяцы, у канцы красавіка, Алену Янукевіч папрасілі зайсьці да кіраўніцтва санаторыя «Спадарожнік», дзе яна працуе. У кабінэце начальніка былі два супрацоўнікі КДБ, якія запрасілі жанчыну паехаць зь імі на допыт і расказаць пра абставіны здарэньня. У тыя ж дні пад варту ўзялі чатырох супрацоўнікаў мядзельскага СК разам з кіраўніком і яго намесьнікам, а таксама судмэдэкспэрта Алену Кабіценка. Спачатку адвезьлі ў СІЗА КДБ у Менску, затым перавялі ў СІЗА № 1 на Валадарскага. Усіх абвінавачваюць у злачынствах супраць інтарэсаў службы паводле артыкулу 426 КК Рэспублікі Беларусь. Пакараньне паводле яго — ад 3 да 10 гадоў пазбаўленьня волі.

Паводле абвінавачваньня, былы кіраўнік мядзельскага СК Аляксандар Штура неналежным чынам правёў праверку дзеяньняў свайго падначаленага Максіма Валеўкі. У справе таксама аказаліся замешаныя сьледчая Ганна Сакалдынская і намесьнік Штура Міхаіл Сакалдынскі (яны родзічы. — РС), якія мусілі займацца праверкай незаконных дзеяньняў Валеўкі. Судмедэкспэрт Алена Кабіценка, па вэрсіі сьледзтва, неналежным чынам правяла экспэртызу атрыманых пацярпелай пабояў.

Суд у справе былых кіраўнікоў і супрацоўнікаў мядзельскага СК, расьсьледаваньнем якой займаўся КДБ, пачаўся 24 кастрычніка. Былы кіраўнік СК Мядзела Аляксандар Штура і яго кіраўнік Міхаіл Сакалдынскі сваю віну прызнаюць часткова, іншыя фігуранты — цалкам. Былы сьледчы Максім Валеўка ў залі суду папрасіў у пацярпелай і яе маці прабачэньня.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)