Общество

Ксёндз Барок: «У гэты дзень беларусы яшчэ раз задэкларавалі сваё жаданне жыць у незалежнай і вольнай краіне»

Палымяная прамова з нагоды 25 жніўня.

25 жніўня 1991 года Дэкларацыя аб дзяржаўным суверэнітэце Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі набыла статус канстытуцыйнага закона, Беларусь стала незалежнай.

З гэтай нагоды ксёндз Вячаслаў Барок выступіў з урачыстай прамовай перад ваярамі Палка Каліноўскага. Прапануем яе вашай увазе.

— Маем гісторыю, якая налічвае больш за тысячу гадоў. Нашая дзяржаўнасць пачыналася тады, калі нашыя продкі засноўвалі княствы — Полацкае ды Тураўскае.

Мы з’яўляемся нашчадкамі таго народу, які будаваў Вялікае Княства Літоўскае са сталіцамі ў Навагрудку і Вільні. Таксама нашыя продкі першыя спасярод іншых суседзяў надрукавалі на матчынай мове Біблію і яе чыталі.

А грамадства нашае жыло па тых законах, якія былі напісаныя ў Статутах ВКЛ. Гэта ўсё наша спадчына, беларусаў. І дзякуй Богу, што ў той час, калі нашая краіна перажывала змрочныя часы, наш народ нарадзіў і пасля ўзрасціў славутага героя Кастуся Каліноўскага, які больш чым паўтара стагоддзя таму ўзначаліў паўстанне супраць расійскай акупацыі.

Ад таго часу беларусы нязломна змагаюцца за незалежнасць сваёй краіны, за яе свабоду. І шмат хто за гэтае змаганне ўжо аддаў сваё жыццё.

Але пры кожнай спрыяльнай нагодзе, не вагаючыся, нашыя продкі імкнуліся здабыць незалежнасць. І такім чынам можам згадаць 1918 год, калі 25 сакавіка мы пачулі пра Беларускую Народную Рэспубліку.

Мы таксама сёння ўзгадваем пра 1991 год. І менавіта пра 25 жніўня. Гэта адна з тых датаў, калі беларусы яшчэ раз задэкларавалі сваё жаданне жыць у незалежнай і вольнай краіне пад назвай Рэспубліка Беларусь.

І з гэтай нагоды вас, ваяры-беларусы, я віншую. Для нас ёсць вялікі шанец сёння зрабіць апошні крок у вызваленні нашай краіны. Гасподзь, час выбраў нас. І гэта перад вамі, перад кожным з нас ёсць той абавязак: зрабіць усё, каб Беларусь урэшце была вольнай. Каб мы не толькі ганарыліся мінулым, тым, што мы пражылі, што здабывалі нашы продкі, але каб мы спакойна глядзелі ў будучыню.

Няхай у Беларусі пануюць законы. Няхай у Беларусі будзе справядлівасць. Няхай кожны злачынец, які змагаўся супраць народа Беларусі, дачакаецца справядлівага суда. І няхай Гасподзь дасць нам гэты шанец рэалізаваць.

Беларусь будзе вольнай! Са святам! Жыве Беларусь!

Вячаслаў Барок — каталіцкі святар з Расонаў. Напярэдадні і пасьля жніўня 2020 года ў сваіх сацсетках і на youtube-канале адкрыта выказваўся супраць гвалту, фальсіфікацыі вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў.

Удзельнічаў у акцыях салідарнасці. Так, 21 жніўня ў Мінску разам з сотнямі беларусаў ён стаяў у ланцугу пакаяння Акрэсціна — Курапаты «Ніколі зноў». Быў разам з людзьмі на плошчы ў Расонах, калі па ўсёй Беларусі адбываўся Марш Свабоды.

У снежні 2020 года яго асудзілі на 10 сутак арышту за публікацыю ў сацсетках працы мастака Уладзіміра Цэслера «Стоп лукашызм» (на малюнку прысутнічала выява нацысцкай свастыкі, што суд палічыў за дэманстрацыю нацысцкай сімволікі).

У ліпені 2021-га Вячаслаў Барок пакінуў Беларусь пасля новай адміністрацыйнай справы.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.7(23)