10 падзеяў і працэсаў, якія вызначылі і ўмацавалі беларускую незалежнасьць цягам апошніх 30 гадоў

Палітычны аглядальнік Валер Карбалевіч на Радыё Свабода піша пра 10 самых важных, на ягоны погляд, падзеяў, якія перадвызначылі 30-гадовую незалежнасьць Беларусі.

Людзі перад Домам ураду, 24 жніўня 1991 г.

1. 25 жніўня 1991 году Вярхоўны Савет БССР прыняў рашэньне аб наданьні Дэклярацыі аб сувэрэнітэце БССР канстытуцыйнага статусу. Саму Дэклярацыю прынялі 27 ліпеня 1990 году. А рашэньне 25 жніўня 1991 году дэ-юрэ азначала абвяшчэньне незалежнасьці. Таксама быў замацаваны прыярытэт беларускіх законаў над агульнасаюзнымі. Такім чынам, дзень 25 жніўня стаў лёсавызначальным ў заснаваньні беларускай незалежнасьці.

2. 19 верасьня 1991 году Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка (БССР) была перайменаваная ў Рэспубліку Беларусь. У гэты дзень былі прынятыя новыя дзяржаўныя сымбалі: герб «Пагоня» і бел-чырвона-белы сьцяг.

3. 8 сьнежня 1991 году былі падпісаныя Белавескія пагадненьні, паводле якіх адбыўся роспуск СССР. Дакумэнт канстатаваў, «што Саюз ССР як суб’ект міжнароднага права і геапалітычная рэальнасьць спыняе сваё існаваньне». Белавескія пагадненьні былі ратыфікаваныя Вярхоўным Саветам Рэспублікі Беларусь 10 сьнежня 1991 году

4. 15 сакавіка 1994 году Вярхоўны Савет прыняў Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь. Дакумэнт набыў моц 30 красавіка 1994 году.

5. Пабудова інстытутаў незалежнай дзяржавы: прэзыдэнт, урад, парлямэнт, мясцовыя органы ўлады, судовая сыстэма, войска, праваахоўныя органы, мытня, памежная служба, фінансавая сыстэма, адукацыйная сыстэма і інш.

6. Увядзеньне сваіх грошай, афіцыйнай грашовай адзінкі Беларусі — беларускага рубля. Гэта адбылося ў 1992 годзе. Пытаньне таму важнае, што цягам усіх 30 гадоў існаваньня незалежнай дзяржавы адбываецца замах на ўласную грашовую адзінку. Пакуль беспасьпяховы.

У 1994 годзе падчас прэзыдэнцкай выбарчай кампаніі тагачасны прэм’ер-міністар Вячаслаў Кебіч падпісаў дамову з урадам Расеі аб аб’яднаньні грашовых сыстэм.

Артыкул 13 падпісанай у 1999 годзе «Дамовы аб стварэньні саюзнай дзяржавы» Беларусі і Расеі прадугледжваў увядзеньне адзінай грашовай адзінкі. 30 лістапада 2000 году ў Менску было падпісана Міждзяржаўнае пагадненьне паміж Рэспублікай Беларусь і Расеяй аб увядзеньні адзінай грашовай адзінкі і фармаваньні адзінага эмісійнага цэнтру «саюзнай дзяржавы».

Яно прадугледжвала, што ролю адзінай грашовай адзінкі з 1 студзеня 2005 году павінен быў выконваць расейскі рубель, а з 1 студзеня 2008 году мусілі ўвесьці адзіную грашовую адзінку «саюзнай дзяржавы».

У 2019 годзе ўрады Беларусі і Расеі абмяркоўвалі 31 «дарожную мапу» эканамічнай інтэграцыі. Якраз 31-я мапа прадугледжвала пераход да адзінай валюты. Ці стаіць гэтае пытаньне падчас сёлетняга абмеркаваньня 28 «дарожных мапаў», не паведамляецца.

7. Адмова Барыса Ельцына у 1997–1999 гадах падпісваць ініцыяваныя Лукашэнкам дакумэнты аб аб’яднаньні Беларусі і Расеі ў адну дзяржаву. Нежаданьне прэзыдэнта РФ дапускаць Лукашэнку ў расейскую палітыку фактычна выратавала незалежнасьць Беларусі. Такі парадокс гісторыі.

8. Палітыка шматвэктарнасьці, якую праводзіў афіцыйны Менск у 2014–2020 гадах, умацавала міжнародную суб’ектнасьць Беларусі. Пазыцыя адноснага нэўтралітэту ў канфлікце Расеі з Захадам і Ўкраінай, тактыка балянсаваньня паміж рознымі цэнтрамі сілаў падвысіла аўтарытэт краіны ў сьвеце. Можна сказаць, што толькі ў гэтыя гады ў Беларусі зьявілася дыпляматыя.

9. Выбух масавых пратэстаў 2020 году стаў важнай праявай завяршальнага працэсу станаўленьня беларускай нацыі.

У процівагу рэжыму, які апэлюе да савецкай традыцыі, пратэставае грамадзтва ўзяло на ўзбраеньне традыцыйныя нацыянальныя сымбалі: бел-чырвона-белы сьцяг і герб «Пагоня».

На іх аснове фармуецца новая (несавецкая) беларуская ідэнтычнасьць. Пасіянарны выбух беларускага соцыюму — гэта своеасаблівая форма нацыянальна-вызвольнага руху.

10. Сам факт існаваньня незалежнай дзяржавы цягам 30 гадоў умацоўвае беларускую дзяржаўнасьць. Проста ў выніку інэрцыі палітычнага працэсу.

Зьявілася новае пакаленьне беларусаў, якія вырасьлі ў сувэрэннай дзяржаве і не разумеюць саму пастаноўку пытаньня аб пагрозе незалежнасьці. І чым больш будзе існаваць незалежная Беларусь, тым больш гарантыі незваротнасьці яе дзяржаўнасьці.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.8(19)