Общество

Кіраўніцтва стадыёна «Дынама» ізноў адмовіла арганізатарам канцэрта #БНР101

Прычынай адмовы назвалі неабходнасьць аднаўляць газон пасьля зімы, паведамляе Радыё Свабода.

Стадыён «Дынама» пасьля адкрыцьця, чэрвень 2018 году

Генэральны дырэктар Нацыянальнага алімпійскага стадыёну «Дынама» Васіль Аляксеенка патлумачыў адмову ў правядзеньні сьвяточнага канцэрту на Дзень Волі #БНР101

неабходнасьцю аднаўляць газон. Пасьля зімовага пэрыяду гэты працэс «займае да паўтара месяца».

Паводле Аляксеенкі, дата правядзеньня сьвяточнага канцэрту на Дзень Волі і тэрміны пастаўкі і тэставаньня пакрыцьця футбольнага газону супадаюць.

— Абмежаваньні стадыёну «Дынама» як арэны для арганізацыі правядзеньня канцэртаў, фэстываляў, парадаў абумоўленыя наяўнасьцю і ступеньню завершанасьці тэставаньня ахоўнага пакрыцьця футбольнага газону. Пасьля зімовага пэрыяду аднаўленьне газону займае да паўтара месяца, — гаворыцца ў афіцыйным адказе, які атрымала Радыё Свабода ад адміністрацыі стадыёна.

Паводле гендырэктара, цяпер на стадыёне няма пакрыцьця травянога газону і лёгкаатлетычных дарожак. «У зьвязку з гэтым праводзіцца працэдура закупкі пакрыцьця, якое і дазволіць у далейшым у поўнай меры эксплюатаваць стадыён».

Стадыён «Дынама», піша Васіль Аляксеенка, будзе гатовы да правядзеньня мерапрыемстваў «не раней за красавік пры ўмове своечасовай пастаўкі ахоўнага пакрыцьця і яго абавязковага тэставаньня».

Раней адміністрацыя стадыёну «Дынама» адмовіла ў правядзеньні сьвяточнага канцэрту на Дзень Волі, спаслаўшыся на Эўрапейскія гульні. Грамадзкая кампанія #БНР101 падавала заяўку ў Менгарвыканкам на сьвяточны канцэрт на «Дынама» 24 сакавіка.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 3.4(5)