Скандалы
Любоў Лунёва, ”Радыё Свабода”

КДБ падазрае былога апазыцыянэра ў выбуху 4 ліпеня

Супрацоўнікі КДБ затрымалі падазраванага ў злосным хуліганстве падчас канцэрту ўначы з 3 на 4 ліпеня. Гэта 34-гадовы Ігар Корсак. Цешча Ігара Корсака Тацьцяна Цяцёркіна паведаміла Радыё Свабода, што 3 ліпеня яны ўсей сям’ёй былі на лецішчы і займаліся там будаўніцтвам. А 9-й вечара яны вярнуліся ў Менск і знаходзіліся дома.

Супрацоўнікі КДБ прыйшлі за Ігарам учора ўвечары з ператрусам, падчас якога знайшлі ў кватэры пакет з балтамі і гайкамі, а таксама гумовыя пальчаткі. Тацьцяна Цяцеркіна паведаміла, што ў кампутары супрацоўнікі КДБ шукалі інфармацыю па слову “траціл”, але нічога не знайшлі, забралі так званыя “рэчавыя доказы” і затрымалі Ігара Корсака.

Ігара дапытвалі на Казлова, 4 (адміністрацыйны будынак Інстытуту нацыянальнай бясьпекі). Ён пасьпеў патэлефанаваць сваякам і паведаміў, што яго падазраюць у вырабленьні выбуховага прыстасаваньня і на 3 сутак вязуць у Ізалятар часовага ўтрыманьня.

Цешча Ігара Корсака абураная дзеяньнямі супрацоўнікаў КДБ. Яна лічыць, што ў гаспадарцы кожнай кватэры знойдуцца і балты, і гайкі, і гумовыя пальчаткі. Жанчына паведаміла, што раней Ігар актыўна ўдзельнічаў у грамадзка-палітычным жыцьці і быў на ўліку праваахоўных органаў як апазыцыянэр.

***

Сваякі затрыманага Ігара Корсака распавялі “Свабодзе”, што ў 2004 годзе яго затрымлівалі за расклейку ўлётак. Тады яму пагражалі, што супраць яго завядуць крымінальную справу. Такім чынам, ягонае прозьвішча трапіла ў базу дадзеных ў КДБ.

Спачатку чацьвёра супрацоўнікаў КДБ прыйшлі па месцы прапіскі Ігара, але не знайшоўшы яго там, пайшлі на кватэру да ягонай цёшчы, дзе ён пражываў са сваёй сям’ёй.

Сваякі Ігара Корсака цяпер паехалі ў ізалятар часовага ўтрыманьня на Акрэсьціна, дзе ён знаходзіцца, і павезьлі яму перадачу.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)