Скандалы
Віталіна Грахоўская, Еўрарадыё

Імпарцёрам “Садочка” замянілі падазрэнне ў датычнасці да выбуху на абвінавачванне ва ўкрыцці даходаў

Супрацоўнікам фірмы-імпарцёра соку “Садочок” прад’явілі абвінавачванне ва ўкрыцці даходаў і нявыплаце падаткаў. Праз 20 дзён падазрэнне ў датычнасці да выбуху 4 ліпеня змянілі на абвінавачванне ва ўкрыцці даходаў. Фірму “Владпродимпорт” падставілі канкурэнты, лічыць Віктар Дранюк, бацька аднаго з затрыманых. Хаця па словах праваабаронцы Гары Паганяйлы, парушэнні на фірме “Владпродимпорт” і праўда былі. Але верагодна, памяняўшы абвінавачванне, міліцыя спрабуе схаваць свае супрацьпраўныя дзеянні – а менавіта незаконнае захаванне пад вартай невіноўных людзей.

Гары Паганяйла: “Тут ці гульня следства, ці няўмелыя, некваліфікаваныя іх дзеянні, якія сёння хаваюцца з тым, каб не паказаць яўныя парушэнні, звязаныя з тым, што людзей спачатку падазраюць у здзяйсненні тэрарыстычных актаў, па спецыфічным нашым заканадаўстве затрымліваюць, арыштоўваюць, утрымліваюць без удзелу адвакатаў. Гэтыя нязграбныя спробы робяцца для таго, каб схаваць парушэнні, стварыць ілюзію, што ўсё ж такі гэтыя людзі вінаватыя, але ўжо па іншых артыкулах. І, у прыватнасці, эканамічных”.

Сярод затрыманых быў нават кіроўца фірмы. Віктар Дранюк, бацька затрыманага Дзмітрыя кажа, што многія асуджаныя не маюць ніякіх адносінаў да справаздачнасці фірмы. Па словах спадара Дранюка, іх трымаюць за кратамі, каб яны хаця б выпадкова “прагаварыліся”.

Віктар Дранюк: “Яны не звязаныя ні з падаткамі, ні з бугалтэрыяй, ні з фінансамі. І зараз іх абвінавачваюць у нявыплаце падаткаў. І гэта прытым, што нават бугалтара гэтай фірмы на сёння адпусцілі, а іх трымаюць”.

Па словах Гары Паганяйлы, у Беларусі нешматлікія выпадкі, калі праваахоўныя органы каралі за парушэнне закону. Аднак паспрабаваць абскардзіць дзеянні міліцыянтаў усё ж можна.

Гары Паганяйла: “У нас вельмі рэдкія выпадкі апраўдальных прысудаў. Гэтыя апраўдальныя прысуды цягнуць за сабой кампенсацыю стратаў, звязаных з незаконным заключэннем, утрыманнем пад вартай. А таксама кампенсацыя маральнай шкоды, звязанай з гэтымі абставінамі. Таму можна даказваць віну”.

Віктар Дранюк мяркуе, што супрацоўнікаў фірмы “Владпродимпорт” маглі падставіць недобразычліўцы.

Віктар Дранюк: “Зыходзячы з таго, што менавіта гэтая фірма з’яўлялася эксклюзіўным пастаўшчыком вось гэтага пакета “Садочок”, менавіта таму я мяркую, што недарэмна хтосьці заклаў туды выбухоўку, каб разабрацца з фірмай рукамі праваахоўных органаў”.

У спадара Дранюка ёсць і другая версія: выбух – гэта нагода, каб паставіць усё беларускае гармадства пад татальны кантроль.

Віктар Дранюк: “Выбух – гэта нагода, каб паставіць усё насельніцтва Беларусі пад татальны кантроль. Адкатаць усім пальцы, адабраць коды ДНК і ўвагнаць у страх”.

Нагадаем, 14 супрацоўнікаў фірмы “Владпродимпорт” былі арыштаваныя жніўня. Іх выклікалі з Брэсту на размову ў Мінск і арыштавалі ў падазрэнні ў датычнасці да выбуху 4 ліпеня. Без прад’яўлення абвінавачвання і іншых следчых дзеянняў арыштаваныя знаходзіліся за кратамі 10 дзён. Толькі на чацвёрты дзень да іх дапусцілі адвакатаў. 28 жніўня ім прад’явілі абвінавачванне. Але ўжо ва ўкрыцці даходаў і нявыплаце падаткаў. Варта зазначыць, што ў афіцыйным абвінавачванні большасць затрыманых праходзіць як “нявызначаныя асобы”.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)