Скандалы
Анастасія Зелянкова

Гродзенскія ідэолагі паабяцалі павырываць разеткі

МЧС, міліцыя і прадстаўнікі ідэалагічнага аддзела Гродзенскага гарвыканкама 2 лютага наведаліся на канцэрт барда Віктара Шалкевіча і гурта “Рэха”. Праўда, не паслухаць музыкаў. Заявіўшы, што дадзенае мерапрыемства праводзіцца з парушэннямі пажарнай бяспекі, яны загадалі згарнуць канцэрт.

— Літаральна за гадзіну ў залі з’явіліся супрацоўнікі МЧС, міліцыі і яшчэ некалькі чалавек ў цывільным, — расказаў “Салідарнасці” адзін з арганізатараў канцэрта, актывіст руху “За свабоду” Павел Мажэйка. — Кіраваў “аперацыяй” прадстаўнік ідэалагічнага аддзела Гродзенскага гарвыканкама Андрэй Ярашэвіч. Не прад’яўляючы ніякіх дакументаў, яны заявілі, што канцэрт не можа адбыцца. Нібыта па прычыне парушэнняў пажарнай бяспекі.

Візіцёры патлумачылі, што ў дадзеным памяшканні не можа знаходзіцца больш за 15 чалавек.

— Аднак толькі за апошні год тут прайшло каля 15 канцэртаў, у тым ліку і з удзелам гарадскіх уладаў. Некаторыя мерапрыемствы збіралі пад 400 чалавек, — адзначае Павел Мажэйка. — Нягледзячы на гэта, “ідэолагі” прыгразілі, што павырываюць усе разеткі, калі мы пачнем канцэрт. Каб мерапрыемства не сарвалася, я напісаў тлумачэнне, што бяру ўсю адказнасць на сябе.

Канцэрт усё ж такі адбыўся, хоць і са спазненнем на паўтары гадзіны. Убачыўшы, што на імпрэзу прыйшло каля 170 чалавек, у тым ліку і прэса, прадстаўнікі ўлады вымушаны былі адступіць.

— Яны доўга з кімсьці раіліся па тэлефоне, штосьці высвятлялі, потым яшчэ хвілін трыццаць пасядзелі на канцэрце і нарэшце сышлі, — успамінае Павел Мажэйка. — Пры гэтым мне далі зразумець, што справа на гэтым не скончаная і ў панядзелак мяне чакае разбіральніцтва ўжо ў іншым месцы.

— Галоўнае, што канцэрт адбыўся, — адзначыў у інтэрв’ю “Салідарнасці” бард Віктар Шалкевіч. — Дадзенае непаразуменне і непрыемная затрымка ніяк не адбіліся на агульным настроі, які панаваў падчас канцэрту.

Канцэртам у Гродне распачалася рэгіянальная кампанія “Год дзяржаўнасці-2008”, якая праходзіць у рэчышчы агульнанацыянальнага святкавання 90-х угодкаў Беларускай Народнай Рэспублікі. Мерапрыемства 2 лютага таксама было прымеркавана да 170-й гадавіны з дня нараджэння нацыянальнага героя Беларусі Кастуся Каліноўскага.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)