“Газету Слонімскую” дабіваюць праз стаматолага

Слонімскі лекар-стаматолаг Наталля Кіман хоча спагнаць з карэспандэнта недзяржаўнай “Газеты Слонімскай” Сяргея Васільева 10 мільёнаў рублеў за артыкул “Вырваны зуб амаль не стаў прычынай смерці” апублікаваны ў сакавіцкім нумары выдання.

У артыкуле Сяргей Васільеў распавёў гісторыю хваробы жыхаркі Слоніма Галіны Мароз. Паводле публікацыі, жанчына ледзьве не памерла пасля таго, як лекар Наталля Кіман выдаліла ёй зуб, а пасля гэтага з-за памылкі стаматолага перанесла некалькі аперацый у абласным шпіталі.

Пацярпелая неаднаразова звярталася ў суд, пісала скаргі на імя начальніка аблздраўаддзела, у Міністэрства аховы здароўя РБ, а таксама ў Міністэрства юстыцыі . У студзені 2008 годзе суд прызнаў лекарку вінаватай і вынес рашэнне спагнаць 700 тысяч рублёў у якасці кампенсацыі на карысць Галіны Мароз.

Сяргей Васільеў не выключае, што зварот Наталлі Кіман у суд – працяг ціску ўладаў на “Газету Слонімскую”- адзінае недзяржаўнае выданне Гродзенскай вобласці.

- Цалкам верагодна, што ўлады маюць пэўнае дачыненне да гэтай справы, бо паводле судмедэкспертызы, якая праводзілася ў Мінску, Наталля Кіман здзейсніла прафесійную памылку, а суд Гродзенскай вобласці не задаволіў яе касацыйную скаргу.

26 траўня ў судзе Слонімскага раёна павінны адбыцца першыя слуханні справы. У якасці маральнай кампенсацыі стаматолаг Наталля Кіман патрабуе ад Сяргея Васільева 10 мільёнаў рублёў.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)