Филин

Сяргей Васілеўскі

Дракахруст: Сённяшнія беларускія ўлады лічаць сябе нашчадкамі Мураўёва-вешальніка

Палітычны аглядальнік «Радыё Свабода» Юрый Дракахруст у каментары Филину разважае пра гістарычныя аналогіі ў сувязі з  ператрусам у доме Аляксандра Мілінкевіча.

Юрый Дракахруст

У доме Аляксандра Мілінкевіча ў Берштах правялі ператрус, сам дом апячатны. Як вядома, палітык нядаўна далучыўся да каманды Святланы Ціханоўскай. Гэта сігнал рэжыма: не працуйце з кабінетам? Ці нешта большае?

— Я думаю, што гэта сапраўды нейкая новая лінія. Я не ведаю, каго яна можа тычыцца. Але, гледзячы па ўсім, яны прыдумалі такую штуку. Маўляў, вось мы не ведалі, як адказаць на палітыку Захаду, на санкцыі — новыя і ранейшыя, на ўсё, што цісне на беларускую ўладу.

У свой час, напрыклад, прыдумалі мігрантаў — а вось давайце мы прычынім шкоду Захаду. Вось яны нам шкоду санкцыямі наносяць, то давайце і мы ім шкоду зробім.

І вось цяпер яны прыдумалі такія контрсанкцыі адносна апазіцыі. Маўляў, заходнія санкцыі нас пазбаўляюць пэўных фінасавых, матэрыяльных магчымасцяў, то давайце і мы іх пазбавім розных магчымасцяў. Напрыклад, пазбавім маёмасці, якая засталася ў Беларусі.

Я так разумею, дарэчы, што нешта засталося. Зразумела, ёсць выпадкі, як з тым жа Юрасём Губарэвічам, які сцвярджае, што ўсё прадаў. Але атрымалася гэта, гледзячы па ўсім, далёка не ва ўсіх. І вось яны прайшліся па ўсёй Каардынацыйнай радзе. Зараз жа проста пашыраецца гэтае кола.

Так, магчыма вы маеце рацыю, што прычына ў тым, што Мілінкевіч увайшоў у каманду Ціханоўскай. Але я не выключаю, што маштабы гэтага могуць рэзка пашырыцца. Вось у іх ёсць розныя спісы, тыя ж «Беспорядки». Гэта сотні людзей, калі не тысячы. І яны могуць пайсці па гэтых спісах.

Проста таму, што ёсць такія спісы. Нават калі няма крымінальнай справы. Супраць таго ж Мілінкевіча, калі я не памыляюся, справы няма. Але той жа Аб’яднаны пераходны кабінет абвешчаны «экстрэмісцкім фармаваннем». Ну вось, чалавек увайшоў у «экстрэмісцкае фармаванне» — і калі ласка.

Дарэчы, калі пайшлі ператрусы ў сяброў КР, у прапагандыста Азаронка з’явіўся пост у тэлеграме, а ён, як вядома, агучвае самыя радыкальныя погляды. І ён напісаў тады прыкладна тое, што я вам апісаў: мы знайшлі новы спосаб, як ім зрабіць шкоду — мы ў іх адбяром усё, што яшчэ засталося.

І пры гэтым ён з такім сцёбам піша: вы што думалі, што беларуская ўлада будзе прытрымлівацца святога права прыватнай уласнасці? Вы памыляецеся.

— У сувязі з ператрусам Мілінкевіч прыгадаў лёс сваіх продкаў, якіх рэпрэсавалі царскія ўлады. На вашу думку, ці ёсць у лукашэнкаўскім атачэнні ўсведамленне таго, што яны дзейнічаюць нібы акупанты на сваёй зямлі, як нейкая варожая адміністрацыя?

— Акупантамі яны наўрадці сябе ўспрымаюць. Але вось гэтыя аналогіі… Па-першае, яны ў іх з’яўляюцца. Мы бачым гэтую лінію, яна даволі паслядоўная. Днямі мы бачылі, як перайменавалі школу ў Свіслачы.

Увогуле, Каліноўскага вычышчаюць паўсюль, адкуль толькі можна. А ўздымаюць Мураўёва. Я б не сказаў, што яму ствараюць нейкі культ. Але лінія такая: мы — нашчадкі Мураўёва, а вось гэтыя — нашчадкі Каліноўскага. Але Каліноўскі — вораг.

І пікантнасць сітуацыі палягае ў тым, што ў дадзеным выпадку яны разбураюць савецкі наратыў. Бо Каліноўскі быў, скажам так, савецкім героем, ён уваходзіў у арэапаг беларускіх герояў, ішоў праз коску разам з партызанамі.

Гэта такія прэвентыўныя меры. І калі прыгадаць, што адбывалася пасля паўстання Каліноўскага, што пра гэта казаў гісторык Захар Шыбека, тады таксама прымаліся розныя меры. Уводзіліся адмысловыя падаткі, нават на тых, хто проста побач стаяў, а не ўдзельнчаў у паўстанні.

Так, рэакцыі ў Беларусі на паўстанні, калі браць ранейшы досвед, былі суровыя. І вешалі, і высылалі, і адбіралі маёмасць, звальнялі. Іншая справа, што яны былі суровыя не толькі тут. У той жа Еўропе, калі душылі паўстанні, рэдка дзе было дастаткова мякка.

Помнік Мураўёву, усталяваны расійскімі ўладамі ў Вільні ў канцы XIX стагоддзя

Але калі браць тую сітуацыю, паўстанне 1863-га, тады ў Расійскай імперыі адбываліся рознанакіраваныя працэсы. З аднаго боку, так, быў шлейф рэакцыі. Душылі паўстанне, распраўляліся з паўстанцамі ў 1860-я.

Але гэта быў час акурат рэформаў у Расіі. Гэта новы суд, земствы. Яны, праўда, не тычыліся Паўночна-Заходняга краю на пачатку. І ўсё ж, у тагачаснай Расіі была разнастайная атмасфера. У сённяшняй Беларусі атмасфера вельмі аднастайная. І зразумела, якая яна.

Калі ў тагачаснай Беларусі нехта мог проста змяніць род дзейнасці, то сёння нават для самай вегетарыянскай культурніцкай дзейнасці няма магчымасцяў — гэта ці вельмі складана, ці проста немагчыма.

Бо гэтая рэакцыя робіцца ўсё больш татальнай. Калі нават беларускае слова, беларуская культура робяцца прыкметай «варожай» дзейнасці. Мы бачым актыўнасць беларускіх хунвэйбінаў.

Ужо і з лацінкай ідзе вайна, фактычна — з беларускай мовай і культурай. Гэта не проста вайна са сваімі апанентамі. Гэта вайна з нацыянальнай ідэнтычнасцю.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.6(24)