«Цяпер беларусы пад такім прарасейскім ціскам, пад якім ня былі з моманту здушэньня паўстаньня 1863 году»

Журналіст Сяргей Навумчык лічыць, што Беларусь уступіла ў самы чорны пэрыяд сваёй гісторыі – ва ўсякім разе, на памяці жывучых цяпер пакаленьняў.

– У 2020-м ў адказ на словы пра «нацыянальны прарыў» і «зьмену ўзроўню нацыянальнай сьвядомасьці» я раіў не сьпяшацца з высновамі, – піша Навумчык. – 700 тысяч, якія 16 жніўня 2020 выйшлі пад Бел-Чырвона-Белымі сьцягамі — гэта тая самая лічба, як і колькасьць (афіцыйна) у 1994 прагаласавалі за Пазьняка.

Сяргей Навумчык

Так, палітычная актыўнасьць ў 2020-м была большая, гэта ясна. Але кожны, хто ў 1994 галасаваў за лідэра БНФ, рабіў цалкам асэнсаваны нацыянальны абсалютна не-прарасейскі выбар (Расея — галоўная праблема Беларусі апошнія 200+ гадоў). Тыя, хто галасаваў за Пазьняка пасьля артыкула «О русском империализме и его опасности», палажэньні якога сёньня, здаецца, не аспрэчваюцца.

Несумненна, кожны, хто выйшаў у 2020-м, быў супраць Лукашэнкі. Але вось ці кожны быў настроены не прарасейскі?

Я сам чуў у чэрвені 2020, і не аднойчы — «Скорее бы Путин убрал Лукашенку и взял нас в Россию». Ну а пра «Мы не ставим целью изменить геополитический выбор» лідэры пратэсту казалі неаднойчы, бо «паліттэхнолагі» (назавем іх так) лічылі гэта тэзісам, які прыцягне большасьць.

Гэтай большасьці не было як зьмяніцца — 200+ гадоў ім убівалі ў галаву, што накірунак адзін — разам з Расеяй, і толькі на кароткі час з 1990 па 1995 тытульная апазыцыя мела абмежаваную магчымасьць даносіць іншае (у 1995 годзе БНФ быў адсунуты ад лідэрства, на першы план у апазыцыі выйшлі сілы, якія падтрымлівалі інтэграцыю з РФ).

Цяпер насельніцтва Беларусі пад такім праімперскім і прарасейскім ціскам, пад якім ня быў з моманту здушэньня паўстаньня 1863 году.

У 1930-х за адну толькі беларускую мову не рэпрэсавалі, рэпрэсавалі за нешта «ня тое», сказанае па-беларуску; сёньня за беларускае слова сілавікі могуць зьбіць — і на волі, і ў турме.

Беларусь уступіла ў самы чорны пэрыяд сваёй гісторыі, ва ўсякім разе, на памяці жывучых цяпер пакаленьняў. Скончыцца ён можа толькі пад ўзьдзеяньнем нейкіх зьнешніх падзеяў, і ніяк інакш. Бо ў самой Беларусі ўсё прыдушана і прыгнечана — і палітычная, і грамадзянская, і культурніцкая нацыянальная актыўнасьць.

Наўрад ці зьменіць гэта і сьмерць Лукашэнкі — т.зв. эліта надзейна кантралюецца Масквой, пераемнік будзе прызначаны ёй, і тут ня варта мець ілюзій.

«Вакно магчымасьцяў» можа прыадчыніцца толькі ў выпадку крушэньня (распаду) Расейскай імпэрыі (што зусім ня тоесна адно толькі падзеньню Пуціна). Ці зацікаўлены ў такім распадзе Захад, ці гатовы ён да гэтага? У 1991 у крушэньні СССР быў не зацікаўлены, не гатовы і ўпусьціў гістарычны шанец.

Што ж застаецца рабіць? Тое, што пры ўсіх абставінах непазьбежна: беларускамоўныя школы, беларускі кнігадрук (асаблівая ўвага — выданьням па гісторыі), беларускае мастацтва (нацыянальны тэатр у тым ліку, і было б цудоўна, каб і кіно не на «великом и могучем»).

У Беларусі ўмовы для гэтага практычна зьнішчаныя — тым большая адказнасьць дыяспары, пра што цяпер гаворыцца шмат, і гаворыца слушна. Магчыма, гэта адзіны спосаб зьберагчы нацыянальную ідэнтычнасьць, калі адбудзецца самае горшае — анэксія Беларусі і страта Незалежнасьці — і сітуацыя замарозіцца на дзесяцігодзьдзе.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.9(106)