Зміцер Панкавец, Наша Ніва

Чыноўнік Шастакоў напісаў скаргу на Symbal.by. Але міліцыя не знайшла парушэнняў

Намеснік кіраўніка ўпраўлення культуры Мінгарвыканкама Аляксандр Шастакоў звярнуўся ў міліцыю, каб тая праверыла адпаведнасць заканадаўству музычнага канцэрта Symbal.by.Fest, які праходзіў 23 жніўня на пляцоўцы «Пясочніцы».

Пра гэта «НН» расказаў уласнік крамы Symbal.by Павел Белавус.

Фэст да дня нараджэння «Сымбаля» быў бясплатным. На ім выступалі Naviband і «Дзецюкі». На канцэрт прыйшло некалькі тысяч чалавек.

Шастакоў прыйшоў у «Пясочніцу» з праверкай адразу пасля таго, як стала вядома пра правядзенне фестывалю. Маўляў, чаму гэта яны праводзяць мерапрыемствы без дазволу Мінгарвыканкама.

Белавус прапанаваў Шастакову сустрэцца, той пагадзіўся. «Шастакоў сказаў, што да нас няма прэтэнзій, але мы павінны прытрымлівацца заканадаўства», — расказвае Павел.

Белавус тлумачыць, што паводле Кодэкса аб культуры (пункт 7 артыкула 213) ніякія пасведчанні і дазволы не патрэбныя для арганізацыі культурных мерапрыемстваў, якія праходзяць без атрымання прыбытку.

«Я спытаў у Шастакова, ці правільна я разумею заканадаўства. Ён адказаў, што не ў яго абавязках тлумачыць нам законы», — расказвае Белавус.

Ужо пасля правядзення фэсту Белавуса выклікалі для праверкі ў міліцыю. Праваахоўнікі паведамілі, што ім прыйшла скарга ад упраўлення культуры Мінгарвыканкама. Гарадскія ўлады прасілі правесці расследаванне па факце правядзення незаконнага масавага мерапрыемства.

У міліцыі Цэнтральнага раёна Мінска правялі праверку, але ніякіх правапарушэнняў не знайшлі.

«Мы з Белавусам абмеркавалі ўсе пытанні. Ён у праве выносіць гэта на разгляд грамадскасці. Мы сапраўды сустракаліся, гаварылі пра правядзенне тых ці іншых мерапрыемстваў. Усё іншае — гэта між намі», — пракаментаваў «НН» Аляксандр Шастакоў.

Аляксандр Шастакоў. Фота з facebook.com

«Я ўпершыню сустрэўся з чыноўнікам, які, здаецца, малады, павінен быць сучасным, а гаварыў такімі канцылярскімі штампамі, што было зусім немагчыма знайсці агульную мову.

А яшчэ я сёння ўбачыў, што мы сябры Укантакце, і ён падпісаны на старонкі і Арт-Сядзібы, і МКБ, і «Дзецюкоў». Дык навошта падаваць было ў міліцыю скаргу на нас, я не разумею. Каб перастрахавацца?» — наракае Павел Белавус.

Оцени статью:
1
2
3
4
5
Средний балл - 5 (оценок:26)