Скандалы

Чаму ўтапілася выхавальніца садка, у якім загадчыцу затрымалі за хабар?

8 красавіка ў рацэ Сож у Крычаве патанула 41-гадовая жанчына. Яна працавала ў дзіцячым садку, загадчыцу якога нядаўна затрымалі за хабар, піша Радыё Свабода.

Паводле некалькіх крыніц, нябожчыца пакінула перадсьмяротную запіску. На беразе знайшлі рэчы яе 78-гадовай маці, аднак цела шукаюць дагэтуль.

— Па факце сьмерці ідзе праверка, — сказала Свабодзе прадстаўніца ўпраўленьня Сьледчага камітэту Магілёўскай вобласьці Анастасія Лаўрыновіч.

Калегі жанчыны мяркуюць, што гэта было самагубства.

«Яна была ў такім стане, што зямлі пад нагамі ня чула»

У Крычаве нябожчыцу Н. узгадваюць як ціхую і пакладзістую.

— Заўсёды спакойная, ні на кога голасу ніколі не падвысіць. Дома ў яе было чыста, кветкі, клюмбы прыбраныя. Усе ў горадзе ў шоку, што яна магла ўчыніць самагубства.

Маці Н. усё жыцьцё працавала ў падатковай і выхоўвала дачку ў строгасьці, кажуць знаёмыя.

— Калі мы ў 11-й клясе надзявалі кароткія спадніцы, Н. хадзіла ў школьнай форме па калена і банты вязала, — успамінаюць аднаклясьнікі. — Была шэрай мышкай і не выпендрывалася.

Шмат каго ў Крычаве дзівіла надзвычай шчыльная сувязь паміж нябожчыцай і яе маці.

— Яны часта хадзілі за руку. 78-гадовая маці сустракала 41-гадовую дачку з працы і праводзіла яе туды. Магчыма, баялася за яе душэўны стан.

Маці з дачкою жылі на адной вуліцы каля ракі Сож. «Каб быць бліжэй да маці, Н. набыла дом побач, на адной зь ёй вуліцы».

— Біць трывогу маці Н. пачала раніцай 8 красавіка, — кажа знаёмая нябожчыцы. — Патэлефанавала ў садок, прыбегла да яе дадому, а там знайшла перадсьмяротную запіску. У запісцы Н. прасіла нікога не вінаваціць. Тэкст дакладна не зразумелы, але сутнасьць была ў тым, што жанчына пайшла на раку нешта з сабой зрабіць.

Камэнтаваць зьмест запіскі ў Сьледчым камітэце адмовіліся.

Суседзі нябожчыцы мяркуюць, што маці пабегла на раку ратаваць дачку.

— Яна была ў такім стане, што зямлі пад нагамі ня чула, — кажа знаёмая.

З таго моманту маці нябожчыцы больш ніхто ня бачыў.

— Усё нагадвае няшчасны выпадак. Магчыма, яна шукала ў рацэ цела дачкі і патанула сама. Цяпер паводка, і Сож вельмі разьліўся. Бурлівая плынь, халодная вада. За хвілін 10 у вадзе можна акалець, — кажуць у Крычаве.

Маці Н. жыла разам з паралізаваным пасьля інсульту мужам. Пасьля трагедыі яго няма каму даглядаць. Паводле інфармацыі знаёмых, мужчыну ў крытычным стане адвезьлі сёньня ў шпіталь.

У нябожчыцы засталіся 17-гадовая дачка і муж. Камэнтаваць трагедыю яны адмовіліся.

«Увесь горад вінаваціць Пастухову ў сьмерці гэтай жанчыны»

Н. працавала дэфэктолягам у крычаўскім дзіцячым садку № 19. Гэта той самы садок, дзе 26 сакавіка затрымалі 62-гадовую загадчыцу Алу Пастухову. Дашкольную ўстанову называлі «перадавой». Яна неаднойчы станавілася пераможцам раённых спаборніцтваў, апошні раз — у 2018 годзе.

Загадчыца дзіцячага садка № 19 у Крычаве Ала Пастухова на раённай дошцы гонару (фота з архіву газэты «Вольны горад»)

— Сад быў на добрым рахунку. Займаў прызавыя месцы сярод устаноў дашкольнай адукацыі. Быў, застаецца і застанецца. У большай ступені гэта заслуга ўсяго калектыву, — сказаў Свабодзе начальнік аддзелу адукацыі Крычаўскага райвыканкаму Мікалай Капаеў.

— Справа патанулай не зьвязаная з крымінальнай справай, якую распачалі ў дачыненьні да яе былой начальніцы, — сказалі ва ўпраўленьні Сьледчага камітэту Магілёўскай вобласьці.

Аднак калегі зьвязваюць сьмерць жанчыны менавіта зь нядаўнім затрыманьнем загадчыцы.

— Увесь горад вінаваціць Пастухову ў сьмерці гэтай жанчыны. Загадчыцы яна баялася панічна, — сказала Свабодзе былая супрацоўніца дзіцячага садку.

Пасьля затрыманьня Пастуховай сьледчыя гутарылі з калектывам дзіцячага садку. Работнікі раённага аддзелу адукацыі папярэдзілі: усіх супрацоўнікаў садку чакае праверка ў сувязі з гэтымі справамі.

— Н. прыняла гэта блізка да сэрца. Казала, што нейкія паперы ў яе не ў парадку. Такая панікёрка! Магчыма, баялася агалоскі і ёй было сорамна перад роднымі, — кажуць яе знаёмыя.

Калі іншыя калегі Пастуховай у размовах са сьледчымі давалі выкрывальныя паказаньні супраць загадчыцы, Н. нібыта яе выгароджвала. Пасьля шкадавала, бо, кажуць знаёмыя, нібыта баялася вочнай стаўкі.

Паводле папярэдніх зьвестак, Пастухова незаконна завалодала 6 тысячамі даляраў — нібыта выплачвала сваім падначаленым прэміі, якія потым забірала і выкарыстоўвала па-свойму.

Партрэт Алы Пастуховай быў на раённай дошцы гонару. Яна мела ганаровую грамату Магілёўскага аблвыканкаму, нязьменна старшынявала ва ўчастковых выбарчых камісіях.

— Аблашчаная ўладамі, яна ўмела сябе добра паднесьці. Страх зусім страціла. Усюды пераможца, граматы, першыя месцы. Старшыня выбарчых камісій, патрэбныя працэнты. Дзякуючы гэтаму ёй усё сыходзіла з рук, — кажа ў інтэрвію Свабодзе жыхар Крычава, які быў знаёмы з Пастуховай.

Муж Пастуховай — настаўнік сьпеваў. Яе дарослая дачка жыве ў Магілёве. Як кажуць у Крычаве, жыла Пастухова нябедна, набыла кватэру, машыну, дом, кватэру дачцэ.

Знаёмы Пастуховай кажа, што ніхто ў горадзе пра яе арышт моцна не шкадаваў.

— Брала ўсім, толькі, можа, хартовымі шчанюкамі ня брала. Ніякага жалю (да яе. — РС) у людзей няма. Наадварот — нібы так і трэба, — кажа ён.

Пошукі 78-гадовай маці працягваюцца. Пахаваньне загінулай Н. прызначана на 11 красавіка.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 2.9(20)