Скандалы

Былы дырэктар Гарадзейскага цукровага камбіната выйшаў на волю, атрымаўшы ў вотчыну калгас

Як стала вядома Нашай Ніве, выйшаў на волю былы дырэктар Гарадзейскага цукровага камбіната, які ў 2021-м быў асуджаны на 13 гадоў калоніі за хабарніцтва ў асабліва буйным памеры.

Некалі, каб яго затрымаць, разварочвалі самалёт, а па заўчасным выхадзе з калоніі Міхаілу Крыштаповічу далі кіраўнічую пасаду.

Міхаіл Крыштаповіч. Фота ctv.by

На пачатку 2020-га самалёт «Белавіі», які ляцеў у Мюнхен, развярнулі па загадзе Лукашэнкі і пасадзілі ў Гродне. У самалёце быў у тым ліку Міхаіл Крыштаповіч, на той час — дырэктар Гарадзейскага цукровага камбіната. Па прызямленні яго арыштаваў КДБ.

Па «справе цукровых заводаў» праходзіла некалькі дырэктараў заводаў (Жабінкаўскага, Слуцкага, Скідзельскага і Гарадзейскага), а таксама некалькі камерсантаў і намеснік Карпянкова ў ГУБАЗіКу — начальнік 2-га ўпраўлення Уладзімір Ціхіня.

КДБ заявіў, што праз дзеянне гэтай групы бюджэт недалічыўся 70 мільёнаў даляраў. Сама схема заключалася ў адгрузцы пасярэднікам цукру па стратных цэнах з наступнай рэалізацыяй праз неабавязковую пракладку па завышанай цане. Чыноўнікі з гэтага мелі долю, як і Ціхіня, які кансультаваў змоўшчыкаў на прадмет бяспекі і інтарэсу да іх сумежных органаў.

У 2021-м многія (апроч Ціхіні, які выйшаў перад выбарамі апрацоўваць крымінальны элемент для барацьбы з апазіцыяй), атрымалі тэрміны.

Крыштаповіч атрымаў 13 гадоў калоніі. Адбываў тэрмін у Бабруйску.

Але, як нам стала вядома, шматразовыя хадайніцтвы Крыштаповіча на імя Лукашэнкі аб памілаванні далі плён, і Крыштаповіч быў памілаваны. Днямі ён выйшаў з калоніі.

— Больш за тое, Крыштаповіч атрымаў у падпарадкаванне калгас у адной з абласцей. Вяртаецца на свабоду ўпраўленцам, — сказала «Нашай Ніве» абазнаная крыніца.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 1.3(21)