БТ прызнала тое, чаго нібыта не было: успышку пнэўманій і каранавірусу ў Докшыцах

У Докшыцах у красавіку была зафіксаваная ўспышка захворваньняў на пнэўманію. Аднак улады катэгарычна адмаўлялі, што пнэўманіі зьвязаныя з COVID-19, піша Радыё Свабода.

Цяпер дзяржаўны тэлеканал «Беларусь-1» вуснамі докшыцкіх лекараў паведамляе, што колькасьць выпадкаў пнэўманіяў, у тым ліку выкліканых каранавірусам, «зьнізілася на 60%». Да якога пэрыяду адносіцца заява пра 60%, не ўдакладняецца.

На пачатку красавіка мясцовыя жыхары і недзяржаўныя СМІ забілі трывогу: у Докшыцах з насельніцтвам 7 тысяч чалавек было зафіксавана 85 выпадкаў пнэўманіі.

17 красавіка афіцыйныя ўлады афіцыйна пацьвердзілі наяўнасьць 72 пацыентаў з COVID-19 у Докшыцах. Пра гэта паведаміў начальнік Упраўленьня здароўя Віцебскага аблвыканкаму Міхаіл Вішнявецкі. У той жа дзень падчас прэсавай канфэрэнцыі міністар здароўя Ўладзімер Каранік заявіў, што ў Докшыцах лябараторна пацьверджана толькі 20 выпадкаў COVID-19.

За два папярэднія тыдні ў Докшыцах памерлі прынамсі 9 чалавек, у якіх была пнэўманія — гэту інфармацыю Свабодзе пацьвердзілі сваякі памерлых. 22 красавіка стала вядома пра сьмерць 45-гадовай мэдсястры Ксеніі Р., якая працавала ў Докшыцкім цэнтральным раённым шпіталі. У выніку ў Докшыцах школы перайшлі на дыстанцыйнае навучаньне.

13 траўня карэспандэнтка БТ паведаміла, што ў Докшыцах аддзяленьні, перапрафіляваныя пад лячэньне пацыентаў з COVID-19, вяртаюцца да звычайнага рэжыму працы. Лекары і сярэдні мэдпэрсанал ідуць у адпачынкі — пнэўманію і каранавірус у раёне нібыта перамаглі.

Словы карэспандэнткі пацьвярджаюць у эфіры БТ галоўны лекар Докшыцкага шпіталя Сяргей Кубор і загадчыца тэрапэўтычнага аддзяленьня Аксана Юнцэвіч.

8 траўня галоўны лекар Докшыцкага цэнтральнага раённага шпіталя Сяргей Кубар казаў «СБ. Беларусь сегодня», што падобных сытуацыяў за 25 год працы ён не прыгадвае: хіба штосьці падобнае было ў 2009-м падчас эпідэміі сьвінога грыпу, але «там іншая спэцыфіка, ды і ўскладненьні прасьцей паддаваліся лячэньню».

Каранавірус у Доме друку: больш за 20 захварэлі, супрацоўніца памерла

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.9(33)