Каранавірус у Доме друку: больш за 20 захварэлі, супрацоўніца памерла

Гэтую інфармацыю крыніц з выдавецтва Свабодзе пацьвердзіў намесьнік гендырэктара Юрый Арыхоўскі. Паводле яго, усяго захварэлі «больш за 20 чалавек», але дакладнай лічбы намесьнік гендырэктара выдавецтва не назваў.

6 траўня Юрый Арыхоўскі паведаміў журналістам, што на каранавірус захварэлі 17 супрацоўнікаў выдавецтва. Выходзіць, дынаміка адмоўная?

— Сытуацыя кожны дзень мяняецца. То плюс, то мінус. Сёньня больш ня стала, а як будзе, прадказаць цяжка. Па дакладныя зьвесткі зьвяртайцеся з афіцыйным запытам, — сказаў Юрый Арыхоўскі.

Паводле топ-мэнэджара, выдавецтва працягвае працаваць у звычайным рэжыме, рэгулярна праводзіцца дэзынфэкцыя памяшканьняў, супрацоўнікі прадпрыемства карыстаюцца сродкамі індывідуальнай абароны і прытрымліваюцца сацыяльнага дыстанцыяваньня.

Юрый Арыхоўскі пацьвердзіў, што адна з супрацоўніц, у якой раней быў выяўлены каранавірус, памерла ў шпіталі, але прычыну сьмерці не назваў.

— Само прадпрыемства ня мае на руках пасьведчаньня аб сьмерці, таму як мы можам казаць пра прычыну сьмерці? — сказаў Юрый Арыхоўскі.

Па зьвестках супрацоўніцы выдавецтва, якая прасіла яе не называць, усяго на дадзены момант у Доме друку захварэлі 28 супрацоўнікаў, а адна жанчына, якой быў 51 год, памерла.

Паводле суразмоўцы, на прадпрыемстве кажуць сама меней пра дзьве магчымыя крыніцы масавага захворваньня.

— У аднаго супрацоўніка жонка працуе на хуткай дапамозе. Другі магчымы шлях — у працаўніка сваяк займаецца пастаўкамі грузаў з-за мяжы. Але праблема ў тым, што ён ведаў пра хваробу сваяка, але працягваў прыходзіць на працу. Чаму не пайшоў на самаізаляцыю, невядома. І цяпер у нас 28 захварэлі ды яшчэ шмат хто на самаізаляцыі, — сказала працаўніца выдавецтва «Беларускі дом друку».

Карэспандэнт Свабоды патэлефанаваў адказнаму супрацоўніку выдавецтва, які ўжо больш як два тыдні шпіталізаваны з каранавірусам.

— Так, яшчэ хварэю, ніяк не адпускае. Пачуваюся ўжо лепш, але тэсты яшчэ не адмоўныя, таму працягваю лячэньне, — сказаў суразмоўца.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.7(17)