Скандалы
Мікола Чарняўскі

БНФ папрасіў пракуратуру разабрацца з геямі (+ фота скандальных улётак)

Актывісты маладзечанскай гей-суполкі сцвярджалі, што яны падтрымліваюць кандыдатаў ад БНФ, бо тыя «стаўшы дэпутатамі, змогуць дамагчыся правядзеньня гей-парада і адчыняць першы ў горадзе гей-клуб». У адказ намеснік старшыні Партыі БНФ Ігар Лялькоў падаў заяву ў пракуратуру на ўзбуджэнне крымінальнай справы.

У пракуратуру кандыдат у дэпутаты мясцовых саветаў Ігар Лялькоў звярнуўся з нагоды распаўсюду ў горадзе ўлётак у яго падтрымку ад імя гей-суполкі «Вясёлка». Палітык палічыў гэтую інфармацыю абразлівай для сябе і ўпэўнены, што распаўсюд такіх улётак з’яўляецца грубым парушэннем выбарчага заканадаўства.

Актывісты гей-суполкі «Вясёлка» сцвярджаюць ва ўлётках, што яны падтрымліваюць Ігара Лялькова і яшчэ аднаго сябра Партыі БНФ Яна Лагвіновіча, бо тыя «стаўшы дэпутатамі, змогуць дамагчыся правядзеньня гей-парада і адчыняць першы ў горадзе гей-клуб». Спасылаючыся на еўрапейскі выбар Партыі БНФ, актывісты «Вясёлкі» ўпэўненыя, што сябры Партыі БНФ дапамогуць ім легалізаваць у Беларусі аднаполыя шлюбы.

Ігар Лялькоў заявіў, што такая правакацыя звязаная непасрэдна з выбарамі, якія адбудуцца 25 красавіка.

Ян Лагвіновіч распаўсюдзіў наступную заяву:

– Тыя, хто прыме гэта за праўду – не мой электарат. Хаця не выключна, што я прывабліваю і людзей нетрадыцыйнай арыентацыі, бо карыстаюся туалетнай вадой «Dolce&Gabbana» :) А пра тое, якой арыентацыі асабіста я, лепей спытаць у маёй жонкі, з якой мы разам 10 год, што, дарэчы, будзем святкаваць на наступны дзень пасля выбараў. І спадзяюся, таксама адзначым нашу перамогу.

Улёткі, у якіх сцвярджаецца, што кандыдатаў у дэпутаты Ігара Лялькова і Яна Лагвіновіча падтрымлівае маладзечанская гей-супольнасць, з’явіліся ў горадзе у ноч з 17 на 18 красавіка. Улёткі звярстаныя «пад афіцыйныя», нават пазначана, што яны надрукаваныя ў гарадской друкарні «Перамога».

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)