Скандалы
Алена Ціхановіч, «Радыё Свабода»

Белавескай пушчы не працягнулі дыплём Рады Эўропы

Дзеяньне дыплёма Рады Эўропы для Нацыянальнага парку «Белавеская пушча» прыпыненае ўжо некалькі гадоў. Гэты дыплём зьяўляецца прэстыжнай узнагародай, якой адзначаюць посьпехі нацыянальных паркаў і запаведнікаў у сфэры аховы прыроды. Яго Белавежская пушча атрымала ў 1997 годзе.

У кастрычніку 2007 года беларускі бок павінен быў падаць экспэртам

Рады Эўропы плян кіраваньня паркам на дзесяць гадоў, які зьяўляецца умовай падаўжэньня дзеяньня дыплёма, аднак да гэтага тэрміну дакумэнт падрыхтаваць не атрымалася.

Беларускі МЗС накіраваў камітэту РЭ па пытаннях захаваньня біялягічнай і ляндшафтнай разнастайнасьці ліст, у якім тлумачыў прычыны затрымкі з падрыхтоўкай пляну, а таксама запэўніваў, што прыродаахоўная і гаспадарчая дзейнасьць у Белавескай пушчы адпавядае патрабаваньням і рэкамендацыям Рады Эўропы.

Камітэт прыняў да ўвагі гэтыя тлумачэньні і перанёс разгляд пытаньня на лістапад 2007 года, затым – на вясну 2008-га, на сакавік 2009-га і, нарэшце, на сакавік 2010 года, паведамляе БелаПАН.

Па словах прадстаўніка нацыянальнага парку, экспэрты Рады Эўропы чарговы раз адклалі падаўжэньне дыплёма для Белавескай пушчы ў сувязі з тым, што яны маюць намер асабіста пераканацца, «як будзе працаваць плян кіраваньня паркам».

Чакаецца, што сёлета для ацэнкі эфэктыўнасьці яго мерапрыемстваў нацыянальны парк наведае місія экспертаў ЮНЭСКА і Міжнароднай рады аховы прыроды. Актывіст экалягічнага руху Валер Дранчук пакамэнтаваў “Свабодзе” гэтую навіну:

“У 1997 годзе дыплём Рады Эўропы выдаваўся крыху авансам, гэта рабілася для таго, каб заахвочваць захаваньне эталёнаў прыроды. Але сытуацыя ў пушчы не палепшылася, і таму ўжо ў 2002 годзе паўстала пытаньне аб падаўжэньні дыплёму.

Тое, што кіраўнікі Нацыянальнага парку гавораць аб нейкіх тэхнічных момантах, аб праблемах перакладу на ангельскую мову,– гэта лухта. Праблемы зьмястоўныя, і яны далі адчувальны збой у 2002 годзе.

Тады беларуская грамадзкасьць заявіла, што ўмовы і рэкамэндацыі гэтага дыплёму не выконваюцца. У пушчы разгарнулася камэрцыйная дзейнасьць, дрэваапрацоўка, была практычна спыненая навуковая дзейнасьць.

Паводле спадара Дранчука, польская частка Белавескай пушчы выгодна адрозьніваецца ад беларускай, нездарма яе нядаўна наведаў англійскі прынц Чарльз.

“Польскі бок больш цывілізавана ахоўвае натуральны асяродак Белавескай пушчы, больш яе прапагандуе, і ўсё гэта робіцца на зусім іншым падмурку, зь іншымі падыходамі. І галоўнае, што там ёсьць навука.Там дзейнічае 3 прыродазнаўчыя інстытуты плюс 2 філіялы Акадэміі навук”.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)