Скандалы
Мiкола Дзябёла, “Звязда”

Бабруйскага маёра выгналі з арміі за гандаль салдатамі

Камандзір адной з часцей Бабруйскага гарнiзона замест таго, каб вучыць падначаленых салдатаў вайсковай справе, здаваў iх у арэнду камерсантам. Паводле звестак упраўлення iнфармацыi i сувязяў з грамадскасцю Генеральнай пракуратуры, маёр па просьбе свайго знаёмага накiроўваў у яго распараджэнне вайскоўцаў для пагрузкi будаўнiчых матэрыялаў.

За танную рабсiлу афiцэр атрымаў ад удзячнага бiзнэсмена "ганарар" у памеры 100 тысяч рублёў. І гэта быў не адзiнкавы выпадак, калi камандзiр часцi салдацкiмi рукамi паляпшаў свой дабрабыт. Як высветлiла пракуратура, камандзiр таксама "пазычаў" сваiх падначаленых адной фiрме для пагрузкi i разгрузкi садавiны.

За злоўжыванне ўладай Бабруйскi мiжгарнiзонны суд прыгаварыў маёра да 3 месяцаў арышту. Нядобрасумленны афiцэр таксама звольнены з Узброеных Сiлаў Беларусi.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)