Скандалы
Алег Мыцiк, «Мы»

Апазіцыянер падаў у суд на апазіцыянера за запiсы ў ЖЖ

Прычым мае месца прэцэдэнт — іск складзены паводле запісаў у ЖЖ. Фігуранты справы – Зміцер Вінаградаў, старшыня Мінскай абласной арганізацыі Партыі БНФ, і Сяргей Салаш, кіраўнік Барысаўскай гарадской суполкі тае самае партыі. У суд падаў першы на другога.

У позве чытаем: “Напрыканцы 2008 года мне патэлефанавалі знаёмыя і паведамілі, што ў інтэрнеце па адрасе Siarhiejsalas.livejournal.com змешачна інфармацыя пра маю асобу”. Вінаградаву не спадабаліся, як ён піша, “на згаданым сайце” сем “артыкулаў з каментарамі”. Назвы некаторых: "Справаздача па атрыманых грантах (для Дзімы Вінаградава і ягонага 22-гадовага сына Vitala); “Жанчынападобныя мужыкі”; “Дзіма Вінаградаў у Партыі БНФ: анамалія ці, урэшце, да партыі пачалі далучацца міліцыянты”.

Зміцер Вінаградаў просіць “прызнаць неадпавядаючымі сапраўданасці і ганьбячымі мой гонар, годнасць і дзелавую рэпутацыю звесткі” і “абавязаць Салаша Сяргея Аляксандравіча апублікаваць на тым жа сайце і тым жа шрыфтам абвяржэнне”, а таксама спагнаць з яго кампенсацыю маральнай шкоды ў памеры 2 100 000 рублёў.

На жаль, у іскавай заяве няма канкрэтных салашаўскіх цытат пра Вінаградава, якія таго абразілі. У суд прадстаўленыя раздрукоўкі, а з ЖЖ гэтыя запісы ўжо зніклі.

Салаш у інтэрв’ю “Мы” адказаў, што “выдаліў іх, каб не вісела гэтая брыдотная гісторыя”.

А вось што “Мы” прачыталі днямі на ЖЖ намесніка старшыні Партыі БНФ Юрася Губарэвіча: “Недзе ў другой палове красавіка стаў сведкам дыялогу, які адбываўся ў памяшканні Управы БНФ. Дзеючыя асобы: Зміцер Вінаградаў — кіраўнік абласной арганізацыі Партыі і Вінцук Вячорка — намеснік старшыні, якія размаўляюць паміж сабой, але ўголас, не тоячы змест размовы. Вячорка: “Ну, што, Зміцер, кажуць там Салаш на цябе заяву падаў?” Вінаградаў: “Так. У міліцыю выклікалі, пыталі, ці не я яму СМС дасылаю. Але справу ўжо закрылі”. Вячорка: “Гы-гы, нешта з хлопцам зусім не тое.” Вінаградаў: “Ну, мабыць, у яго гульня такая. Мне вось самому мясцовы КДБэшнік раіць на яго ў суд падаваць. Кажа, што стопрацэнтна выйграю справу”. Тут я не вытрымліваю і ўмешваюся ў размову: “Зміцер, а з якога гэта часу, ў высвятленні адносінаў паміж сабой, сябры БНФ кіруюцца парадамі супрацоўнікаў КДБ?” Вінаградаў: “А што? Там таксама нармальныя людзі працуюць.” Вячорка, які, відавочна быў на баку Вінаградава, чырванее і апускае вочы долу. Магчыма, я ніколі бы і не ўзгадаў тую размову, калі б днямі не даведаўся, што Вінаградаў прыслухаўся да парадаў “нармальных людзей”, і падаў-такі пазоў да Салаша”.

Што ж за канфлікт адбыўся паміж фронтаўцамі, што справа дайшла да суду?

Пазіцыя Вінаградава ясная – яна ў судовым іску.

Сяргей Салаш распавёў “Мы”, што ў выдаленых запісах вялося ў тым ліку пра гісторыю з ягонымі каментарамі, якая цягнецца з мінулага лета. Тады ён трапіў разам з сям’ёй у жудасную аварыю ва Украіне: “Пра гэта напісала адна незалежная газета. А Зміцер Вінаградаў даслаў туды, як мне стала вядома, з асабістай электроннай пошты ліст — маўляў, на што піярыце гэтага Салаша, з кучай абраз у дадатак. Я спрабаваў дамагчыся ад яго, каб ён хоць бы непублічна прызнаў факт гэтага ліста, але Вінаградаў адмоўчваўся. Затым мне пачалі прыходзіць штодня валам SMSкі”.

Салаш звярнуўся з заявай у міліцыю, дзе выклаў і сваё падазрэнне паводле шэрагу высветленых момантаў, што гэта можа быць Вінаградаў. Расследаванне пакуль нічога не дало. Затым пачаліся тэлефаванні на мабільны тэлефон і на хатні: “Нават калі мяне не было дома, размаўлялі з маёй жонкай, казалі розную брыдоту – напрыклад, прапаноўвалі ёй сэксуальныя паслугі, групавуху”.

Палітык кажа, што да кампаніі “даставання” далучыліся іншыя людзі з апазіцыі – у прыватнасці, з АГП.

Праз нейкі час абразлівыя SMS сталі атрымліваць і знаёмыя Салаша. З яго словаў, усе яны так ці інакш звязаныя з рухам “За свабоду”.

SMS прыходзяць дасюль — з “лайфаўскага” нумару.

Але днямі з’явіўся сайт Sasalash.narod.ru, на якім сцвярджаецца, што Салаш інсцэніраваў цкаванне дзеля самапіяру. Выкладзеная нават нібыта яго дамова з мабільным аператарам, праўда, там няма нумару пашпарту. І вось урэшце рэшт справа дайшла да суду, бо пацярпелым сябе палічыў Вінаградаў.

Рэакцыя ж Салаша на псіхалагічны ціск такая: “Смяюся з гэтага, асабліва калі аднаму барысаўскаму апазіцыянеру кажуць, што я сплю з ягонай жонкай, а мне кажуць, што ён спіць з маёй. Распавялі адзін адному, парагаталі. Але ўсё ж непрыемна амаль год вытрымліваць выліванне памыяў на цябе. Асабліва калі, скажам, згадваецца мой памерлы бацька: некаторыя SMS падпісваліся “Цень бацькі Салаша”. З КДБ ці не з КДБ гэта ўсё звязана, але робіцца ўсё тапорна. Зрэшты, мне падымаюць такім чынам рэйтынг, хаця, канешне, яны кажуць, што я самапіяруся”.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)