Ад каранавірусу памёр мастак, ліквідатар-чарнобылец Лявон Грышук

Пра сьмерць калегі Радыё Свабода паведамілі сябры суполкі «Пагоня», таксама гэта пацьвердзілі вернікі пратэстанцкай царквы, якую ён наведваў.

Пра, тое, што ў мужа каранавірусная інфэкцыя, у мінулым месяцы паведаміла жонка мастака. На наступны год Лявон Грышук мог адзначыць 70-гадовы юбілей.

Лявону Грышуку стала кепска ў сярэдзіне ліпеня, яго паклалі ў 6-ы менскі шпіталь. Практычна ад пачатку ён знаходзіўся на апараце вэнтыляцыі лёгкіх, апошнім часам яго ўвялі ў штучную кому. 2 жніўня сэрца ня вытрымала.

Час разьвітаньня і месца пахаваньня ўдакладняюцца.

Раней у Лявон Грышук расказваў, што пра наступствы працы ліквідатарам Чарнобыльскай аварыі. Выскоквалі пухліны на руках і нагах, іх выдалялі, але зноў зьяўляліся. Зьявіліся праблемы з сэрцам, сасудамі, выразалі жоўцевы пухір. Тэма наступстваў чарнобыльскай катастрофы стала адной са скразных у ягонай творчасьці.

Лявон Грышук нарадзіўся 2 траўня 1951 году ў вёсцы Глінкі на Меншчыне. Скончыў дзіцячую мастацкую студыю Каткова, Рэспубліканскую мастацкую школу, Менскую мастацкую вучэльню імя Глебава.

Служыў у савецкім войску, пасьля аварыі на ЧАЭС быў прызваны на зборы і камандзіраваны на Чарнобыльскую АЭС. У 1986 годзе ўзнагароджаны мэдалём за ўдзел у ліквідацыі аварыі. Сябра Саюзу мастакоў Беларусі. Удзельнік нацыянальных і міжнародных выставаў. Працы знаходзяцца ў музэях краіны, прыватных калекцыях у Беларусі і за яе межамі.

Оцени статью:
1
2
3
4
5
Средний балл - 5 (оценок:12)