27-гадовая мінчанка другі раз захварэла на каранавірус

Марыі Кісялёвай 27 год. Першы раз дзяўчына захварэла ў маі. Мяркуе, што заразілася на працы — у калегі за пяць дзён да гэтага пацвердзіўся каранавірус.

Фота з асабістага архіву

— Больш не было дзе падчапіць. Тады я прытрымлівалася сацыяльнай дыстанцыі, амаль не была ў крамах, усё замаўляла па дастаўцы. На працу і назад ездзіла на машыне, — расказвае дзяўчына.

У першыя дні хваробы ў яе паднялася тэмпература да 38 градусаў, пачаўся кашаль. Марыя выклікала доктара.

— Мне два тыдні не хацелі рабіць тэст. Я хадзіла раз на некалькі дзён, як звычайна пры прастудзе, у паліклініку.

Мне спачатку прызначылі адзін антыбіётык, потым другі, потым трэці — і нічога не дапамагала. Тэмпература ўсё адно была, толькі знілася да 37,5. Схадзіць у паліклініку і назад было фізічна цяжка. Цэлы дзень хацелася спаць, не было сіл, — успамінае Марыя.

Калі мазок нарэшце ўзялі, сумневаў не засталося — каранавірус. Дзяўчыне таксама рабілі рэнтген, каб выключыць пнеўманію. Агулам на бальнічным мінчанка правяла 40 дзён. Але і пасля хваробы сілы вярнуліся не адразу. Некалькі тыдняў дзяўчына старалася абмяжоўваць фізічную актыўнасць.

Марыя пазней стала донарам плазмы: убачыла аб’яву на сайце 6-й бальніцы і запісалася. Антыцелы яна здавала чатыры разы, апошні — месяц таму.

Пра каранавірус яна не ўспамінала, пакуль у пятніцу 16 кастрычніка зноў не адчула знаёмыя сімптомы — тэмпература 37,5, кашаль, слабасць. Некалькі дзён Марыя дрэнна адчувала смак.

— Спачатку падумала: восень, усё можа быць, што ВРВІ. Пасля выходных звярнулася ў паліклініку. Доктарка сказала, што няма тэстаў у наяўнасці, хочаце — рабіце самі. Больш для самазаспакаення я ў пятніцу з’ездзіла ў прыватную лабараторыю і здала экспрэс-тэст на антыцелы.

Экспрэс-тэст паказвае, ці ёсць у крыві імунаглабуліны М і G. Першыя сведчаць пра тое, што ў арганізме свежая інфекцыя. Другія — што ў адказ на каранавірус выпрацаваліся антыцелы (але як даўно, невядома). У Марыі выявілі абодва віды імунаглабулінаў.

— Калі здавала тэст, я падпісвала пагадненне, што, калі ў мяне знойдуцца антыцелы М, якія паказваюць, што ты хварэеш у цяперашні час, лабараторыя перадасць мае дадзеныя санстанцыі і паліклініцы.

Марыя адзначае, што адчувае сябе лепш, чым у мінулы раз. Яна яшчэ працягвае лячэнне.

Оцени статью:
1
2
3
4
5
Средний балл - 4.3 (оценок:6)