Затрыманьне Дашкевіча — каб не забывалі, у якой краіне жывяце

Піша Віталь Цыганкоў на Радыё Свабода.

Фота Радыё Свабода

«Ну навошта? Ну навошта гэта рабіць? Навошта было затрымліваць Дашкевіча? Асабліва цяпер, калі трэба паказаць, прадэманстраваць нацыянальную еднасьць, кансалідацыю і ўлады і апазыцыі на грунце абароны сувэрэнітэту?»

Чую такія развагі — і думаю: як усё паўтараецца. Год за годам — усё тое самае.

Кожны раз, асабліва на фоне новага абвастрэньня «пагрозы з боку Масквы», самыя розныя людзі, ад актывістаў да палітыкаў і аглядальнікаў, пачынаюць задавацца пытаньнем — чаму ўлада ня хоча зрабіць крок насустрач апазыцыі, незалежнаму грамадзтву? Бо, маўляў, трэба ж даць адказ Маскве, паказаць, што за незалежнасьць у нас большасьць, што людзі гатовыя выйсьці на вуліцы, што ўлада ў Беларусі не сама па сабе, а разам з грамадзтвам.

І таму, дзьве хвіліны, прамоўленыя Лукашэнкам па-беларуску раз на пяць гадоў, раптам робяцца ў галовах многіх людзей «знакам», што вось-вось нешта зьменіцца, што ўлада ўсё зразумела і нарэшце зробіць той самы крок насустрач незалежнаму грамадзтву і нацыянальным каштоўнасьцям. Але потым праходзіць чарговая «вялікая размова» з Лукашэнкам, дзе ён не пакідае ніякіх ілюзіяў і пра Курапаты, і пра Нацыянальны ўнівэрсытэт, і пра беларускую мову.

Проста ў Лукашэнкі свая, урэшце, дастаткова пасьлядоўная лёгіка. Ён лічыць, што калі рабіць саступкі, то апанэнты на гэтым ня спыняцца, — і дзякуй ня скажуць, і будуць патрабаваць новых саступак. І калі так закруціцца, то можа паўтарыцца тое самае, што здарылася з Гарбачовым і ягонай перабудовай. А Лукашэнка, як неяк заўважыў Юры Дракахруст, вельмі баіцца паўтарыць палітычны лёс першага і апошняга Прэзыдэнта СССР.

Таму пасьля любой лыжачкі мёду ўладамі заўсёды на дэсэрт прыгатаванае вядро дзёгцю. Саступкі калі і робяцца (хутчэй, праўда, дзеля Захаду, а не грамадзтва) — дык толькі для таго, каб адразу «для балянсу» зрабіць крок у адваротным кірунку. Прапусьцілі двух амаль апазыцыйных кандыдатаў у Палату прадстаўнікоў — і многія ўжо меркавалі, што на мясцовых выбарах прапусьцяць некалькі дзясяткаў чалавек. Ды дзе там — дэпутатам ня стаў ніводзін. У 2017-м 25 сакавіка быў масавы хапун і «справа патрыётаў». У 2018-м дазволілі масавы мітынг і канцэрт, — але, каб жыцьцё мёдам не здавалася, каб папсаваць уражаньне ад сьвята, усё роўна пасьля канцэрту пахапалі некалькі дзясяткаў чалавек. Абяцаную дошку ў гонар БНР так і не паставілі.

Сёлета арганізатараў БНР-101 мурыжылі да апошняга, каб дэ-факта сарваць масавасьць і крэатыўнасьць сьвяткаваньня. А калі пабачылі, што адзначэньне і ў Горадні і ў Менску прайшло даволі годна і прыстойна — дык вырашылі падкінуць таго самага дзёгцю, затрымаўшы Дашкевіча.

Для чаго? А каб раптам у шырокіх масаў грамадзкасьці не зьявілася рэальнага ўражаньня, што «горад наш», улада адступае і перамога ідзе за перамогай. На кожную нават уяўную «перамогу» ўлады знаходзяць такі сымбалічны адказ, які хуценька павінен нагадаць, у якой краіне мы жывем і хто тут сапраўдны гаспадар.

«Усё будзе добра, жыве Беларусь!»: Как прошел День Воли в Минске

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.1(40)