Скандалы
Алена Якжык

З БНФ са скандалам выйшла амаль сто актывістаў

Для СМІ распаўсюджана заява 86 сябраў мінскай гарадской арганізацыі БНФ аб нязгодзе з палітыкай кіраўніцтва і выхадзе з партыі. «Шкадавання, што мы губляем людзей няма»,– сказаў лідэр Фронту Аляксей Янукевіч «Салідарнасці» і абгрунтаваў чаму.

Нарастанню канфлікту паслужылі падзеі 4 лютага. Праблема ўзнікла паміж кіраўніцтвам БНФ і Мінскай арганізацыяй партыі. Як афіцыйна паведамляла апошняя: “кіраўніцтва партыі сарвала сход Мінскай гарадской арганізацыі”.

І вось праз тыдзень з партыі выходзяць больш за восем дзясяткаў сябраў. Сярод падпісантаў заявы шмат вядомых прозвішчаў: былы старшыня Лявон Баршчэўскі, прафесар Юрый Хадыка, мастак Аляксей Марачкін, дэпутатка Вярхоўнага Савету Галіна Сямдзянава. З выхадам апошняй, паведамляецца, а таксама Людмілы Белахвоставай, перастала існаваць Рэвізійная камісія Партыі БНФ.

У заяве адзначаецца: “Палітыка цяперашняга кіраўніцтва Партыі БНФ не адпавядае выклікам сучаснасці, пярэчыць самому духу нацыянальнай дэмакратыі, свабоды, маральнасці і прынцыповасці, з якім атаясамліваўся Беларускі Народны Фронт ад яго заснавання ў 1988 годзе”.

– Мы асуджаем курс Янукевіча-Кастусёва на супрацу з дыктатурай Лукашэнкі, – каментуе выхад з партыі сябра Рады суполкі Кастрычніцкага раёна БНФ Людміла Белахвостава. – Разам з тым мы не хочам траціць час на ўнутраныя разборкі, калі сітуацыя ў краіне патрабуе кансалідацыі апазіцыі і рашучых дзеянняў. Мы спрабавалі размаўляць, але нам было сказана: “выходзьце з партыі”. Няма сэнсу заставацца ў арганізацыі, якая перастала адпавядаць сваёй назве і праграмным каштоўнасцям.

Мінскіх актывістаў падтрымалі некалькі дзясяткаў рэгіянальных, у тым ліку з Кобрына і Берасця.

Сам кіраўнік Партыі БНФ Аляксей Янукевіч зараз знаходзіцца ў Бруселі на палітычнай асамблеі Еўрапейскай народнай партыі. Навіну аб выхадзе дзясяткаў людзей з шэрагаў Фронту ён пачуў ад карэспандэнта “Салідарнасці”.

– Я не ведаю ўсіх прозвішчаў, якія стаяць пад заявай. Але ж тыя, што вы назвалі, пераважная большасць падпісантаў – гэта людзі, якія больш за год ніякай партыйнай дзейнасцю у БНФ не займаюцца, амаль ніяк сябе падчас выбарчай кампаніі не праявілі, – кажа суразмоўца. – Гэтыя людзі рэальна працавалі на дыскрэдытацыю Партыі БНФ, усяго дэмакратычная руху. Са сваёй заявай яны фактычна працягваюць працаваць на рэжым Лукашэнкі, таму што любыя ўнутраныя разборкі сёння іграюць на руку ўладам. І гэта незалежна ад матыву падпісантаў (а я не ведаю, свядома ці не гэтыя людзі выйшлі з партыі).

Па словах Аляксея Янукевіча, у яго ёсць інфармацыя, што плануецца спроба стварэння новай партыі “з няяснай ідэалогіяй”.

– Гэта партыя, безумоўна, ніколі не будзе створана. Але размовы пра яе будуць зноў жа перашкаджаць разуменню таго, што адбываецца ў апазіцыі. Як з боку беларускай грамадскасці, так і з боку міжнароднай супольнасці. Таму шкадавання, што мы губляем людзей, няма, – падсумаваў ён.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)