Коктейль
Мікола Чарняўскі, фота Юліі Аляксандравай

«Яны там зараз б’юцца, каму ж усё такі даць галоўную рок-карону» (фотарэпартаж)

Рэпартаж «Салідарнасці» з цырымоніі «Рок-Каранацыя-2009», што прайшла 4 сакавіка ў клубе «Рэактар»: чаму лідэры «Neuro Dubel» пераўтварыліся ў барадатых дзядоў, як падкалолі «The Toobеs» і каму дасталася галоўная рок-карона.

Летась «Рок-Каранацыя» праходзіла ўпершыню не ў сталіцы, а ў Маладзечна, ды яшчэ ў суправаджэнні сімфанічнага аркестра. Сёлета ўзнагароды вырашылі ўручыць у клубнай абстаноўцы. Маладыя прыхільнікі беларускай рок-музыкі нарэшце атрымалі магчымасць патанчыць на танцпляцы і не баяцца суворых ахоўнікаў.

Вядучыя цырымоніі Алег Хаменка і Інна Кашырына адразу запрасілі на сцэну ўладальнікаў галоўнай рок-кароны-2008 «Ляпіс Трубяцкі». Гурт адыграў самую вялікую праграму ў гэты вечар (каля 40 хвілін) і атрымаў з рук музычнага крытыка Зміцера Падбярэзкага чарговую карону. «Песняй 2009 году» былі прызнаны «Ружовыя акуляры».

Пераможцу ў намінацыі «Дэбют году» выйшла абвяшчаць тэлевядучая Аксана Вечар. Пасля раскрыцця канверту было абвешчана: «The Toobеs»! Публіка завішчала.

– Адзінае, чаго ім не стае – ведання беларускай мовы, – не ўпусціла магчымасць адзначыць Аксана Вечар.

Стас Ламакін, што ішоў у гэты момант наладжваць бубны, ўздрыгнуў і абярнуўся.

– Яны не ведаюць, але любяць беларускую мову, – разруліў сітуацыю Алег Хаменка. Публіка адказала апладысментамі.

Пераможцу ў намінацыі «Традыцыі і сучаснасць» назвала каардынатар кампаніі «Будзьма» Ніна Шыдлоўская. Ім аказаўся гурт «Крама».

– У «The Toobеs» вялікая будучыня. А мы атрымалі перамогу ў старыкоўскай, пенсіённай намінацыі. Дзякуй богу, што нас не забываюць, – пачаў з жартаў лідэр гурту Ігар Варашкевіч. «Крама» зайграла дзве новыя песні.

У намінацыі «Поп-рок праект» пераможцай стаў гурт «Open Space».

Рок-князёўнай была прызнана Наста Шпакоўская. Ёй і гурту «Naka» рок-карону ўручыў паэт Леанід-Дранько Майсюк.

Карону за перамогу ў намінацыі «Праект году» з лёгкай рукі Ніны Шыдлоўскай атрымаў праект «Тузін гітоў. Перазагрузка», у рамках якога айчынныя музыкі запісалі беларускамоўныя версіі сваіх хітоў. Атрымоўваць выйшаў стваральнік сайта «Тузін гітоў» Вецер Механічны, які асабліва падзякаў аўтару праекту Сяргею Будкіну.

«Падзеяй году» быў прызнаны акустычны канцэрт NRM у КЗ «Мінск», прысвечаны 15-годдзю гурта. Рок-карону з рук паэта і дызайнера Міхала Анемпадыстава выйшаў атрымоўваць Вацлаў Шаблінскі.

У намінацыях «рэп-праект» і «Вяртанне году» пераможцу абвесцілі вядучыя – імі сталі гурты «Нестандартны варыянт» і «Жнюв» адпаведна.

У намінацыі «За вялікі ўклад у развіццё беларускага року» пісьменнік і выдавец Уладзімір Сіўчыкаў перадаў рок-карону «Neuro Dubel». На сцэну выйшлі барадатыя дзяды: моцна загрыміраваныя Кулінковіч («годы бяруць сваё») і Навумаў («наш адказ Лінкальну»).

У намінацыі «За адданасць жанру» пераможцай стаў «Князь Мышкін».

Банкет за столікамі на другім паверсе ішоў ужо да свайго сканчэння, а ўладальнікі галоўных рок-карон вызначаны яшчэ не былі. Алег Хаменка падзяліўся з танцпляцам:

– Яны там зараз б’юцца і не могуць вырашыць, каму ж усё такі даць галоўную рок-карону.

– «Ляпіс»! «Ляпіс»! – заскандавала моладзь.

– «Ляпіс» ужо ў Маскве, мы яго ўжо не дачакаемся, – выклікаў смех вядучы.

У намінацыі «Выканаўца году» пераможцу выбіралі з Лявона Вольскага, Зміцера Вайцюшкевіча, Віталіка Артыста, Івана Кірчука і Сяргея Міхалка. У выніку атрымоўваць рок-карону запрасілі Вайцюшкевіча. Выканаўца падняўся на сцэну ў ружовай майцы з надпісам «I want to be Barbie - The bitch gets everything» («Я хачу быць Барбі – Сука атрымлівае ўсё»).

– Мне старому пярдуну прыходзіцца цягацца з старым пярдуном Вольскім і старым пярдуном Міхалком, – з усмешкай адзначыў Вайцюшкевіч і затым парваў залю песнямі «Яна не анёл» і «Беларускі мужчына».

А пасля пачаўся бенефіс гурту «Без Билета». Гурт атрымаў рок-кароны за «Кліп году» і «Альбом году» – у дзвюх намінацыях перамагла «Афрыка». У другой намінацыі яна апярэдзіла «Культпросвет» «Ляпіса» і «Hello» «the Toobеs».

Пераможцу ў галоўнай намінацыі «Гурт году» выйшаў абвяшчаць капітан каманды ў клубе «Што? Дзе? Калі?» Алесь Мухін. Ён адкрыў канверт і пасля паўзы заявіў: «Без Билета»!

Цырымонія скончылася песняй «Мая краіна Беларусь» – галоўнай кампазіцыяй дэбютнага беларускамоўнага альбому гурту.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)