«Яна згарэла за чатыры дні». У Ляхавіцкім раёне памерла 38-гадовая жанчына

Учора памерла 38-гадовая Алена Ш. зь вёскі Гаслаўшчына Ляхавіцкага раёну. Сваякам пакуль невядома, ці быў у яе COVID-19, бо вынік тэсту, які рабілі ў мінулую пятніцу, ім яшчэ не паведамілі, піша Радыё Свабода.

Бралі яшчэ паўторны аналіз 5 траўня, выніку сваякі таксама пакуль ня ведаюць.

Аднак нябожчыцу хавалі на могілках у Русінавічах у цэляфанавым пакеце і ў закрытай дамавіне.

Алена Ш. працавала ў Ляхавіцкай бібліятэцы.

— Калі яна сябе дрэнна адчула, яна вырашыла пайсьці на самаізаляцыю. Узяла адпачынак на працы, мая бабуля таксама, і ўдзьвюх яны закрыліся на самаізаляцыю, сядзелі дома, — расказвае Радыё Свабода 19-гадовы сын нябожчыцы Ўладзімер. — Але тут маці выклікалі на два дні на працу. Пасьля гэтых двух дзён у яе паднялася тэмпэратура. Спачатку 37,2, і пайшло. Яна зьвярнулася да лекара. У яе цягам 8 дзён быў бальнічны, і яна празь дзень езьдзіла ў паліклініку. Але ёй не хацелі рабіць здымак, казалі, што для гэтага няма паказаньняў.

Уладзімер кажа, што ў маці быў моцны кашаль. Урэшце ў паліклініцы накіравалі яе на здымак лёгкіх.

— Зрабілі здымак і знайшлі правабаковую пнэўманію. Яе паклалі ў інфэкцыйнае аддзяленьне Ляхавіцкай бальніцы, дзе яна ляжала два дні. Потым ёй стала горш, і яе перавялі пад кісларод, — кажа сын. — Потым недзе ў абед у бальніцы казалі, што яе будуць падключаць на ШВЛ. Але потым яна патэлефанавала, што, сказалі, яе ня будуць падключаць на ШВЛ, бо ёй лепш. Гэта было цягам двух дзён, і пазаўчора яна мне патэлефанавала, што ёй будуць уводзіць плязму.

Пасьля гэтага, кажа хлопец, яны два дні не маглі датэлефанавацца да Алены. 7 траўня а 6-й раніцы ім паведамілі, што жанчына памерла.

— Яна згарэла за чатыры дні, менавіта столькі праляжала ў інфэкцыйным аддзяленьні, — кажа сын Уладзімер.

У сям’і застаўся яшчэ малодшы брат Уладзімера, бацька і бабуля.

Уладзімер сказаў, што ў яго таксама ўзялі аналіз на каранавірус, але вынік пакуль невядомы. Бацьку папрасілі пайсьці ў водпуск на два тыдні.

— З бабуляй мы стараліся не кантактаваць, але апошнія дні мусілі, — сказаў ён.

Тое, што аналізу пакуль няма, Уладзімеру патлумачылі тым, што ў Берасьцейскай вобласьці толькі адна лябараторыя і ў сярэднім адказы прыходзяць праз 10–12 дзён.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 2.9(12)