Спорт
Фота TUT.BY

«Яна вельмі моцная, удары вылятаюць як з гаўбіцы” (фота)

Беларуска Алеся Граф абараніла тытул чэмпіёнкі свету па боксу сярод прафесіяналаў. Нямецкая прэса сцвярджае, што наша суайчынніца можа не толькі змагацца на рынгу, але і працаваць мадэлькай.

Упершыню Алеся Граф выйшла на прафесійны рынг у лютым 2004 году. А праз два гады, як паведамляе “Байцоўскі клуб”, наша паненка выйграла прэстыжны пояс — ў двубоі з Мэрлін Эрнандэс (Дамініканская Рэспубліка).

Потым тытул у Алесі спрабавала адваяваць Марыя Анкарэна з Уругвая.

Двубой праходзіў у Магдэбурзе і мусіў быў доўжыцца 10 раундаў. Анкарэна — адна з лідэраў жаночага бокса, вельмі моцная фізічна. Але наша дзяўчына накаўтавала суперніцу ўжо ў чацвертым раундзе.

І вось цяпер Алеся Граф перамагла мексіканку Эсмеральду Марэна. Беларуске аддалі перавагу ўсе суддзі: 97-93, 97-94, 98-92.

Алеся Граф нарадзілася ў Гомелі і там жа пачала займацца боксам. Сапраўднае прозвішча Алесі — Клімовіч. Зараз ёй 25. Шэсць гадоў таму яна пераехала ў Штутгарт да вядомага нямецкага трэнера Торстэна Шмітца. І праз колькі гадоў стала там зоркай.

Алеся правяла 16 прафесійных баёў і прайграла толькі аднойчы Алісіі Эшлі з Ямайкі. Гэта быў двубой за тытул чэмпіёнкі свету ў версіі WIBF. Як сведчаць журналісты нямецкіх газет, «двубой быў роўны, можна было аддаваць перамогу і туды, і туды».

«Яна вельмі моцная, удары вылятаюць як з гаўбіцы,— піша пра нашу Алесю вядомая нямецкая газета Die Tageszeitung.— І яна прыгажуня, можа не толькі змагацца на рынгу, але і працаваць мадэлькай. Да таго ж Алеся Граф вельмі інтэлігентная».

Карацей, нашу паненку там вельмі любяць. А яна працягвае выступаць пад беларускім сцягам і называе сябе не інакш як беларускай.

Цікава і тое, што Алесю Граф апякуе былы менеджэр братоў Клічко Клаус Петэр Коль.

Таксама вядома, што Алеся Граф яшчэ не ўзяла шлюб. Яна адна з самых папулярных нявест у Штутгарце.

Як зважае “Байцоўскі клуб”, у жаночым боксе ёсць дзве найпрэстыжнейшыя прафесійныя версіі: GBU і WIBF. З большага чэмпіёнскія паясы ў іх трымаюць немкі, лацінаамерыканкі і баксёркі з ЗША. Наша Алеся — самая вядомая прадстаўніца славянскіх краін.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)