Общество

Сямён Печанко

Як атрымаць тэхпашпарт на аўто па-беларуску без страты часу і нерваў

Актывіст Сяржук Бахун прайшоў шлях ад ДАІ вобласці да Саўміну.

Фота Дзея

«Салідарнасць» пісала раней пра тое, як грамадскі актывіст Сяржук Бахун дабіваўся атрымання тэхпашпарта на аўто па-беларуску. Цяпер, калі ён атрымаў дакумент на рукі, Сяржук дзеліцца з нашымі чытачамі сваім досведам. Яго парады будуць асабліва карыснымі для тых, хто не гатовы хадзіць па міліцэйскіх кабінетах і пісаць скаргі ў інстанцыі.

Для пачатку коратка нагадаем, што нашаму герою давялося зрабіць, каб атрымаць аформленыя па-беларуску дакументы.

Пры афармоленні дакументаў на аўто ў брэсцкім ДАІ Сяржук Бахун спытаў, ці могуць яму зрабіць тэхпашпарт па-беларуску. Тым больш, што ў бланку тэхпашпарта найменне графаў было аформлена па-беларуску. Яму адмовілі: маўляў, для гэтага няма тэхнічных магчымасцяў.

Актывіст накіраваў запыт у МУС, але яго перанакірвалі ў ДАІ Брэсцкага аблваканкама: «Вярнулі маю скаргу тым, на каго я паскардзіўся».

Неўзабаве яму прыйшоў адказ з абласнога ДАІ:

— Унясенне звестак у пасведчанне аб рэгістрацыі танспартнага сродку на беларускай мове дзеючым праграмным забеспячэннем, а таксама нарматыўна-прававымі актамі Рэспублікі Беларусь не прадугледжана.

Новы зварот у МУС меў нечаканыя наступствы: у ім Бахуну паведамілі, што «тэхнічная магчымасць унясення звестак па-беларуску маецца», дзеля гэтага неабходная толькі заява аўтаўладальніка. У лісце паведамлялася таксама пра тое, што кіраўніцтву ДАІ УУС Брэсцкага аблвыканкама накіравана неабходнае тлумачэнне.

— Я патэлефанаваў у Брэст, мяне тут жа запрасілі заехаць, каб атрымаць тэхпашпатр па-беларуску, — расказаў Сяржук.

Па яго словах, спачатку яму казалі, што за новы дакумент таксама давядзецца плаціць. Але актывіст здолеў пераканаць начальніка ДАІ, што з-за памылкі ягоных падначаленых ён не павінен плаціць двойчы за адзін дакумент:

— Я настойваў на тым, што загадзя папярэдзіў іх пра жаданне атрымаць дакумент па-беларуску. І гэта не мая праблема, што яны не адразу «знайшлі» для гэтага тэхнічныя магчымасці.

Па словах Сержука, у ДАІ яму патлумачылі, што бланкі заяў для рэгістрацыі аўто распрацоўваліся ў Савеце міністраў. Ён звярнуўся туды з пісьмовай прапановай аформіць бланкі таксама і па-беларуску. А таксама дадаць у дакумент тлумачэнне, што і сам тэхпашпарт можна на законных падставах атрымаць у беларускамоўным афармленні.

Але зварот актывіста перанакіравалі ў МУС. Адкуль ён цяпер чакае чарговы адказ.

— Сам паход у ДАІ — даволі стрэсавая працэдура. Трэба адстаяць у чэргах, аплаціць паслугу, пры гэтым рабіць гэта можна толькі праз тэрмінал і карткай. А ў апошні момант можа аказацца, што ў тэрмінале скончылася папера, — падзяліўся ўражаннямі актывіст. — Урэшце ты хочаш проста як хутчэй усё зрабіць і сыйсці адсюль. Не многія захочуць у такіх умовах лішні раз хадзіць па кабінетах.

Тым, хто жадае аформіць дакументы на аўто па-беларуску, Сяржук раіць зрабіць наступнае:

— Па-першае, ніякіх вусных просьбаў і дамоўленасцяў. У даішнікаў шмат працы, вялікія чэргі. Таму яны могуць і забыць пра вашу просьбу. На бланку заявы на вольным месцы ў адвольнай форме напішыце вашу просьбу аформіць дакументы па-беларуску. Яе абавязаны разгледзець і выканаць. Калі не, то ў вас застаецца пісьмовы доказ, што вы звярталіся з адпаведнай заявай.

Сяржук раіць не забывацца пра свае правы: «Гэта прынцыповы момант. Я ў ДАІ так і сказаў, што для мяне гонар мець дакументы на аўто па-беларуску. І што я гатовы за свае права судзіцца».

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.6(56)