Общество

Сямён Печанко

ДАІ адказала аўтааматару: кожны можа атрымаць тэхпашпарт, аформлены па-беларуску

Высветлілася, што тэхнічныя магчымасці ў рэгістрацыйных падраздзяленняў Дзяржаўтаінспекцыі для гэтага ёсць.

Сяржук Бахун, фота Радыё Свабода

Грамадскі актывіст Сяржук Бахун расказаў «Салідарнасці», чым скончылася гісторыя з ягонай спробай атрымаць тэхпашпарт на аўто, аформлены па-беларуску.

Нагадаем, што пры афармленні аўтамабіля ён сутыкнуўся з праблемай: у бланку тэхпашпарта найменне графаў было аформлена па-беларуску, але запоўнілі іх па-руску. На ягоны запыт у МУС прыйшоў адказ з Упраўлення ўнутраных спраў Брэсцкага аблвыканкама.

У ім сцвярджалася, што ўнясенне звестак у пасведчанне аб рэгістрацыі танспартнага сродку на беларускай мове дзеючым праграмным забеспячэннем, а таксама нарматыўна-прававымі актамі не прадугледжана.

Актывіст ізноў звярнуўся ў МУС з просьбай патлумачыць пісьмова, якімі нарматыўна-прапававымі актамі не прадугледжваецца выкарыстванне беларускай мовы ў беларускамоўным дакуменце.

— Я ўжо думаў, што давядзецца ў суд ісці, але тут мне адказалі з міністэрства, — расказаў «Салідарнасці» Сяржук Бахун.  

Адказ яго прыемна здзівіў.

У лісце за подпісам намесніка начальніка УДАІ МУС Андрэя Чарняўскага паведамляецца, што «рэгістрацынымі падраздзяленнямі Дзяржаўтаінспекцыі ўнясенне звестак у пасведчанне аб рэгістрацыі транспартнага сродку па-беларуску забяспечваецца ў выпадку выражэння грамадзянінам такога жадання».

Акрамя таго, Бахуну паведамілі, што «тэхнічная магчымасць унясення звестак па-беларуску маецца», а кіраўніцтву ДАІ УУС Брэсцкага аблвыканкама накіравана неабходнае тлумачэнне.

Па словах актывіста, ён ужо патэлефанаваў у Брэст і неўзабаве атрымае перааформлены па-беларуску тэхпашпарт. Сяржук Бахун не збіраецца спыняцца на гэтым:

— Бланкі заяваў на рэгістрацыю аўто распрацоўваліся Саўмінам. У бліжэйшы час дашлю ім ліст з прапановай аформіць бланкі таксама і па-беларуску. А таксама дадаць у дакумент тлумачэнне, што і сам тэхпашпарт можна на законных падставах атрымаць у беларускамоўным афармленні.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.5(40)