«Падарунак» да Дня роднай мовы: МУС адмовіла аўтааматару запаўняць беларускамоўны бланк па-беларуску

Грамадскі актывіст Сяржук Бахун сутыкнуўся з праблемай пры запаўненні дакументаў для рэгістрацыі аўто. 

Фота Сержука Бахуна

Пры рэгістрацыі аўто ў ДАІ грамадскі актывіст Сяржук Бахун сутыкнуўся з праблемай: у бланку тэхпашпарта найменне графаў было аформлена па-беларуску, але запоўнілі іх па-руску. Ён падрыхтаваў запыт у МУС. І неўзабаве атрымаў адказ з Упраўлення ўнутраных спраў Брэсцкага аблвыканкама.   

— Атрымаў «падарунак» да Дня роднай мовы, — кажа Сяржук Бахун. З адказу вынікае, што форма бланкаў пасведчання аб рэгістрацыі транспартных сродкаў была зацверджана пастановай МУС у 2003-м. Згодна таго дакументу найменне графаў у бланку аформлена па-беларуску. 

— Унясенне звестак у пасведчанне аб рэгістрацыі танспартнага сродку на беларускай мове дзеючым праграмным забеспячэннем, а таксама нарматыўна-прававымі актамі Рэспублікі Беларусь не прадугледжана, — гаворыцца ў адказе.

Па словах актывіста, у бліжэйшы час ён плануе ізноў звярнуцца ў МУС, каб даведацца, якімі нарматыўна-прапававымі актамі не прадугледжваецца выкарыстванне беларускай мовы ў беларускамоўным дакуменце.

— Далей думаю звяртацца ў пракуратуру, бо бачу тут парушэнне маіх канстытуцыйных правоў на карыстанне дзяржаўнай мовай, — падзяліўся планамі Сяржук Бахун.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.1(56)