Ягор Марціновіч: Як я выцягнуў шчаслівы латарэйны білет у СІЗА
Медыяменаджар Ягор Марціновіч, які нядаўна выйшаў на волю, распавёў, як перасёкся ў СІЗА на Валадарскага са спартовым журналістам Аляксандрам Івуліным.
– Калі вы хоць раз глядзелі расійскія фільмы-серыялы 1990-х, то мусіце мець стэрэатыпнае ўспрыманне пра постсавецкія турмы, – піша Марціновіч. – Новы чалавек заходзіць ў камеру і бачыць перад сабой суворых мужыкоў у труселях-шортах і ў майках-алкагалічках.
Канечне, усе брытыя налыса і ў наколках) Можа, і міф, але ў памяці адклаўся трывала.
І вось трапляю я ў ліпені 2021 года на Валадарку. Вядуць па бясконцых калідорах, заводзяць нарэшце ў камеру — №60, Шанхай — і што я бачу? Суворых лысых мужыкоў у алкагалічках!) І тут адзін з іх падыходзіць: «О, Ягор, рады цябе бачыць!» Гляджу на яго вылупленымі вачыма. У мяне адна думка: «Хто ты, зэчара???»
Ён усміхаецца: «Саня Івулін!» А-а-а!!! Гэта ж самае вялікае з усіх магчымых шанцаванняў! Ясна, што палітычных шмат, усё адно з кімсьці перасячэшся. Дый людзей з медыясферы ў СІЗА нямала.
Але Санчас — гэта проста ідэальнае трапленне ў яблычак для мяне. Прыблізна тое самае пакаленне, падобныя каштоўнасці і інтарэсы. Таму можна пагаварыць і пра працу, і пра футбол, і абмеркаваць агульных знаёмых. І ў шахматы парубіцца, і ў нарды.
І нават у прабежках па турэмным дворыку да яго далучыўся, хоць на сваім аматарскім узроўні) Карацей, шанец сустрэцца менавіта з Івуліным — сапраўды адзін на 100. І я выцягнуў гэты латарэйны білет)
Але самае галоўнае — пазітыўны погляд Сані на жыццё. Гэта ж такая штука, якая падпітвае і самога аптыміста, і людзей навокал. Мы з ім былі ў гэтым падобныя, таму ў камеры ўзводзілі аптымізм у квадрат.
Вось так на пазітыве мы і правялі з ім тры з паловай месяцы, пакуль мяне не перавялі. І гэта насамрэч самы круты сусед за два гады зняволення!) Падсумоўваю: сяброўства з Санчасам — адна з самых вялікіх знаходак за апошнія два гады. І тое, што атрымалася без праблем вынесці з сабой)
Вы ж пагаджаецеся, што Саня мегакруты?
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное