Усаў: У пытанні палітвязняў мы падышлі да сур’ёзнага палітычнага і маральнага выбару

Палітолаг Павел Усаў лічыць, што пытанне палітычных зняволеных на дадзены момант максімальна абвастрылася.

– Гэта звязана з шэрагам момантаў, якія акрэсліваюць рэчаіснасць у Беларусі і па-за яе межамі, – піша Усаў.

1. Вызвалення краіны і змены рэжыму не адбылося ў перыяд найбольшага крызісу ў Беларусі ў 2020 годзе. Людзі былі гатовыя рызыкаваць сабой, садзіцца ў вязніцы, бо верылі ў хуткі канец сістэмы. Верылі ў тое, што праз 6, максімум 12 месяцаў Лукашэнка не будзе. Зараз відавочна, што рэжым Лукашэнкі не сканае ў бліжэйшым часе і ён можа праіснаваць яшчэ некалькі год.

2. Рэпрэсіі не спыняюцца і наўрад ці спыняцца на працягу наступных гадоў.

3. Краіна ўскосна ўцягнута ў вайну, на яе тэрыторыі знаходзяцца расейскія войскі, што максімальна звязвае ўнутраныя палітычныя працэсы з тым, што будзе адбывацца ў Расеі і робіць іх непрадказальнымі.

4. Новая палітычная альтэрнатыва не мае магчымасцяў паўплываць на сітуацыю ў Беларусі і прыспешыць працэс вызвалення палітычных вязняў. Магчымасці ўплыву на сістэму і яе палітыку фактычна роўныя нулю. 90 розных міжнародных візітаў Святланы Ціханоўскай ніяк не паказчык эфектыўнасці ў вырашэнні экзыстэнцыяльных праблем. І афішаваць гэта цяпер не вельмі да мейсца і часу.

5. Новая палітычная альтэрнатыва не мае палітычна-ідэалагічных рэсурсаў кампенсацыі за страты і ахвяры.

Ключавым аспектам кампенсацыі з’яўляецца: яе ўнутраная кансалідацыя, эфектыўнасць, давер грамадства. Адсутнасць такой кампенсацыі зніжае каштоўнасць ахвяраў. Узнікае справядлівае пытанне, «дзеля чаго мы ахвяруем сабой, калі не дасягнуты элементарныя, базавыя мэты функцыянавання апазіцыі»?

6. Захад таксама не ў стане выпрацаваць дзеянні па вызваленні палітычных зняволеных у межах існуючых падыходаў і ізаляцыі Беларусі.

У выніку мы падышлі да сур’ёзнага палітычнага і маральнага выбару.

А. Ідзе вайна, вайна бескампрамісная да пераможнага заканчэння, а палітычныя зняволеныя – гэта спадарожная шкода, яны і іх сваякі павінны з гэтым змірыцца. Ніякі кампраміс не дапушчальны. Магчымы выключэнні і аказіянальныя вызваленні, але агульна людзі будуць цярпець да канца існавання рэжыму.

В. Доўгатэрміновая барацьба з сістэмай коштам жыццяў і здароў’я людзей – бессэнсоўна. Тым больш невядома калі сістэма абрынецца, калі і як скончыцца вайна. (Ці скончыцца яна падзеннем рэжымаў Пуціна і Лукашэнкі). Таму трэба шукаць нефармальныя каналы па вызваленню/абмену палітычных зняволеных тут і цяпер.

Пры гэтым трэба разумець, што сутнасці  рэжыму гэта не зменіць, тэрор таксама не спыніць, як і з’яўлення новых палонных-закладнікаў-вязняў, але лес некаторых людзей, якія знаходзяцца ў турмах палегчыцца. Больш таго, ніхто з ключавых палітычных фігур з вязніцаў у перыяд кіравання Лукашэнкі не выйдзе.

Абменным фондам становіцца, прынамсі, адмена санкцый у дачыненні да дзяржаўных прадпрыемстваў. Іншых абменных актываў няма. Пераўтварэнне Беларусі ў перамоўную пляцоўку 2:0 – далёкія мары.

Але між іншым, у гэтых усіх разважаннях есць вельмі важнае пытанне. Ці Лукашэнку патрэбныя гэтыя «гульні», і ці ен застаецца аўтаномным суб’ектам у рэалізацыі такіх крокаў, асабліва пасля пашырэння расейскай вайсковай прысутнасці ў Беларусі.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 3.3(17)