У турніры «Кубак Свабоды» памяці Генадзя Карпенкі перамагла каманда аргкамітэта па стварэнні «Беларускага руху»

18 жніўня ў Мінску прайшоў 16-ты турнір па футболе «Кубак Свабоды» беларускага палітыка Генадзя Карпенкі.

У ім узялі ўдзел шэсць каманд: зборная Беларускай асацыяцыі журналістаў (БАЖ), Аб'яднанай грамадзянскай партыі (АГП), Партыі БНФ, руху "За Свабоду", аргкамітэта па стварэнні "Беларускага руху", Беларускага Хельсінкскага камітэта (БХК).

Гэта — "Кубак Свабоды". Сама назва гаворыць пра сэнс турніру, — падзяліўся з БелаПАН намеснік старшыні БАЖ Андрэй Бастунец. — Не так шмат засталося ў нас прасторы свабоды, і вось гэты турнір, у якім сустракаюцца прадстаўнікі дэмакратычных арганізацый, і ёсць частка гэтай прасторы, магчымасць пагутарыць у нефармальным становішчы.

БАЖ станавіўся пераможцам турніру чатыры разы, праўда, у апошнія гады выступае не вельмі паспяхова. Спадзяемся, што сёння выйграем. Каманда-пераможца і лепшыя гульцы атрымліваюць кубкі ад арганізатараў. БАЖ таксама свой прыз заснавала, ён называецца "Трымайся праўды!" — гэта дэвіз нашага часопіса "Абажур". Гэты прыз мы ўручаем камандзе, якая прадэманстравала сумленную гульню".

Першае месца ў сённяшнім турніры заняла каманда "Беларускага руху", другое — АГП, трэцяе — БХК.

"Гэта турнір салідарнасці з усімі людзьмі, якія фактычна ахвяравалі сваім жыццём для адраджэння Беларусі, для таго, каб Беларусь была больш дэмакратычнай, — сказаў у інтэрв'ю БелаПАН лідар Партыі БНФ Аляксей Янукевіч. — Сёлета каманда БНФ гуляла ў майках з надпісам "Свабоду Алесю Бяляцкаму!" — такім чынам мы выказваем сваю салідарнасць з ім. Акрамя таго, я лічу, гэта добры спосаб выказаць салідарнасць паміж сабой, таму што гэты турнір пазбаўлены нейкіх нездаровых страсцей, гэта найперш партнёрства і таварыская гульня".

Турнір "Кубак Свабоды" праводзіцца з 1997 года. Да гэтага падобныя спаборніцтвы былі прымеркаваны да прыняцця Дэкларацыі аб суверэнітэце Рэспублікі Беларусь, і ў іх актыўна ўдзельнічаў сам Генадзь Карпенка. Пасля смерці палітыка турнір назвалі яго імем. Генадзь Карпенка памёр 6 красавіка 1999 года ва ўзросце 49 гадоў, праз тыдзень пасля таго, як перажыў інсульт. Раптоўная смерць апазіцыйнага палітыка выклікала шмат пытанняў, якія дагэтуль застаюцца без адказу.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)