У радзільні Лукашэнкі непадалёк ад яго рэзыдэнцыі выявілі каранавірус?

Каранавірус нібыта выявілі ў пэрсаналу Копыскай участковай лякарні, у якой у 1954 годзе нарадзіўся Аляксандар Лукашэнка.  Галоўнага доктара лякарні шпіталізавалі з пнэўманіяй, піша Радыё Свабода.

Ад гэтага гарадзкога пасёлку Копысь да рэзыдэнцыі Лукашэнкі ў ягонай роднай вёсцы Аляксандрыі-2 меней за 6 кілямэтраў. Свабода наведала Копысь і пабачыла, як каранавірус зьмяніў жыцьцё местачкоўцаў.

Будынак колішняй радзільні. У ёй зьявіўся на сьвет Лукашэнка. Пра гэта нагадвае шыльда (яна сіняга колеру). Цяпер у гэтым будынку паліклініка

Жыхары мястэчка: захварэлі дактары, санітаркі ды кіроўца хуткай дапамогі. Чыноўнікі: звычайная сытуацыя

Пра тое, што ў Копыскай лякарні праблемы, Свабодзе стала вядома 29 красавіка з допісу нашага чытача. У ім гаварылася, што нехта з кіраўніцтва лякарні шпіталізаваны з падазрэньнем на каранавірус, а сама ўстанова закрытая на карантын.

Будынак Копыскай участковай лякарні

У самой Копысі кажуць, што каранавірусную інфэкцыю выявілі спачатку ў аднаго з дактароў яшчэ 12 красавіка. Затым тэсты нібыта паказалі COVID-19 у некалькіх санітарак ды кіроўцы хуткай дапамогі. Усе яны шпіталізаваныя. Іхныя кантакты першага ўзроўню на самаізаляцыі.

Як даведалася Свабода ад родных галоўнага доктара Копыскай лякарні Ўладзімера Какосьцікава, ён у шпіталі з пнэўманіяй.

Атрымаць камэнтар у самой лякарні нам не ўдалося. Там адмовіліся гаварыць, спаслаўшыся на адсутнасьць галоўнага доктара. Аляксей Кароткі, галоўны доктар Аршанскай цэнтральнай паліклінікі, у падпарадкаваньні якой знаходзіцца Копыская лякарня, таксама адмовіўся адказваць на пытаньні пра сытуацыю ў лякарні. Ён параіў адрасаваць іх Аршанскаму райвыканкаму ці Віцебскаму аблвыканкаму.

Галоўны санітарны доктар Воршы і Аршанскага раёну Сяргей Белы сказаў карэспандэнту Свабоды, што ў Копыскай участковай лякарні «звычайная сытуацыя, нічога экстраардынарнага няма». Ён сказаў, што лякарня на карантын не закрывалася. Што да магчыма хворых на каранавірус мэдработнікаў, то з гэтым пытаньнем ён параіў зьвярнуцца ў Міністэрства аховы здароўя.

На вуліцы Копысі

Што адбываецца ў лякарні

Бальнічны комплекс месьціцца на ўскрайку Копысі. 2 траўня ў першай палове дня тэрыторыя лякарні нібы вымерла. Уваходныя вароты былі зачыненыя на засаўку, а некаторыя наагул замкнутыя. Вокны ў палатах прачыненыя. Прыкметаў, што ў іх ёсьць пацыенты, не відаць.

Між тым, паводле сайту Аршанскай цэнтральнай паліклінікі, Копыская ўчастковая лякарня разьлічаная на абслугоўваньне больш як 900 пацыентаў. Акрамя местачкоўцаў, да яе прыпісаныя жыхары чатырох суседніх вёсак. У лякарні працуюць 25 чалавек: 2 лекары, 11 мэдсясьцёр ды 12 іншых работнікаў. У 2017 годзе ва ўстанове завяршылі капітальны рамонт. За апошнія 9 гадоў яе двойчы наведваў Аляксандар Лукашэнка. Пра тое, што ён нарадзіўся ў Копыскай лякарні, нагадвае шыльда на будынку мясцовай паліклінікі.

— Цяпер не магу пэўна казаць, ці на карантыне лякарня, але колькі дзён таму была яшчэ закрытая. Ведаю пра гэта, бо мне трэба было забраць рэцэпт, дык яго праз аптэку мне перадалі. Яна не на тэрыторыі лякарні, — сказаў адзін зь мясцовых жыхароў.

Паводле яго, эпідэміялягічная сытуацыя ў Копысі «ня дужа добрая». Каб запэўніць у гэтым журналіста, мужчына паказаў рэсьпіратар, зь якім ён ходзіць у краму. На заўвагу, што на мясцовых не відаць масак, сказаў, што «ў нас пакуль не прынята хадзіць у іх».

Оцени статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.9(22)