Скандалы
Сямён Печанко, «Наша нiва»

У Івацэвіцкім раёне ўнікальную царкву вычварылі еўрарамонтам (фотафакт)

Шыкоўны помнік драўлянага дойлідства патынкавалі, у вокны ўставілі шклопакеты, на даху з’явіліся купалы-цыбуліны, уваход нарасцілі з выкарыстаннем сілікатных блокаў.

у Івацэвіцкім раёне ўнікальную царкву вычварылі еўрарамонтам

Царква да рамонту. Фота А. Дыбоўскага

у Івацэвіцкім раёне ўнікальную царкву вычварылі еўрарамонтам

Царква пасля еўрарамонту. Фота globus.tut.by

Свята-Крыжаўзвіжанская царква ў в. Гошчава Івацэвіцкага раёна занесеная ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў. Збудаваная ў 1838 г., адносіцца да 3 катэгорыі каштоўнасці. Сёлета царкву вырашылі адрамантаваць.

Праўда робіцца гэта, адзначаюць спецыялісты, з парушэннем дзейснага заканадаўства. Помнік драўлянага дойлідства патынкавалі, у вокны ўставілі шклопакеты, на даху з’явіўся дадатковы купал-цыбуліна, уваход нарасцілі з выкарыстаннем сілікатных блокаў. У ходзе рамонту «непапраўна змяняецца яе знешні выгляд, канструкцыі, мастацка-архітэктурнае аздабленне, што з’яўляецца парушэннем арт. 27; 28; 29; 32; 33; 36; 37; 45 Закона «Аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны Рэспублікі Беларусь» ад 9 студзеня 2006 г.» — піша ў звароце да Міністэрства культуры старшыня Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры Антон Астаповіч. Ён адзначае, што «практыка несанкцыянаваных працаў на гісторыка-культурных каштоўнасцях, змянення іх канструкцый і выгляду, у некаторых выпадках знішчэнне помнікаў, на жаль, яшчэ сустракаецца ў Беларусі».

Спадар Астаповіч лічыць, што «перашкодзіць гэтаму павінна жорсткая пазіцыя Міністэрства культуры».

З адпаведным зваротам А. Астаповіч звярнуўся таксама ў пракуратуру Івацэвіцкага раёну. Таварыства аховы помнікаў хадайнічае пра завядзенне крымінальнай справы паводле ч. 2 арт. 344 КК (наўмыснае знішчэнне або пашкоджанне гісторыка-культурных каштоўнасцяў або матэрыяльных аб’ектаў, якім можа быць прысвоены статус гісторыка-культурнай каштоўнасці) ў адносінах да ўласніка (уладальніка) гісторыка-культурнай каштоўнасці, заказчыка і падрадчыка нерэгламентаваных рамонтных прац на дадзеным аб’екце, і паводле арт. 428 (Службовая халатнасць) у дачыненні да ўпаўнаважаных супрацоўнікаў выканаўчай улады ў галіне кантролю за выкананнем заканадаўства аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны.

 

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)