У цэнтры Мінску будзе гістарычны музей?

На месцы археалагічных раскопак у Ніжнім горадзе гарадскія ўлады разглядаюць магчымасць пабудовы гістарычнага музею.

Пра гэта паведаміў адзін з удзельнікаў раскопак, які папрасіў застацца невядомым. Галоўнымі экспанатамі будучага музею могуць зрабіцца раскапаныя парэшткі дамоў і часткі вулкі, а таксама прадметы побыту, знойдзеныя падчас раскопак.

Нямiга

Археолагі зноў капаюць Ніжні горад. Побач з Домам фізкультуры «Працоўныя рэзервы», зусім недалёка ад мемарыялу загінулым у час трагедыі на Нямізе вырылі два вялікія раскопы, дзе між друзу, пакінутага метрабудаўнікамі ў 1980-я, дратоў камунікацый ды іншых прадуктаў папярэдняга стагоддзя можна згледзець парэшткі гарадскіх пабудоваў і частку вуліцы ХІV стагоддзя.

«Мы дайшлі да ХІV ст. Калі дазволяць, дык будзем капаць глыбей. А культурны слой ён такі: як глыбей, то даўней. Можам дайсці да ХІІІ і нават ХІІ стагоддзя», — кажуць археолагі.

Нямiга

Сёння прылежная да Дома фізкультуры «Працоўныя рэзервы» тэрыторыя міжволі зрабілася ці не адзіным незабудаваным лапікам зямлі, дзе, пакапаўшы ўглыб, можна дайсці да ўзроўню старажытнага Мінска. Археолагі пачалі даследаванні тут у 1956 годзе і працягнулі пры канцы 80-х, падчас будаўніцтва другой лініі метро.

Гісторыкі лічаць, што далей, напрыклад ля Палаца спорту, капаць няма сэнсу, паколькі стары Менск не рос у той бок. З кірунку Траецкага капаць таксама няма як, бо пасля вайны ў Мінску пашыралі рэчышча Свіслачы, патапіўшы пры гэтым шмат каштоўнага культурнага слою. З іншага боку месца, дзе колісь стаяў старажытны Менск, абмежаванае праспектам Пераможцаў (былы пр. Машэрава).

Нямiга

Раскопкі прыцягваюць вялікую ўвагу: ля агароджанай тэрыторыі таўкуцца мінчукі, што адмыслова прыязджаюць паглядзець, як жылі нашыя продкі. У саміх раскопках бяруць удзел прыбылыя гісторыкі з Казані.

Паводле археолагаў, раскопкі ў Ніжнім горадзе працягнуцца да кастрычніка.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)