Выборы-2020

У будынку Вярхоўнага суду затрымалі групу «кандыдатаў пратэсту»

Па словах жонкі Мікалая Статкевіча Марыны Адамовіч, затрыманьне адбылося каля 15 гадзіны, піша Радыё Свабода.

19 траўня група паплечнікаў Мікалая Статкевіча прыехала ў Вярхоўны суд з мэтай абскардзіць адмову ў рэгістрацыі ЦВК іхных ініцыятыўных груп. Разгляд скаргаў быў прызначаны на 14.30.

Пра тое, што група «кандыдатаў пратэсту» зьбіраецца прысутнічаць на ім, незадоўга да разгляду Свабодзе паведаміла Вольга Мікалайчык.

Як сказала Свабодзе ў 15.30 Марына Адамовіч, частка «кандыдатаў пратэсту» была затрыманая праваахоўнікамі ў будынку Вярхоўнага суду. Іх месцазнаходжаньне на дадзены момант невядомае.

— Прычынай затрыманьня нібыта стала вопратка альбо сымболіка на ёй (актывісты выкарыстоўваюць уласную пратэставую сымболіку. — РС), — сказала Свабодзе Марына Адамовіч.

Затрыманыя 7 чалавек, «кандыдатамі пратэсту» сярод якіх зьяўляюцца трое — Уладзімер Неўмяржыцкі, Тамара Патоцкая і Анжаліка Жалязьнякова. Усе затрыманыя на дадзены момант знаходзяцца ў Цэнтральным РУУС.

Нагадаем, што ў першай палове дня 19 траўня ЦВК адмовіў у рэгістрацыі ініцыятыўных груп усім «кандыдатам пратэсту». Гэтае рашэньне яны зьбіраліся абскарджваць у Вярхоўным судзе. Ініцыятыўную групу самога Мікалая Статкевіча таксама не зарэгістравалі.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 2.1(12)