Скандалы
Павел Свярдлоў, «Еўрарадыё»

У баранавіцкім клубе «Жара» затрыманыя 60 гледачоў і музыкі

Падчас панк-канцэрта ў клубе прайшла міліцэйская праверка, што скончылася масавымі арыштамі.

11 лютага ў Баранавічах адбываўся канцэрт кіраўскіх панк-гуртоў Е123 і «Ё» пры падтрымцы мінчукоў I KNOW і CBiHCiTY і салігорскай каманды JURGENKLINSMAN. Незадоўга да заканчэння імпрэзу перарвала міліцыя, якая вырашыла правесці на мерапрыемстве наркаправерку.

– Міліцыя зайшла ў клуб вельмі карэктна. Было абвешчана, што адбываецца наркаправерка. Але там прысутнічала шмат людзей нападпітку, — распавялі Еўрарадыё ў адміністрацыі клуба «Жара». — Пачаліся спрэчкі, і тады былі затрыманыя людзі. 60 чалавек — гэта лічба, блізкая да праўды.

Іншае ўражанне ад дзеянняў міліцыі склалася ў Аляксея, які быў сярод затрыманых гледачоў.

– У клуб уварвалася калона спецназу. Канцэрт перарвалі, усіх паставілі да сценкі. Прывялі сабаку, і пачалася «праверка». Пасля нас завязлі ў аддзяленне і пакінулі сядзець ў актавай залі. Нейкі час трымалі там, не дазвалялі здымаць міліцыянтаў на камеры... Пасля пачалі выклікаць па адным і ўнахабную здымаць адбіткі пальцаў, — распавёў Аляксей у эфіры Еўрарадыё.

Па словах Аляксея, шэраг гледачоў па-ранейшаму застаецца ў пастарунку [звесткі на 22:00 11 лютага.]. Разам са звычайнымі людзьмі ў РАЎС трапілі музыкі, што выступалі на канцэрце. Прычым адзін з гуртоў нават не паспеў выйсці на сцэну.

– Музыкаў абяцалі прывезці назад, — удакладнілі ў адміністрацыі «Жары», сумна пазіраючы на іх «бусік» ля ўваходу ў клуб. І дадалі, што «не памятаюць такога з 2002 года».

У клубе лічаць, што візіт міліцыі можа быць звязаны з тым, што напярэдадні нехта распаўсюдзіў непраўдзівую інфармацыю наконт удзелу ў канцэрце гуртоў, якія прапагандуюць нацызм.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)