Общество
Ягор Марціновіч, «Наша Ніва»

Топ-10 фактаў пра завершанае будаўніцтва

Ужо вечарам 6 лістапада сотні тысяч жыхароў сталічных мікрараёнаў Паўднёвы Захад, Малінаўка і Брылевічы змогуць скараціць час, які даводзіцца траціць на шлях з дому да цэнтра Мінска і назад.

«Грушаўка», «Міхалова» і «Пятроўшчына» — гэтыя станцыі ўжо чакаюць першых пасажыраў. Адначасова адкрыецца і новы рэканструяваны ўчастак праспекта Дзяржынскага.

«Наша Ніва» ўзгадала некалькі цікавых фактаў, звязаных з будоўляй і адкрыццём метро.

1. Канец будоўлі пераносіўся тры разы

Падрыхтоўчыя працы па будаўніцтву новых станцый метро пачаліся яшчэ ў 2005 годзе. Але з першымі нязручнасцямі жыхары паўднёвага захаду сталіцы сутыкнуліся ў канцы 2008 года, калі быў перакрытая частка праспекта Дзяржынскага — галоўнай дарогі, якая вядзе ў цэнтр горада. Вуліцы-дублёры тады яшчэ не былі пабудаваныя, таму жыхарам давялося змірыцца з ранішнімі і вячэрнімі коркамі на вузкіх аб’язных дарогах.

Гарадскія ўлады абяцалі, што працы па будаўніцтву 5,2 кіламетра шляхоў метро скончацца да канца 2011 года, пасля тэрміны былі адсунутыя на верасень гэтага года, і вось, нарэшце, канчатковы тэрмін адкрыцця станцый — 7 лістапада 2012.

Выніковы кошт будоўлі невядомы, але кожны кіламетр шляхоў каштаваў $ 40–60 мільёнаў.

2. Колеры станцый

Некалькі словаў пра асаблівасці інтэр’еру кожнай станцыі. Колерам «Грушаўкі» абраны залаціста-зялёны, які адпавядае позняму жніўню. На сцяне паміж лесвіцамі будзе вялікае пано з бронзавай грушай, разрэзанай напалам. На «Міхалова» таксама будуць прасочвацца прыродныя вясковыя матывы — халодны заход сонца. А вось асаблівасцю «Пятроўшчыны» стане зімняе зорнае неба.

3. «Па дарозе» з’явілася новая станцыя

Аднак адкрыццё трох станцый не азначае, што працы на праспекце Дзяржынскага закончацца. Па-першае, засталася недабудаванай развязка з вуліцай Алібегава.

Па-другое, ужо калі пачалося будаўніцтва трох вышэйназваных станцый, было прынята рашэнне працягнуць лінію метро яшчэ адной станцыяй — «Малінаўкай».

Дарэчы, яна стане зялёнай і светла-фісташкавай.

Мяркуецца, што станцыя прыме пасажыраў праз год. Больш рэальны тэрмін — праз два гады.

Будаўніцтва «Малінаўкі» ў свой час ацанілі ў $ 105 мільёнаў. Столькі каштуюць 1,8 кіламетра шляхоў.

Пакуль што праспект Дзяржынскага застаецца перакрыты на ўчастку ад вуліцы Голубева да праспекта Любімава.

4. Новыя 50 тысяч пасажыраў

Па падліках спецыялістаў метрапалітэна, колькасць пасажыраў вырасце на 7%. Калі цяпер метро карыстаюцца 735 тысяч чалавек, то стане 785 тысяч.

Каб вывезці новых пасажыраў з Малінаўкі, ужо закуплена 7 цягнікоў па пяць вагонаў у кожным. Усе яны прыехалі ў Мінску з падмаскоўнага заводу ў Мыцішчах. Кожны вагон каштуе каля $ 115 тысяч.

5. «Пятроўшчына» ці «Медінстытут»?

Называючы новыя станцыі метро, Мінгарвыканкам прытрымліваецца прынцыпу гістарызму.

Грушаўка, Міхалова, Пятроўшчына — назвы вёсак і фальваркаў, якія калісьці існавалі ў тых мясцінах.

Да першых дзвюх станцый пытанняў ні ў кога не ўзнікла, а вось «за» і «супраць» «Пятроўшчыны» пачалася папяровая вайна.

Яшчэ чатыры гады таму студэнтка Медыцынскага універсітэту, які знаходзіцца непадалёку, папрасіла Аляксандра Лукашэнку перайменаваць станцыю ў гонар яе навучальнай установы. Аналагічны зварот нядаўна склалі і супрацоўнікі ўніверсітэта. Камісія па перайменаваннях Мінгарвыканкама вырашыла не адыходзіць ад сваіх ранейшых планаў.

Дарэчы, паўгоду таму «Наша Ніва» пыталася ў наведвальнікаў сайта іх меркаванне на гэты конт. Прыйшло 120 каментароў. Тут таксама перамагла «Пятроўшчына».

6. Інтэрнэт у метро

Яшчэ перад адкрыццём метро мабільныя аператары абсталявалі станцыі сваёй апаратурай. Ужо вядома, што ўсе тры беларускія аператары — МТС, Velcom і Life:) — дазволяць сваім кліентам карыстацца 3G-інтэрнэтам.

7. «Дом з плакатамі» выстаяў

Падчас будаўніцтва метро многія прыватныя дамы былі знесеныя. Іх гаспадары пагадзіліся атрымаць кампенсацыю, прапанаваную дзяржавай. Але не ўсе.

З гісторыяй метро цяпер будзе непарыўна звязаная гісторыя вядомага «дома з плакатамі», які знаходзіцца літаральна ў 50 метрах ад станцыі метро «Міхалова». Плошча дома, у якім жыве дзяржаўны трэнер па лёгкай атлетыцы Аляксей Васкабовіч, складае 305 квадратных метраў, у ім зарэгістраваныя тры сям’і з дзевяці чалавек.

Чыноўнікі ж вырашылі ашчадзіць і выселіць іх у адну кватэру, а не ў тры, як таго патрабуе закон. Пасля прапанавалі дзве кватэры, але Васкабовіч адмовіўся і ад такога варыянту. Ён вывесіў на фасад дома гіганцкія плакаты, на якіх паведамлялася пра парушэнне ягоных правоў. Судовая вайна працягваецца ўжо каторы год, і нельга сказаць, што трэнер атрымаў у ёй паразу.

Калісьці чыноўнікі Мінгарвыканкама заяўлялі, што існаванне дома перашкаджае пракладцы тунэля, таму супярэчыць грамадскім інтарэсам. Што ж, метро пракапанае і гатовае да адкрыцця, а дом Васкабовіча стаіць дагэтуль.

8. Перайменаваныя прыпынкі

Да адкрыцця новых станцый мінскія ўлады прымеркавалі і шэраг перайменаванняў. Новыя назвы атрымалі 30 прыпынкаў грамадскага транспарту.

Кожны з тапонімаў адпавядае рэальнасці, але некаторыя выглядаюць нязвыклымі для мінчукоў.

Сачыце за ланцужком: з’яўляюцца новыя прыпынкі «Маскоўскі рынак» (былы «Праспект газеты «Звязда»), «Праспект газеты «Звязда» (былы «Міхалова»), «Станцыя метро «Міхалова» (былы «Уманская»), «Уманская» (былы «Чыгуначная»), «Чыгуначная» (былы «Сямашкі»), «Сямашкі» (былы «Дом правасуддзя»). На якім з іх выходзіць — цяжкая задача для недасведчанага пасажыра. Таму ў першы час прыглядайцеся да назваў прыпынкаў.

9. Грамадскі транспарт паедзе па-новаму

З 7 лістапада будуць істотна змененыя маршруты грамадскага транспарту, якія выконвалі функцыю вывазу жыхароў Малінаўкі і Паўднёвага Захаду. Цяпер іх пераарыентуюць на падвоз да станцыі «Пятроўшчына» ці ўвогуле закрыюць. У прыватнасці, вырашана адмовіцца ад аўтобусаў № 81, № 103, № 118 і іншых.

Новую падрабязную схему можна ўбачыць на сайце «Мінсктранса».

10. Адбітак на жыцці горада

Нарэшце, адкрыццё новых станцый метро паўплывае і на іншы сферы жыцця горада. Ужо цяпер гаспадары кватэраў у Паўднёвым Захадзе, Малінаўцы і Брылевічах павялічваюць цану арэнды, бо жыллё апынулася блізка да метро.

Апроч таго, адбудзецца чарговы перадзел рынку маршрутных таксі.

Да гэтага часу рэйсы ў Малінаўку былі самымі прыбытковымі ў горадзе і трапіць на іх было складана, цяпер жа пасажырапаток зменшыцца. Гэта прымусіць кіроўцаў альбо шукаць іншыя маршруты, альбо ўвогуле адмаўляцца ад перавозак.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)