Таццяна Караткевіч: «Праз двухбаковую пнэўманію памерла мая цётка. Маці перахварэла»

Сустаршыня «Гавары праўду» расказала Радыё Свабода пра тое, як пандэмія закранула яе сям’ю.

Таццяна Караткевіч, архіўнае фота Радыё Свабода

— Наўпрост закранулі нашу сям’ю. У студзені праз двухбаковую пнэўманію памерла родная сястра маёй маці. Сама маці ляжала ў шпіталі зь віруснай пнэўманіяй. Тады тэсты на каранавірус у Беларусі яшчэ не рабілі. У краінах Эўразьвязу карантын абвясьцілі ў сакавіку, але ў студзені людзі ўжо цяжка хварэлі.

Гэта было вельмі страшна для мяне. Калі маці шпіталізавалі, яна ляжала ў калідоры. Тады ўжо месцаў не хапала месцаў для хворых на пнэўманію. І страшна ўявіць, што цяпер адбываецца.

Самае небясьпечнае тое, што ў краіне няма адназначнай пазыцыі наконт таго, што мы робім для вырашэньня гэтай праблемы. З аднаго боку ўлада кажа, што вірусу няма, з другога — сядзіце дома і самаізалюйцеся, бо мы вам нічым дапамагчы ня можам. Напрыклад, мая маці цяпер ходзіць на працу. Яна 1954 году нараджэньня, як і Лукашэнка. У яе ёсьць іншыя хваробы, яна ў той самай групе рызыкі.

Цяпер маці нармальна сябе адчувае. Яна — аптымістка, напэўна, гэта ёй дапамагае. Хаця яе калегі па працы на «Амкадоры» хварэюць на каранавірус дастаткова цяжка. Нягледзячы на пэнсійны ўзрост маці працуе і не ўяўляе, як гэта — ня рухацца і быць без калектыву. (…)

Кампанія «Гавары праўду» ад самага пачатку прапаноўвала ўвесьці афіцыйны карантын у Беларусі, каб улада ўзяла на сябе і матэрыяльную адказнасьць за некаторыя наступствы карантыну — каб людзі не шлі ў адпачынак за свой кошт, каб бізнэс спыніў дзейнасьць і моцна ня страціў.

Таму я, канечне, самаізалявалася. Мой сын у школу ня ходзіць, вучыцца дыстанцыйна. Я выходжу з дому толькі пры вялікай патрэбе, сустракаюся зь людзьмі зрэдку. Не змагла не адгукнуцца і дапамагаю «Хакерспэйсу» — шчыткі, маскі, інфармаваньне.

9 траўня мы віншавалі вэтэранаў, якія ёсьць сярод нашых прыхільнікаў. Усе, каму я патэлефанавала, на самаізаляцыі, ніхто не пайшоў на парад. Вельмі разумныя людзі. Як паказваюць сацыялягічныя апытаньні, у Беларусі людзі збольшага выбіраюць самаізаляцыю, і я гэта падтрымліваю.

Оцени статью:
1
2
3
4
5
Средний балл - 3 (оценок:23)