Общество

Кацярына Батлейка

Сям’я Волчак: «Мы ўбачылі, як беларусы маглі б жыць, калі б ім ніхто не перашкаджаў. Гэта выяўляецца ў простых рэчах — больш утульная і багатая вёска, добрыя платы, плітка, прыгожыя ліхтарыкі, пачкамат»

Грамадскія актывісты распавялi «Салiдарнасцi» пра важнасць супольнасцяў, стачкам БДУ і жыццё ў вёсцы.

Святлана Волчак — былая выкладчыца факультэта радыёфізікі і камп'ютарных тэхналогій БДУ, яе муж Міхаіл — вэб-распрацоўнік і сацыятэхнік, яго мінулы праект «Лічбавая майстэрня» быў накіраваны на развіццё ІT-валанцёрства ў Беларусі.

Разам і паасобку грамадскія актывісты яшчэ з 2000-ых будавалі супольнасці, ладзілі культурніцкія, спартыўныя і іншыя суполкі, рабілі карысныя рэчы ў грамадска-палітычным накірунку.

У 2020 годзе Святлана Волчак была каардынатарам стачкама БДУ, з камунікацыяй паміж студэнтамі і выкладчыкамі ёй дапамагаў муж. Праз гэтую дзейнасць сям’ю не раз затрымлівалі, а Святлану звольнілі з БДУ.

Знішчэнне актывісцкага руху не спыніла сям'ю актывістаў: пераехаўшы ў вёску на Палессі, яны спрабавалі палепшыць жыццё там, размаўляючы з пажылымі месцічамі. Увосень 2022 года ў іх дом з ператрусам у чарговы раз уварваліся сілавікі, пасля чаго муж з жонкай прынялі рашэнне з'ехаць з краіны.

У інтэрв’ю «Салідарнасці» Міхаіл і Святлана Волчакі распавялі, чаму стварэнне супольнасцяў — гэта ўжо іхні лад жыцця, пра свае затрыманні, жыццё палешукоў і беларускую навуку за мяжой, якая пакажа свой плён у Беларусі.

БДУ: як ствараўся стачкам і якая была атмасфера ў 2020-ым

— У нас ёсць здольнасць арганізоўваць людзей, каб разам штосьці рабіць, таму, калі ў 2020-ым гэта ўсё паўстала, было цяжка заставацца ў баку, — кажа Святлана. — Калі пабачыла відэазварот рэктара БДУ, які казаў, што ва ўніверсітэце нібыта ўсё цудоўна — няма рознагалоссяў, я ведала, што гэта не праўда. І пачала шукаць людзей, якія нязгодныя з гэтым.

Спачатку было не бачна, што думаюць выкладчыкі: у сацсетках яны пісалі так, што можна было зразумець па-рознаму. Але потым адзін з калег прама выказаўся супраць дзеянняў улады, я яму напісала, і разам мы стварылі чат у тэлеграм, які потым нехта назваў БДУ97%.

Святлана Волчак на пратэсце ў 2020 годзе

Каардынатарам стачкама БДУ Святлана стала не тое, каб наўмысна: пад подпісамі, якія збіралі выкладчыкі супраць дзеянняў улады, трэба было пакінуць кантактную асобу, і гэта зрабіла Святлана.

Міхаіл жа, хоць у той момант не меў дачынення да БДУ, пачаў дапамагаць жонцы з працай у стачкаме: вёў камунікацыю са студэнтамі і выкладчыкамі.

— Я памятаю, як складана было нешта данесці беларусам раней, — успамінае ён. — Апошнія дзесяць год мы тлумачылі нейкую ідэю людзям ледзь не праз навуковыя працы: я вучыў менеджмент, псіхалогію, нават на юрфак пайшоў, каб распісаць ідэю змены нашага заканадаўства ў галіне аўтарскага права.

Міхаіл Волчак. Фота: Facebook Міхаіла Воўчака

Але так шмат людзей ніколі не было, як у 2020-ым. За тры-чатыры дні ў чаце сабралася больш за тры тысячы чалавек, гэты быў велізарны паток удзельнікаў з рознымі ідэямі і рознымі ступенямі гатоўнасці — трэба было хутка дапамагаць ім самавызначацца.

З першага дня стварэння суполкі мы былі за тое, каб ўсё было адкрыта, бо калі ты робіш ад сябе, а не партызаніш, у цябе ёсць суб'ектнасць. І было вельмі цяжка растлумачыць важнасць гэтай суб'ектнасці, бо выкладчыкі гэтага не разумелі.

— Дэкан, ідэолаг маглі зайсці і паглядзець, што мы абмяркоўвалі ў чаце, —дадае Святлана. — Мы не толькі рабілі пратэсны чат, але і спрабавалі зрабіць сучасны ўніверсітэт. Кожны дзень распрацоўвалі нейкую тэму. Ніхто не ведаў, хто тут выкладчык, а хто студэнт, кожны на роўных мог выказацца.

Каманда стачкама разам з Міхаілам і Святланай распрацоўвала план дзеянняў на першае верасня 2020 года. Але 28 жніўня мужа і жонку затрымалі ў іх доме на Палессі і асудзілі на 15 содняў. Неўзабаве Святлану звольнілі з БДУ.

— Атмасфера ва ўніверсітэце была такая: шмат хто сядзеў на двух крэслах і проста чакаў, што будзе далей. Калі я прыйшла на працу пасля содняў, у мяне пыталі: «Ну як, Светачка, ты добра сябе адчуваеш?». Ага, кажу, «вельмі раю» Іванаўскае ІЧУ.

Хтосьці з выкладчыкаў адразу сказаў, што ён не згодны, хтосьці хацеў, каб усё было па законе. Але як зробіш стачку па законе, калі ён ужо не працуе? Былі і тыя, каму проста не хапала рашучасці.

Таксама адразу стала зразумела, што прафсаюз ва ўніверсітэце — гэта структура, якая цалкам падпарадкоўваецца рэпрэсіўнай сістэме. Яго не існуе, гэта проста імітацыя. Да таго ж, усе дэканаты супрацоўнічаюць з КДБ, здаюць людзей, якія выступаюць супраць.

Звольнілі мяне не адразу пасля вызвалення з ІЧУ. Нагодай стала адсутнасць на працы ў дзень, калі мяне вызвалілі. Я сапраўды ў гэты дзень не змагла быць на працы, бо толькі пасля турмы, і папрасіла калегу мяне замяніць.

Але ж некаторыя прама казалі маім калегам: ну яна ж чат стварыла, што вы яшчэ хочаце. Дэкан пытаў, ці не хачу я сама звольніцца, бо потым будзе лягчэй уладкавацца на працу. Я казала: не, я не хачу, вы хочаце, вы і звальняйце.

Псіхалагічна было цяжка, бо кіраўнікі ціснулі і казалі, каб сыходзіла сама. 21 чысла мяне звольнілі, а 22-га у мяне дзень народзінаў. Людзі выйшлі на пратэст з падтрымкай мяне, і для мяне гэта быў найлепшы падарунак. Я ніколі такога нават уявіць не магла.

Пасля звальнення я ніяк не была звязана з БДУ. Міхась неяк камунікаваў, дапамагаў ствараць незалежны прафсаюз. А я ўжо ні на якое лідарства не прэтэндавала.

Турызм, жыллёвыя кааператывы, валанцёрства і фінансаванне грамадскіх арганізацый. Дзякуючы чаму здарыўся 2020 год

— Вы казалі, што амаль за 20 год сваёй грамадскай дзейнасці ніколі не бачылі столькі актыўных беларусаў, як у 2020-ым. Як лічыце, што гэтаму паспрыяла?

— Гэта камунікатыўны эфект. Людзі, па-першае, практыкавалі аўтаноміі ў нейкіх памерах і набраліся досведу знешніх стасункаў. У 2010-ым, напрыклад, быў добра развіты турызм, шмат хто нармальна паездзіў.

Па-другое, людзі набраліся вопыту стасункаў у сваіх жыллёвых кааператывах. Яны практыкавалі гэта не адзін год, штомесяц праводзячы сустрэчы і абмяркоўваючы трубы, святло і г.д.

Таксама адносна добра развіваліся грамадскія арганізацыі. Увесь грамадскі сектар, усё, што звязана з правамі чалавека, апекаваннем жывёлаў, клопатам пра  пажылых і г.д. — тое ўсё былі грамадскія ініцыятывы. Проста калі людзі гэтага не ведалі, яны думалі, што раз горад паляпшаецца, значыць, дзяржава нешта робіць. Не! Усё пашыралася, і актарамі былі менавіта актывісты.

Таксама валанцёрства, якое з часам станавілася ўстойлівай з’явай. У 2016 годзе ў нас павялічыўся паток валанцёраў, дарэчы, самыя ўстойлівыя з іх былі сем’і з дзецьмі. І гэта быў добры маркер, ужо тады было зразумела, што працэсы пайшлі, — разважае Міхаіл.

Святлана і Міхаіл Волчакі. Фота: Facebook Міхаіла Волчака

— Потым у беларусаў з’явілася магчымасць фінансаваць грамадскія ініцыятывы, якія ім падабаюцца. Былі створаны краўдфандынгавыя платформы, і вось гэты пераход на самафінансаванне грамадства таксама сыграў сваю ролю, бо з гэтай гісторыі выключаецца дзяржава.

Людзі змаглі думаць без дзяржавы, нават дзякуючы ініцыятывам, звязаным з роварамі і птушкамі. Гэта ўсё і назапасілася.

Тых, хто не былі актывістамі, у 2020 годзе проста трыгернула: яны зразумелі, што ім важна, напрыклад, каб выконвалася Канстытуцыя. А зразумелі, бо ўсё роўна нешта чулі ад нейкіх ініцыятыў, праваабаронцаў.

Паўплываў таксама кавід: ён затрымаў людзей у межах краіны, і ўся энергія пайшла ўнутр яе.

Калі паўстала столькі беларусаў, у нас была палёгка: ну, нарэшце! Мы да 2020-га, насамрэч, трохі стаміліся, а тут такая хваля. І мы такія — дзе нашы 20 гадоў?

«Для іх было кепска, што мы не згодныя і жывём у Беларусі». Як заставаліся ў Беларусі да канца 2022-га

— Пасля звальнення я пачала працаваць як рэпетытар па фізіцы, а Міхась, як і раней, коўчам па ангельскай мове, — кажа суразмоўніца «Салідарнасці». —У 2021 годзе да нас зноў прыйшлі: выбілі дзверы на здымнай кватэры ў Мінску, уляцелі з аўтаматамі і шчытамі.

Я была вельмі здзіўленая, падумала: ну, я ж ужо не працую ў БДУ, а яны ўсё — «паролі», «група». Нас з Міхасём затрымлівалі асобна, таму я не ведала, што з ім. Думала, на яго завялі «крыміналку», бо пастанова на вобшук была  на яго імя.

— За ўсе разы, што нас затрымлівалі, мы ніводнага разу не сказалі сілавікам свае паролі ад дэвайсаў, — дапаўняе жонку Міхась. — Яны, канешне, злаваліся, бо звыклі людзей на гэта жорстка раскручваць: выглядае, нібыта цябе могуць забіць, але не даваць паролі ўсё ж такі магчыма.

Пасля другога затрымання Святлане і Міхасю далі содні. Некалькі дзён яны не ведалі адзін пра аднога.

— Калі этапавалі на Жодзіна, назвалі нашы прозвішчы, мы падышлі, і першы раз пабачыліся. Мы былі ў масках з-за кавіду, таму гэта была літаральна сустрэча позіркам. Тады я падумала: раз яго таксама этапуюць, хіба яшчэ не крыміналка.

Думак, чаму нас затрымалі, не было. І толькі ў Жодзіна жанчына мне патлумачыла, што Лукашэнка вось-вось прыязджаў у БДУ, таму нас і зачысцілі.

Пасля гэтага затрымання мы выдалілі тэлеграм і пераехалі жыць на Палессе. Следчыя наведваліся і туды: пыталі, правяралі, ці не мы пішам абразы ў чатах у бок сілавікоў.

У нас не было жадання хавацца: мы не змянялі нумары, у нас была каляровая машына, якую ўсе ведалі. Мы не рабілі нічога палітычнага, але для іх усё роўна было кепска, што мы не згодныя і жывём у Беларусі.

«Вяскоўцы спачатку не верылі ні ўва што, нават што ім дарогу могуць адрамантаваць». Як жылі ў вёсцы, «падымаючы» бабуль і дзядуль

— Калі на глабальным узроўні нас выбілі, што можна рабіць у такіх умовах? Наладжваць масты на гарызантальным узроўні, — кажа Міхаіл. —Мы працавалі,займаліся пчалярствам і спрабавалі падняць мясцовых людзей па розных рэчах, напрыклад, каб адрамантавалі дарогу.

Фота прадстаўлена героямі

— Калі мы казалі, што робім нешта ў рамках універсітэта, мы рабілі гэта таму, што ўніверсітэт — гэта прататып будучага грамадства, універсітэт —палітычны, — дадае яго жонка. — Вось вёска і дарога таксама палітычныя.

Мы пачыналі працаваць з мясцовымі супольнасцямі, каб яны актывізавалі  свае таленты, каб палепшыць інфраструктуру, каб з‘явіўся пешаходны пераход, ляжачы паліцэйскі.

Сярэдні ўзрост нашых сяброў у вёсцы быў 70+. У іх не было ніякага досведу самаарганізацыі для агульнай справы, таму для іх ўсё было дзіўна. Плюс у канве сельскай Беларусі не існуе трэцяга. Існуе толькі дзяржава і нейкі набор людзей, а арганізаванасці — няма.

Нейкія актыўнасці па-за працай у іх уяўленні дзяржаўныя, няма нават ўяўлення, што можна рабіць нешта сваё. Але нешта атрымлівалася— за амаль два гады ў нас паціху наладзіліся збалансаваныя сельскія стасункі, калі выбудоўваецца давер. Мы прыходзілі камусьці дапамагчы, да нас прыходзілі.

Вяскоўцы спачатку не верылі ні ўва што, нават што ім дарогу могуць адрамантаваць. Як бы не было, яны казалі, што так было заўсёды.

Напрыклад, былі ў нас пылавыя буры, ну проста апакаліпсіс, а жыхарка кажа: «Ну, так заўсёды было». Але ж гэта не само так, да гэтага прывяла неправільная гаспадарка, але людзям падаецца, што так заўсёды было і заўсёды будзе.

Таксама вяскоўцы баяліся сказаць, што ў іх у мясцовасці ёсць нешта выбітнае, бо гэта можа быць знішчана. Проста псіхалогія трайнога дна.

Суразмоўцы «Салідарнасці» спрабавалі паказаць сялянам прыклад: супраць пылу сям’я пасадзіла дрэвы.

— Спачатку яны вельмі скептычна ставіліся, не разумелі, што дрэвы могуць абараніць ад пылу. Каштоўнасці дрэваў таксама не было: то маладыя патопчуць, то каровы. У людзей адразу негатыўная ўстаноўка, і гэта культывавана. Але мы неяк дамаўляліся.

За месяц да нашага апошняга затрымання дарогу ўсё ж такі адрамантавалі, дагэтуль яе ніхто не чапаў 20 гадоў. Але ж зноў жа — яны бачылі, як нас зжываюць, што лепш нічога не рабіць.

«Именем родины мы можем делать все, что угодно». Я адказаў — вы можаце мяне забіць». Апошняе затрыманне як апошні званочак

— Трэці раз да нас прыйшлі праз тыдзень пасля таго, як я вярнулася з мерапрыемства ў Малдове— гэта быў кастрычнік 2022-га, — успамінае Святлана.

У гэты дзень Міхась з суседам на сваім аўтамабілі паехалі забіраць брусы, якія памылкова даставілі іншаму чалавеку.

— І тут нас блакуе бус, вылятаюць з аўтаматамі, шчытамі, — распавядае Міхась. — Кшталту такія грозныя, стукаюць у акно, крычаць: вылазь! На мяне апранулі кайданкі, прэсавалі, а суседа адпусцілі.

Калі праходзіў вобшук, я быў у бусіку ў незразумелай позе, а Света ў хаце.

— Мне таксама надзелі кайданкі, пыталі, ці ёсць нешта забароненае, бо ўсё роўна знойдуць, — дадае суразмоўніца. — Спачатку яны былі вельмі агрэсіўныя: пыталі, навошта мы пераехалі жыць у вёску, што знаходзіцца ў 30 кіламетрах ад мяжы з Украінай.

Недзе намагаліся правакаваць: пыталі, ці былі ў плане «Перамога», чаго ў нас няма плоту. Такі гопніцкі жанр: што бачу, аб тым і пяю, «зараз я цябе вось так, і ты ў мяне запяеш вось так», і ўсё ў гэтым родзе, і гэта катаванне таксама грае сваю ролю.

— На трэцюю гадзіну затрымання было ўжо складана. Яны кажуць, што «именем родины могут делать все, что угодно». Я адказаў: вы можаце мяне забіць. Пасля гэтых слоў мне так лёгка стала.

Самае цікавае, што найбольш змрочную ролю ва ўсім гэтым адыграў участковы. Ён таксама часта выбягаў з хаты і намагаўся мяне правакаваць. Ладна АМАП ды іншыя апрычнікі, а вось участковы — ён жа ў вочы людзям вакол глядзіць.

— Ён перабіраў мае рэчы і ўвесь час лаяўся матам, нават амапаўцы так не лаюцца, — пацвярджае Святлана. — Ён усё казаў: «Ой, бл*, у нее эти тетради начинаются и не заканчиваются, я не понимаю».

Падчас ператрусу ў нас забралі кнігі, карціну, прысвечаную студэнцкаму пратэсту, усю тэхніку (у трэці раз!), дзве тысячы еўра. Дарэчы, грошам яны вельмі здзівіліся: «Ого, у замежнай валюце, ай-яй-яй».

Калі яны трохі супакоіліся, я спытала, навошта яны прыйшлі. Адказ быў: напэўна, нешта ты зрабіла, можа, на пратэстах была. То бок самі не ведалі, шлі па загадзе. Ну і потым дадалі: «Мы да такіх, як вы, будзем штогод прыходзіць і правяраць, што вы робіце».

Вось тады і стала зразумела: ты не можаш назапашваць ніякі рэсурс, пакуль знаходзішся ў Беларусі.

— Я пісаў кнігу, але потым паставіў на стоп, — кажа Міхаіл. — Які сэнс, калі з кожным затрыманнем канфіскуюць тэхніку? Ну і ўвогуле, кожны ператрус і затрыманне — гэта страта здароўя, кліентаў на працы, грошай. Для нас гэта быў край: трэці раз прыйшлі і стала зразумела — калі-небудзь гэта будзе крыміналка.

Пасля ператруса Волчакаў асудзілі на содні, па выхадзе яны вырашылі з’ехаць з Беларусі.

Польская вёска, McDonalds, беларуская навука і надзея вярнуцца дадому на Палессе

З’ехаць за мяжу суразмоўнікам было цяжка, бо сілавікі забралі ў іх усе грошы. Праз ранейшыя сувязі сям’і дапамаглі знаёмыя палякі з Варшавы — бясплатна засялілі іх з жывёламі ў адзін са сваіх дамоў у Мазавецкім ваяводстве на першы час. Калі Святлана і Міхаіл троху прыйшлі ў сябе і знайшлі працу, яны знялі дом у вёсцы непадалёк ад Варшавы.

— Тут мы ўбачылі, як беларусы маглі б жыць, калі б ім ніхто не перашкаджаў. Гэта выяўляецца ў простых рэчах — больш утульная і багатая вёска, добрыя платы, у вёсцы ёсць плітка, прыгожыя ліхтарыкі, пачкамат.

«Узровень маіх ведаў адпавядае ведам выкладчыкаў па-за межамі Беларусі»

Зараз Святлана працуе памочнікам выкладчыка фізікі ў прыватным ліцэi, Міхаіл — коўчам па ангельскай мове, але таксама збіраецца ўладкавацца на частковую занятасць у McDonald’s — «каб адпачыць мазгамі».

— Я вельмі рада, бо гэта амаль праца мары. У мяне ёсць магчымасць працаваць з рознымі фізічнымі прыладамі, —кажа Святлана. — У гэтым прыватным ліцэі вучацца па праграме брытанскіх школ, і пасля заканчэння вучні маюць магчымасць паступаць у лепшыя ВНУ свету. Мяне гэта інфармацыя вельмі натхняе, бо разумею, што ўзровень маіх ведаў адпавядае ведам выкладчыкаў па-за межамі Беларусі.

Апроч асноўнай працы, грамадскія актывісты займаюцца навукай: выдаюць беларускамоўны зін «Памылка».

— Я пачала паціху пераходзіць на беларускую мову на працы са студэнтамі ў 2019 годзе. У якасці папулярызацыі фізікі рабіла лекцыі па тэорыі адноснасці, квантавай механіцы. Лічу, што гэта вельмі крута, але, на жаль, не знаходжу, каб хто-небудзь перыядычна рабіў тое ж самае.

Калі я зразумела, што мне няма з кім пагутарыць на беларускай мове пра фізіку, пачала шукаць аднадумцаў. Разам мы высветлілі, што няма ніводнага навуковага часопіса па-беларуску, і таму вырашылі рабіць яго самі. Назапашваць артыкулы пачалі яшчэ ў Беларусі, а выдаваць ужо ў Польшчы.

Чаму мы гэта робім нават тут, у замежжы? Бо я ніколі не ўяўляла свае жыццё не ў Беларусі. Лічу, што беларуская навука мусіць быць на беларускай мове, і калі яе так мала, трэба штосьці рабіць.

Калі выйшаў першы нумар — ён атрымаў водгук, людзі пачалі пісаць, замаўляць. Мы ведаем, што актыўна нас чытаюць навукоўцы і ў Беларусі.

І вось гэты зін — доказ таго, што на беларускай мове можа быць усё, але нам проста не даюць развіваць родную мову на роднай зямлі. Неяк калега ў Беларусі мне сказаў: «Як ты будзеш тлумачыць студэнтам фізіку на беларускай мове? Гэта ж смешна».

Але ж гэта не таму, што смешна, а таму, што кажуць, нібыта на беларускай мове навукі не можа быць. Можа! Наша навуковая мова — жывая.

Задума зіну, дадае Міхась, прасціраецца далей. «Памылка» — гэта не толькі часопіс, але і будаванне супольнасці пад назвай «Вялікі палескі калайдар».

— Мы перакананыя, што пасля ўсіх гэтых катаклізмаў трэба будзе неяк жыць, патрэбна будзе ідэя, якая будзе нас аб‘ядноўваць. Таму вырашылі, што зін — не толькі тое, што будзе сублімаваць беларускую навуку, гэта  стварэнне навуковай супольнасці, каб у будучыні пабудаваць адкрытую дынамічную навуковую супольнасць на Палессі.

Я, напрыклад, удзельнічаю ў зіне па тэме энергетыкі. На мой погляд, сённяшняя вайна адбываецца ў тым ліку за кошт таго, што адна дзяржава можа кантраляваць носьбіты энергіі, а іншыя залежаць ад яе.

Але носьбітаў энергіі вельмі шмат. Мы пачалі разглядаць гравітацыйныя батарэі, якія могуць захопліваць зялёную энергію, гэта ў тым ліку пясчаныя батарэі.

Такім чынам, хочацца, каб супольнасць, якая збярэцца ў Беларусі, пачала выпрацоўку сродкаў назапашвання і захавання энергіі, каб мы перасталі залежаць ад знешніх чыннікаў. І гэта цалкам магчыма.

— Цікава, што ў замежжы вы шмат часу прысвячаеце беларускай тэме, праектам. А якія ў вас планы на будучыню? 

— Мы лічым, што варта рабіць часопіс мінімум гадоў дзесяць, каб пачаліся якія-небудзь змены, — адказвае Святлана. — Мы як грамадства мусім навучыцца планаваць вялікія праекты, якія будуць рэалізаваныя праз некалькі гадоў. І трэба паказваць прыклад, грукацца ва ўсе дзверы і распавядаць пра гэта.

Я вельмі хачу, каб мы павярнуліся ў Беларусь — на Палессе. Паставілі плот, займаліся пчоламі, ладзілі праекты. Гэта ўжо лад жыцця.

— Калі мы гэта працягваем рабіць у рэжыме выжывання ў Польшчы, то ў Беларусі, вядома, таксама будзем, — пагаджаецца Міхаіл. — Гэта ўжо стыхія — яна можа быць небяспечнай і складанай, але ты ёй напаўняешся. І калі напаўняешся не за кошт грошай, мне гэта падабаецца.

Чаму нам навязваецца, што спачатку чалавек павінен стаць на ногі, а пасля ўжо займацца грамадскай дзейнасцю? Можа, піраміда Маслоў ужо неактуальная? А дзе мы будуем дамы, дзе набываем ежу, хто вырошчвае прадукты? Гэта ўсё робяць супольнасці.

Мне падаецца, грамадская дзейнасць і ёсць працэс сумеснага стварэння даху над галавой. І падчас гэтага можна знаходзіць прызнанне, самарэалізоўвацца. Гэта ўжо новая сацыяльная фігура.

— Я часта чую ад людзей, якія з’ехалі з Беларусі: калі будзе дэмакратыя, тады я буду нешта рабіць. Але каб яна была, трэба нешта рабіць кожны дзень. І калі яна наступіла, трэба таксама працягваць кожны дзень.

Не будзе пераключэння: сёння няма (дэмакратыі — С.), заўтра ёсць. Мы робім гэта кожны дзень: робім грамадскую супольнасць, у якой уласна самі хочам жыць. І гэта будуецца паралельна з тым, каб выжыць, — заключае Святлана.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.8(24)