Скандалы
Павел Свярдлоў, «Еўрарадыё»

Сурагатныя маці імкнуцца пазбегнуць падаткаў са сваіх ганарараў

Попыт на іх паслугі з кожным годам расце, а ўзнагароджанні дасягаюць 11 тысяч долараў.

З канца 2006 года больш за 30 беларускіх бацькоў завялі дзяцей з дапамогай сурагатных маці. Для адных гэта стала шчаслівай спробай спазнаць радасць бацькоўства, для іншых — прыбытковым бізнэсам.

Асноўная колькасць дамоваў пра сурагатнае мацярынства ў Беларусі заключаецца ў 1-й Мінскай дзяржаўнай натарыяльнай канторы. 7 іх было ў 2007 годзе, 7 — у 2008-м (з якіх адзін — у Першамайскай натарыяльнай канторы №2). Працягвае загадчыца канторы Святлана Гурыновіч:

"У 2009 годзе было засведчана 11 дамоваў. Усе — у 1-й Мінскай. Сёлета мы ўжо засведчылі тры дамовы. Апошняя — 23 чэрвеня".

1-я Мінская натарыяльная кантора назапасіла вялікі досвед у справах сурагатнага мацярынства, таму генетычныя бацькі з усёй краіны найчасцей звяртаюцца менавіта туды. А вось у Гродне за тры з паловай гады, якія ў Беларусі дазволена сурагатнае мацярынства, не заключана ніводнай такой дамовы. У Магілёве — адна, яшчэ адна — у Оршы.

Па словах Святланы Гурыновіч, на заключэнне дамовы трэба не больш за паўтары гадзіны. Час ад час ў кантору звяртаюцца замежнікі, у асноўным — расіяне. Аднак пакуль што нічым, акрамя кансультацый, ім у Мінску не дапамагаюць.

Святлана Гурыновіч: "У нас па пэўных момантах адрозніваюцца заканадаўствы. Напрыклад, у Расіі ў якасці маці дзіцёнка генетычная маці запісваецца толькі са згоды сурагатнай маці. У Беларусі ж сурагатная маці не мае ніякіх правоў на дзіцёнка. Таму дамоваў з замежнымі бацькамі мы пакуль што не засведчвалі. Толькі выступалі з тлумачэннямі".

Попыт на паслугі сурагатных маці з кожным годам толькі расце. За тое, каб спазнаць радасць бацькоўства, людзі гатовыя плаціць немалыя грошы: па словах спн. Гурыновіч, сума ганарара сурагатнай маці ў Беларусі дасягала 35 мільёнаў рублёў!

Святлана Гурыновіч: "У Беларусі кошт дамовы дасягае 35 мільёнаў рублёў. І гэта ў параўнанні з Расіяй і Ўкраінай няшмат. У Расіі сурагатныя маці бяруць па 50 тысяч долараў, ва Ўкраіне — 35 тысяч долараў. А ў нас апошнім часам пачасціліся выпадкі заключэння бязвыплатных дамоваў".

Гэта пацвярджае і Аксана Каляцень, дырэктарка маладзечанскага ТДА "Сурконсалт", якое аказвае паслугі па юрыдычным суправаджэнні сурагатнага мацярынства з 2007 года. Але прычынай таму — не простая чалавечая бескарыслівасць, а якраз наадварот. Такім чынам жанчыны імкнуцца пазбегнуць падаткаў са сваіх немаленькіх ганарараў! Пра тое, які падатак спаганяецца з сурагатных маці, Еўрарадыё пацікавілася ў падатковай інспекцыі па горадзе Мінску:

Любоў Каўбаска, начальнік аддзела кантроля за падаткаабкладаннем фізасобаў:

"Упершыню нехта нам задае такое пытанне! Калі гэта прыбытак, які сурагатныя маці атрымалі ад фізічных асобаў, дык па стаўцы спаганяецца 12%".

Намесніца начальніка ўпраўлення кантроля за індывідуальнымі прадпрымальнікамі і фізасобамі падатковай інспекцыі па горадзе Мінску Таццяна Казлова выказала іншы погляд на сітуацыю.

Таццяна Казлова: "Наўрад ці гэта мае дачыненне да падаткаабкладання. Бо прыбытак да 500 базавых велічыняў за год, атрыманы ад фізасобаў, не падпадае пад падаткаабкладанне. Гэта 17 мільёнаў 500 тысяч рублёў".

Як жа быць з максімальным ганарарам у 35 мільёнаў? Паводле слоў спн. Казловай, выйсце вельмі простае. Цяжарнасць, якая пачалася, напрыклад, у кастрычніку, а скончылася ў ліпені, дазваляе раскласці суму ганарару на два каляндарныя гады. Па 17 мільёнаў 500 тысяч рублёў у кожным.

Аднак Аксана Каляцень узяла бок спн. Каўбаскі.

Аксана Каляцень: "Я вам раскажу, як бывае ў жыцці. Генетычныя бацькі пералічаюць грошы на рахунак сурагатнай маці. Тады падатковая іх заўважае і пачынае пытацца: а адкуль яны? А яны пералічаныя на падставе дамовы пра сурагатнае мацярынства. Ага, кажа падатковая, а чаму нам падаткаў не заплацілі?"

З 35 мільёнаў узнагароды сурагатная маці павінна будзе заплаціць падаткамі 4 мільёны 200 тысяч рублёў, ці амаль 1400 долараў. Не такая ўжо маленькая сума!

Але гэта дробязь у параўнанні з тым, колькі рэальна каштуе займець дзіця з дапамогай сурагатнай маці. Акрамя ўзнагароды ёсць штомесячнае ўтрыманне сурагатнай маці падчас цяжарнасці — прыкладна $300 за месяц. Плюс паслугі па юрыдычным суправаджэнні пацягнуць на 6-7 мільёнаў рублёў. І медыцынскія выдаткі. Па словах Аксаны Каляцень, далёка не ў кожнай сямейнай пары працэдура экстракарпаральнага апладнення атрымліваецца з першага разу.

Аксана Каляцень: "Самая вялікая праблема ў тым, што вельмі складана пачаць цяжарнасць. Здаровая сурагатная маці, усё ў яе добра, дактары даюць дазвол, але з другой, трэцяй, пятай спробы яна ўсё роўна не пачынаецца".

Ні падаткі, ні медыцынскія складанасці сурагатных маці не пужаюць. Інтэрнэт-форумы для бацькоў поўняцца іх прапановамі. Святлана Гурыновіч кажа, што некаторыя жанчыны "пайшлі на другі круг" і заключылі з генетычнымі бацькамі ўжо другую дамову:

Святлана Гурыновіч: "У нас сёння ёсць выпадкі, калі сурагатная маці ідзе па другім крузе, і так зарабляе грошы, хаця мае сваіх дваіх дзяцей. Гэта яе заробак".

Па словах Аксаны Каляцень, у праграму сурагатных маці бяруць толькі праз тры гады пасля апошняй цяжарнасці. Калі так, дык у першых беларускіх сурагатных маці зараз толькі-толькі з'явілася магчымасць яшчэ раз зацяжарыць за грошы. 9 месяцаў з чужым дзіцёнкам у жываце за 35 мільёнаў рублёў. Ці варты такі бізнэс таго, што ты не зможаш надаваць дастаткова ўвагі ўласным дзецям?

Пакуль што беларускія сурагатныя маці адказваюць "так".

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)