Спорт
Міхаіл Мірановіч

Суперкамбэк «Цмокаў» у еўракубку: пасля трох параз – тры перамогі і выхад у плэй-офф

7 лютага скончыўся групавы раўнд Кубка ФІБА. Мінскія «Цмокі» трапілі ў плэй-офф з вялікімі прыгодамі.

Фота bc-tsmoki.by

Пачыналася ўсё надзвычай кепска. На сваёй пляцоўцы «Цмокі» крыўдна саступілі «Бакен Беарз» – 85:86. Потым быў зусім нечаканы разгром у Венгрыі ад «Сольнакаў» – 45:79. І, нарэшце, мінскі клуб саступіў у Чарнагорыі тамтэйшаму «Морнару» – 76:83.

Здавалася, пасля гэтага шансы заняць хаця б другое месца ў групе і выйсці ў плэй-офф амаль згубленыя. А падчас гульні ў Даніі нават тэарэтычная магчымасць трапіць у 1/8 фінала Кубка ФІБА ледзь не была страчаная. Падчас другога перыяду «Цмокі» «гарэлі» – 19:34.

Але раптам усё перамянілася. «Драконы» прачнуліся і літаральна спапялілі «мядзведзяў» – 96:75.

Потым на хатняй пляцоўцы «Цмокі» ўзялі рэванш у «Сольнакаў» – 86:61, а ў вырашальнай гульні літаральна паглуміліся над «Морнарам» – 84:45. Звышвалявы рывок мінскага клуба дазволіў яму зрабіць суперкамбэк, якога гісторыя Кубка ФІБА яшчэ не ведала.

Выніковая табліца нашай групы выглядае так:

1. Бакен Беарз – 10

2. Цмокі – 9

3. Морнар – 9

4. Сольнакі – 8

8 лютага адбылося лёсаванне 1/8 фінала кубка ФІБА. На гэтай стадыі «Цмокі» пазмагаюцца з італьянскім «Авеліна», які заняў трэцяе месца ў рэгулярным чэмпіянаце сваёй краіны 2016/17. Першы матч пройдзе 7 сакавіка на Апенінах, а гульня ў адказ адбудзецца праз тыдзень у Мінску.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)